Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

– - І хай сабе! Як выпрастаюцца, дык лаўчэй будзе і жменяй скубсці, і па каліўцу шморгаць.

– - Прафесар, трымайцеся,-- залямантаваў я ў адказ.

Ледзьве паспеў. Злавіў прафесара ўжо ля самай падлогі і то адно таму, што добра натрэніраваны нахіляцца.

Аднёс прафесара ў ложак, а сам пайшоў.

Іду па вуліцы і разважаю: ад вялікага сораму да пыхлівага гонару адзін крок.

Як у ваду глядзеў.

Неўзабаве абганяе мяне адзін з тых, надта сарамлівых.

– - Куды,-- пытаюся, -- бяжыш?

А ён, з падскокам, адказвае:

– - Бягу крычаць: злазь з даху, не псуй гонты.

Я подбегам услед. Ногі віруюць, а галава вярэдзіць: ну куды ты, дурань, прэшся, што там, грошы за дзякуй даюць?

Выбягаю да Палацу і аж вачам не веру. Столькі народу на пляц убілася, што і вужака паміж ног не праслізне. Ніколі не думаў, што ў нас такая процьма сарамлівых. І ўсе, як адзін, на Палац пазадзіралі галовы.

Бачыш ты іх, не паспелі выпрастацца, як вунь куды галовы пазадзіралі…

І равуць у адно горла:

– - Злазь з даху, не псуй гонты.

– - А што, не злазіць? – пытаюся у бліжэйшага з сарамлівых.

– - Учапіўся, што той клешч.

– - Кляшчу, пакуль запалкай не прыпячэш, не адпусціць,-- міжволі ўспомніў я.

– - Якія запалкі? Мы культурны народ, у нас тысячагадовая гісторыя!

– -Дык чаго енчыць, калі гісторыя. Ён жа на даху сядзіць, а не на карку…

І яшчэ хацеў нешта сказаць, але часу не хапіла, бо міліцэйскія штыхі ўжо рассякалі пляц. Я, натуральна, на ўцёкі, ды дзе там. Выперазалі, што мае быць. Вярнуўся да хаты злосны, як не ў пару разбуджаны чмель. Халера іх пабяры гэтых французаў, думаю. Калісьці панавыдумлялі абы чаго, а нашыя сарамліўцы цяпер пра тое ўспомнілі і баламуцяць народ дыскусіямі. Ад сораму яшчэ ніхто ніколі не паміраў, а з дыскусіі часам такое пачыналася, ад чаго потым не адзін дыскутант уласным языком душыўся…

Зрэшты, чаго злавацца на французаў? Хіба я без іх не ведаў, што калі ў дзяцінстве бацька па срацы мала лупцаваў, дык потым міліцыянт абавязкова па спіне аддубасіць!

Вялікі вэрхал

Апошнім часам мы неяк забыліся на Бога і таму лічылі, што вышэй за Маскву нікога няма. Дарэмна так лічылі. У вербную нядзелю саслізнулі з бліжэйшай аблачыны два анёлкі і перадалі нам цыдулку. Усё, што там было напісана, я пераказваць не буду, але справу патлумачу.

Рэч у тым, што Бог вырашыў, каб далей мы з уласнага розуму жылі і самі вылучалі, каго з нябожчыкаў у пекла накіроўваць, а каго ў іншыя месцы. А як заўпарцімся, дык умомант настане канец свету.

На халеру нам здаўся лішні клопат! Аднак што тут паробіш? Бога і кругаля не абмінеш! Таму давялося адразу склікаць сход з усіх, хто апынуўся пад рукой.

– - Увага,-- кажам.-- Раней мы ў Масквы пыталіся, з якой нагі нам чаравікі абуваць, а тут з неба такая ўлада звалілася, якой і Масква ніколі не мела. Цяпер мы самі мусім выпраўляць нябожчыкаў і ў рай, і ў апраметную. Толькі пакуль невядома каго куды? Таму давайце свае крытэрыі і прапановы.

Здаецца яшчэ нічога такога не здарылася, а народ знямеў, быццам яго лёдам прыхапіла. Ужо і сонца на дол пахілілася, а каб хто хоць слова. Добра, што нейкі дзядок у кажуху выратаваў:

– - У мяне парсюк не кормлены,-- кажа.-- А наконт мерцвякоў, дык іх трэба праз вушка голкі працягваць. Хто не пралезе, таго ў пекла. Так у старых кніжках напісана.

Дзядок вышкраб з-пад каўнера кажуха голку і сунуў галаву ў вушка. Галава пралезла, а далей не атрымалася.

– -Да свайго часу я яшчэ ўсохну,-- запэўніў ён грамаду і пашыбаваў карміць парсюка.

– - Я з вамі не згодны,-- запыніў дзядка прафесар з Гародні.-- Мне таксама даводзілася старыя кніжкі чытаць і там зусім іншае напісана. А менавіта: хутчэй вярблюд пралезе ў вушка голкі, чым багацей ў рай.

Не паспеў прафесар сесці на лаўку, як побач з ім ускочыў незнаёмы мне чалавек. Апрануты багата, а лямантуе, як голы.

– - Людзі,-- крычыць,-- не слухайце яго. Які дурань тады грошы стане зарабляць? А без грошай мы зусім у галечы змарнеем.

– - Галоўнае не грошы, а гонар,-- стрымана заўважыў.вайсковец,-- Хто за абарону Масквы загіне, таго без чаргі ў рай.

Вайскоўца падтрымала колькі ветэранаў.

– - Як трэба сябе не паважаць, -- казалі яны,--каб хоць на хвіліну паверыць, быццам ёсць нехта вышэйшы за Маскву. Таму мы прапануем на месцы адно складваць спісы і адпаведныя рэкамендацыі, а пасля Масква хай сама вырашае: каго куды.

Нарэшце! Я ўжо цыгарэты ў кішэні намацаў, а той дзядок у кажуху нават паспеў за дзверы выскачыць, але тут…

Ёсць у нас тут адзін такі, надта разумны.

– - Вы што,-- кажа,-- зусім з глузду з’ехалі. Масква нас усіх у апраметную сплануе, а на тыя утульныя месцы, што нам у спадчыну належаць, сваіх пасадзіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: