Вход/Регистрация
Літары ў расе
вернуться

Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч

Шрифт:

ДАРОГІ I СУСТРЭЧЫ

Мне раніцу ліловую Ускінуць бы на плечы! Тады знайду я новыя Дарогі i сустрэчы. I на шляху з прываламі Бацькоўскі дом узвесню,— Каб гулкія, трывалыя Укласці словы ў песню. Дзе словы нараджаюцца? Пра што яны вяшчуюць? Па мураве качаюцца, Размову продкаў чуюць. I кожнаю былінкаю Гучаць на Беларусі. З Радзімаю-Крывінкаю Я песняю зрастуся!

З кнігі «Вясёлы коўш». Вершы і казкі. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі А. Вольскі, I. Гімпель. Серыя «Школьная бібліятэка».

СВІСЛАЧ — МАЦІ НЯМІГІ

Зоркі з неба ападалі ў скрусе: лёс Нямігі ўспомніла рака... Адвяла ад гнеўнай Беларусі меч варожы мужная рука. Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце. Прамаўляе Свіслач грамадзе: — Зоркі па-над Мінскам сцеражыце, беражыце знічкі у вадзе! Ты Мянеска мельніцу круціла. Стронгу гадавала ты ў віры... Да Купалы берагам гасцінным тут ішлі вясёлыя сябры. I не раз у веснім паўнаводдзі крыгаломамі буяла ты. Дваццаць першы век ужо наводзіць над табою гонкія масты. Да цябе вяду, як да сястрыцы, з новымі падзеямі гады,— каб Дзяржава помніла крыніцы летапіснай, векавой вады. Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце. Прамаўляе Свіслач грамадзе: — Зоркі па-над Мінскам беражыце, сцеражыце знічкі у вадзе!

З кнігі «Бярозка». Вершы, апавяданні, эсэ. Мінск. «Мастацкая літаратура». 2003 г. Укладальнік У. Мароз.

Зверху - сонца. Знізу - зёлка. Паяднала ix Вясёлка.

ВЯСЁЛКА

Пасля дажджу смяецца зёлка, бо навальніца не грыміць. Над галавой вісіць вясёлка i так лагодна просіць піць. Ёй i крынічка заспявала: трымцяць вясёлыя кругі. ...Мяне вясёлка уздымала i мной злучала берагі. Сказаў вясёлцы: — Калі ласка! I мне дай радасці глыток, бо ты — Айчыны апаяска, а я — Радзімы завіток.

ВЯСНА

Пераступіў парог — у хаце як у лесе: вясна у вочы лезе. Зіме перапалох. Клявала нас у нос i выла на начлезе. Вясна у вочы лезе. Бывай, густы мароз! Парог пераступлю, скажу сястры Алесе: — Вясна у вочы лезе, бо я вясну люблю. Залезе на руку — вазьму яе на плечы. I сцягам затрапеча вясна ў сакавіку!

У РУКАХ БАРБАРЫ – ДОЖДЖЫК

Зверху — сонца. Знізу — зёлка. Паяднала ix вясёлка. Колькі у вясёлкі дужак, — столькі ж у Барбары стужак. Гэта значыць, што Барбара сёння для вясёлкі - пара! Той, хто палівае зёлку, сам падобны на вясёлку.

ГАЛІНКА

Павярнуўся да Галінкі: — Рукі у цябе — галінкі. Не махай рукамі, годзе: каля носа вецер ходзіць. Лепш далонькай правядзі па шчацэ маёй. Глядзі — чырванее... Ты, сястрыца, веру, будзеш чараўніцай! Свецяцца іскрынкі у вачах Галінкі. Хай галінкі веснія зачаруюць песнямі!

ЗАВУШНІЦЫ

У Міланькі-вучаніцы зоркі дзве, як дзве сястрыцы завушніцы. Вам усім не надзівіцца. Не спрабуйце вы ўчапіцца ў завушніцы. Каралеўна-чараўніца вам аддаць не пагадзіцца завушніцы. Будуць радаваць, іскрыцца у Міланькі завушніцы — бліскавіцы. Хто ix носіць — не баіцца, бо й вясёлка-таямніца — неба завушніца.

ПЕВЕНЬ-ГАРЛАПАН

Золак. Певень-гарлапан на шастку сядзіць як Пан. Прэ з яго гардыня. Кукарэкне першы раз — крэкне гаспадыня. Гаспадар, нібы той вожык, растрасе санлівы ложак, дакранецца веніка — супакоіць Пеўніка. Толькі ж Певень лайдаку клюне ў сонную руку. Кукарэкне так, дурніца, што абвісне аканіца. Сонца ў небе разгарыцца ад яго ку-ка-рэ-ку! Вёска наша не сталіца. Кожны рады сваяку... Квохкае курыца, цецярук такуе, шэрая зязюля у бары кукуе.

ФІЛІН ФІЛЬКА

Філін Філь замест малін любіць а-цы-да-філін. Лес глухі — свой родны дом — памяняў на гастраном. Філь глядзіць на ношу нашу: у «Кефір», ці «Сыраквашу» толькі дзюбай дзеўбане: вітаміны ёсць на дне? — Дайце а-цы-да-філіну мне! Чуем Фількі смелы кліч. Ён разумны, лекар Сыч. Медсястра ў яго — Сава: з мудрай дзюбай галава. Прастуджуся, — дзесяць ложак дайце ацыдафіліну ў ложак. I Сыча паклікаць варта: будзе ля пасцелі варта. З ім, здаровы, перад сном палячу у гастраном.

ПРЫГОДЫ МАМАНЦІКА

Маманцік паклікаў маму: захацеў наведаць краму, каб купіць там парасон. Уваліўся ў краму Слон. I калі ён павярнуўся, — парасон перавярнуўся, вентылятар загудзеў... — Мамачка, я паляцеў! Цэлы дзень шукала мама, дзе сынок яе, дзе крама. Прадавец меў даўні вопыт: затрубіў Слану у хобат, — парасон з нябёсаў строс, выцер Маманціку нос. Парасон той — не лавушка i не цацка на сезон. Той касмічны парасон прылажылі мы да вушка: Маманціку самы раз, каб схаваць свой нос ад нас i ад ліўня-плывуна, i няўклюднага Слана.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: