Вход/Регистрация
Літары ў расе
вернуться

Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч

Шрифт:

СУМОЎЕ

Той, хто востры на язык, чэша ім, «язычнік»: трэпле, круціць кожны зык, абгрызае клічнік. A пытальнік не ўкусіць — на ілбе закрутка: i таму язык сіпіць, i не ходзіць гнутка. Я кажу: той гаваркі, хто не распускае свой язык, а да ракі дружбакоў склікае — у сумоўі растапіць пырскаўку-ільдзіну... ... Языком аб зубы біць нельга й кракадзілу.

ПАЧЦІВЫ ПАКЛОН

Марсіянін на экзамен апрануў камбінезон. Сумны ён: — Глядзіце самі — не вяеенні ў нас сезон. Знік азон. Пусты газон. Адказаць на ўсе пытанні мне падкажуць Марса здані i мой друг-абарыген. Вунь стаіць як манекен. Здаў экзамен Марсіянін. На чырвоныя сеў сані. I пакуль не знік спартсмен, даў дыплому наўзамен кветку ў рэверансе. Школа ўся — у трансе: Ёсць жыццё на Mapce!

МЯККІ ЗНАК

Наб'е гузак мне мяккі знак? Не! Ён мовы нашай вечнік. Вазьму я кніжкі у рукзак, па-нашаму — ў заплечнік. I лёгка ў школу пабягу, зноў пасябрую з Віктарам i Яне памагчы змагу... Я сам — як мяккі знак між літарак.

«КЛАСІК»

Школьны клас нібы Парнас: кожны вершы піша. Лепшы ў класе «класік» наш безумоўна Міша. Сачыніў радкі пра лес, пра вясёлы хвойнік... Смела на Парнас палез наш прыкольны школьнік. Стаўлю я паметку «плюс» вершам летуценніка. Мішу я прыму ў Саюз Будучых Пісьменнікаў.

КАБ РАІЛІСЯ РАІ...

Скончыш Тыдзень роднай мовы, не стварай ёй маўзалей. Святкаваць ты будзь гатовы стовяковы юбілей. Продкі-пісары змаглі ставіць кропачкі над «і», — каб раіліся раі... Мова ў нас — не накідала: рэха з глыбіні падзей. Слова стаў да п'едэстала, — каб зямля маліцца стала так, як Бог вучыў людзей.

БУДЗЬМА!

Я ад радасці світаю, пры сустрэчы вас вітаю — шчырую сям'ю сяброў! Слухай, змена маладая: мова родная — святая, — пагаворым пра Любоў. Богам дадзена Айчына. Адвярнуцца немагчыма ад прадоннага агня. Кожны з вас вячысты, зычны. Мацярык наш гістарычны не абдыме цішыня. Скажам «Будзьма!», каб Радзіма мела залаты запас. Есць у Бацькаўшчыны дзіва: дзіва — кожны з вас!

Паслужым Бацькаўшчыне промнем радасці

ДРУЖБІСТАЯ БЕЛАРУСЬ

Раскрываю я душу: — Свэйкі! — клікну латышу. — Ачю! — выгукну літоўцу: хай парадуецца слоўцу. —Пшыязьнь... — Мой пароль паляку i «Сто лят!» яму ў падзяку. Хто братунь мой? Украінец. Разам з ім i я шчаслівец. Рускага аклікну: — Друг! — i ствару сяброўства круг. Словамі-маністамі кожнага прывецім. Беларусь — дружбістая: ведайце, суседзі!

СТАРТЫ — АД ПАРТЫ

Уваходзьце ў светлы клас, вы — не малалеткі. Сто пісьменнікаў для вас падарылі кветкі: гэта вершы, абразкі, байкі, небыліцы. прыбабунек завіткі хочуць падражніца. I лічылка знойдзе вас, прымаўка пацешыць. Хто закончыць мудры клас, сам напіша вершы, дзе загадкі загучаць, заклічкі, дражнілкі, хітрыя бубнілкі, перайначкі, жарты... А хто будзе варты, таго ў школе вывучаць будуць, як i Маўра, Вітку, Коласа, Гурло, Куляшова i Буйло... Першы з ix — Купала. Класікаў нямала! Стаў Скарына на крыло — Беларусь паўстала.

ХРАМ СТАІЦЬ НА КРУЦІЗНЕ

На прасторах за Сахарай піраміды вострыя. Набягуць турыстаў хмары, — фараон у постраху. Там i людзі, i вярблюды ладзяць дэкарацыі... ... Напісаў i я эцюды з ix цывілізацыі. Сам вярблюдзікам хадзіў з рукзаком-заплечнікам. Толькі доўга не блудзіў: родны Полацк абудзіў, — стаў яго падсвечнікам. Я заплечнік развяжу: акварэлі — золата! Еўфрасінню пакажу, Рагвалода-волата. Вось Дзвіна — ярчэй як Ніл! Бераг любіць люцікі... Упляліся ў небасхіл астравы-вярблюдзікі. Храм стаіць на круцізне. Пакланіся грацыі! Фараон засне на дне, i Дзвіна — ускалыхне німбы нашай нацыі.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: