Астравец Сяргей
Шрифт:
Яны таксама ў 1920-м, хто чакаў да канца, узважвалі, круцілі ў руках, прыкладалі да вуха нібы марскую ракавіну, прыглядаліся да задумы, магчымасці эміграцыі — наколькі пэўная, наколькі лагічная, надзейная, якая няўмольна ператваралася ў пільную патрэбу, у непазбежнасць, у абавязкова кончае самаратаванне. Чым хутчэй ратаваць ногі, каб захаваць галаву. Гэх! Нічога такога Фабіян, аднак, сёння не адчуваў. Ён мог і павінен быў вярнуцца, яму канкрэтна пакуль нішто не пагражала, а вось яны тады, у 1920-м, такога лёсу не мелі, яны вярнуцца назад не маглі, яны маглі толькі ўцячы, выкарыстаць апошні шанц.
Памяць тут, як і ў фабіянавых мясцінах, заставалася ідэалагічным паняццем. Падручнікі гісторыі — нібы газетныя сшыўкі, з якіх павырэзвалі мноства артыкулаў. Ніякіх помнікаў, ніякага напаміну пра Вялікі зыход з абдоймаў егіпецкага палону, нявольніцтва. Толькі растыражаваныя канвеерныя манументы пераможцаў. Фабіян заплюшчвае вочы: на вуліцах, плошчах, на прычале ў порце пакінутая баявая тэхніка, зброя, рыштунак. Сухапутныя ўзбраенні, якія немагчыма было забраць, захаваць, не толькі з увагі на пасажыраў, перагружанасць, на курс ў чужую краіну і проста бессэнсоўнасць, яна страціла патрэбу, яшчэ ўчора каштоўная, на вагу золата, вайсковая бранявая тэхніка, цяжкія гарматы, нават аэрапланы, нібыта прыдатныя для ўцёкаў, ніякай карысці, далёка не заляціш, пад табой мора. Жалеза, якое астыла…
Крымскія горы і даліны надоўга апанавалі чырвоныя. Дэмбельскія альбомы. Цэлае фотафальклорнае радовішча на тэрыторыі колішняе дзяржавы ў дзяржаве. Апроч дурноты, плюганіны і кітчу, сама аснова не выклікала ў шэраговага Фабіяна грэблівасці. Экскурсіі — генуэзская крэпасць і гэтак далей. Пальмы, кіпарысы. Нават акторкі з кіначасопіса ў якасці аздобы. Ветразі, яхты. Беласнежныя лайнеры. Нібы-антычныя калоны. Супер-фота: яны ўзводна ў масоўцы на здымках севастопальскай абароны. Ад англа-французскіх інтэрвентаў. Незвычайнае адчуванне сябе не проста не ў сваёй вопратцы, а — царскім жаўнерам. На архаічнай вайне, у іншым жыцці, эпосе, у надзвычайных абставінах, з думкамі прапрадзедаў, іхнімі патрэбамі і ўяўленнямі пра свет і сябе ў ім. Хаця, напэўна, браты па зброі ягоныя ні над чым падобным не задумваліся. Прасцей кажучы, не ўскладнялі сабе жыцця.
Звальненні былі экзатычнымі экскурсіямі. Уражанні нагадвалі саган з усходнімі пернасцямі. Аднойчы пра янычараў пачаў пісаць. Зрэшты, не атрымалася. Што ён тады пра іх мог ведаць? Толькі што гвардыя, целаахоўнікі султанаў і пашаў. Адданыя і жорсткія, ваяўнічыя і бязлітасныя. Элітныя аддзелы турэцкага войска. Пра сапраўдны змест з’явы, пра янычарства бадай тады шэраговы Фабіян не здагадваўся. Яны цікавілі сваёй экзотыкай. А крымскія санеты? Загадкавыя каменныя гарады, недаступныя — на вяршыні гары. Як тыя сярэдневечныя замкі, але — цэлыя гарады. Высечаныя ў скалах на вышыні кляштары пачатковых хрысціян, калі яшчэ не падзяляліся на асобныя канфесіі. Хаця над апошнім фактам ён тады не мог задумвацца. Ды само неба начное было адметным. Як цёмна-сіняе покрыва з залатым зорным сяйвом. З тысячы ды адной ночы…
Не магло не прыгнятаць адно — груды смецця. Сабіну і Фабіяна яны вельмі раздражнялі. Пры Ўрангелі, у ранейшыя часы не магло быць так, здавалася ім. Тады прыбіральшчыкі не круцілі носам, не разважалі — колькі павінна каштаваць прыбіранне смецця, быццам гэта моцна кваліфікаваная праца. Засмецілі рай, занядбалі, засралі, трэба быць шчырымі. Забудавалі хрушчоўкамі, шпакоўнямі, складамі, казармамі, нагрувасцілі. Тут кожны дом павінен быў будавацца інакш, як было калісьці, пакуль рай не пакінулі, ратуючыся ад пагоні вяршкі грамадства, думалася Фабіяну.
Але, не зважаючы на пляжы і віно, паўвостраў, не шкадуючы лішне, зрабілі бочкай з порахам. Якое супадзенне: ваенных будаўнікоў вучылі менавіта ў райскай краіне, славэтны будбат. Яны практыкаваліся сярод пальмаў і вінаграднікаў. Цэлае вучылішча — каб будаваць ракетныя шахты, сховішчы для ядзерных боегаловак, бункеры, камандныя пункты, базы падлодак, докі, аэрадромы. Па дапамогу выклікалі шахцёраў, прыцягвалі макшэйдэраў, метрабудаўнікоў. У райскія шаты! Яны ўпарта дзяўблі горы, бурылі іх, бязлітасна свідравалі, пракладалі сакрэтныя тунэлі. Сёння — гіганцкая, але шкодная, увогуле марная для райскага кутка праца, як падземныя заводы фюрэра. На хрушчоўках будбат адпачываў, у напаўп’яным стане вядома. Салдаты пасля заканчэння тэрміну не хацелі на дэмбель. Іх вучылі будаваць падземныя аб’екты, умацаванні, капаніры, ангары, штабы, казармы, астатняе — як атрымаецца. І яны не маглі ўжо будаваць як трэба, ды не ў райскіх лясах, ды без мадэры, на якую ў салдата будбата заўсёды былі грошы. Навокал недакончаныя санаторыі, вілы, дамы адпачынку, асобна — падмуркі атамнай станцыі, рай не паспелі перарабіць цалкам па-свойму.
Фабіян аднойчы трапіў на кэпэ глаўкама, ля самага мора. Будаўніцтва завяршалася: басейн, бункер, вінны склеп, афіцэрская рэстарацыя, ён усяго не бачыў, але здзівіла, што абшалявалі знутры дошчачкай без сучка, сібірская ліствіца, казалі хлопцы. Выглядала вельмі шыкоўна. У казарме ён пачаў сачыняць пра яблыкі Траянскага каня. Яго прывозяць цішком, уначы, выстаўляюць на прычал і невядомы карабель знікае. Гіпнатычны вобраз. Але гэта не запечаная качка з яблыкамі. Вантробы небяспечныя. Траянскі конь з трупамі? З гадамі, скарпіёнамі? Не, хутчэй у ім трупы памерлых ад чумы. Якісьці сумбур, няздольнасць будаваць празаічны твор. Фабіяна паслалі ў нарад, дапісаць ніколі не атрымалася.
Але думкі пра Крым, яны неадчэпныя. Як стварыўся рай? Адарваўся кавалак, як ад той Гандваны, прывандраваў на поўнач? Ці адламіўся, адсунуўся ад паўночнага берага, утварыўшы невялікае плыткае мора? Гэта што датычыць самой зямлі. А экзатычныя пальмы? Занесла шчодрай жменяй насенне, раскідала ля мора. Ветрам, які затрымалі горы. Па-за імі, на поўначы засталіся руды стэп, спякотнае сонца, сухмень, салёныя азёры, саланчакі. А калі Бог стварыў яго, скажам, дзеля адпачынку працоўных, як атрымліваецца? Перш, народных камісараў, працаўнікоў цэка, саўдэпаў, камбедаў, абкамаў-рэўкамаў, чырвоных маршалаў. Творчых сілаў сацрэалізму, ідэалагічных кадраў, чырвонай прафесуры. Для іх таксама: перадавікоў працы, стаханаўцаў, стотысячніц. Для герояў бітвы за ўраджай, сталевараў-ударнікаў, адважнікаў вялікіх сталінскіх будоўляў камунізму. Для “будзь гатоў к труду і абароне”, варашылаўскіх стралкоў, для іх — ахоўнікаў бязмежнага ГУЛАГу.