Вход/Регистрация
Райскія яблычкі
вернуться

Астравец Сяргей

Шрифт:

Час зацягнуўся. Ажно нарэшце завадатар з нетраў пастарунка паведаміў па мабільным тэлефоне (музычны званок чула ўся вуліца), што яго паабяцалі неўзабаве выпусціць. Натхнёная публіка знянацку пачала скандзіраваць прозвішча завадатара. Нават шыбы затрымцелі. Сустрэлі яго радасна-стыхійным пераможным галёканнем. Два грузавікі спецвойскаў, якія напагатове грэліся ў пастарунку, атрымалі адбой і каманду ў сталоўку.

Назаўтра на пляцы каля статуі начальства задавальняла гурманскія патрэбы жыхароў. Пляц кірмашаваў. Страйкуюць рынкі? Няхай людзі купяць ежы на мітынговым месцы. Лепей есці, закусваць, адпачываць, чымсьці бунтаваць. Учорашні мітынговы дзень надарыўся сцюдзёны, вятрысты, шэры. Цяпер з апошняе восеньскае сілы грэла, цешыла сонейка, нібы ўлады разагналі хмары. Часовыя вулічныя шынкі былі зроблены з фальклорнымі падворкамі — з вясковымі платамі і збанамі зверху, з вялізнымі гарбузамі, кашамі з бульбай і буракамі. Са сланечнікамі толькі з гарода. З лавамі, на якіх уладкаваны натуральных памераў лялькі вяскоўцаў. З кавунамі замест галоваў. Гарманісты гралі прыпеўкі і кадрылі. Народ піў гарэлку ды піва, закусваў піражкамі і кулябякамі. Шынкі і вяндліны, смажаніна смачна кідаліся у вочы. Па кірмашы хадзіў, ацэньваючы — ці добра весяліцца публіка, учорашні начальнік з мегафонам у руках перад мітынгоўшчыкамі. Ты пасміхнуўся сам сабе, ледзьве не сутыкнуўшыся з ім. Яго твар, здаецца, не змяніў напружанасці за дваццаць чатыры гадзіны…

Праз дзень ці два вы сядзелі ў машыне на ростанях, ты і твае візаві — Алекс і Вальдэмар, старыя аматары рок-н-рола. Ззаду стаялі яшчэ некалькі машын. Чакалі амерыканцаў. На вуліцы халадэча, таму грэліся. Слухалі рок-дыназаўраў. Чакалі іншыя, вы хутчэй атрымалі сабе ролю назіральнікаў. Вы слухалі старыя мелодыі, час-часам абмяркоўваючы выканаўцаў. Сціслыя меркаванні на іхні конт, успаміны, звязаныя з маладосцю, калі слухаць такую музыку было амаль злачынствам лёгкай ступені цяжкасці.

Вялікі магутны аўтамабіль — сама моц, хуткасць — імкліва наблізіўся і рэзка спыніўся. Вонкі выбраліся замежнікі ў акулярах. Дэлегацыя з бацюшкам на чале, з абразом, з пірагом і букетамі рушыла да іх. Вы з цікаўнасцю назіралі. Бацюшка гаварыў прамову. Госці частаваліся, затым з іх счышчалі цукровую пудру. Вецер! “Замест хлеба з соллю яны пірог салодкі паднеслі”, — даволі скептычна пракаментаваў Алекс. “Увогуле гэта ўсё занадта. Навошта каравай, навошта кветкі? — азваўся Вальдэмар. — Дый абраз навошта з ручніком?”

Бацюшка падышоў да вас і растлумачыў свой план. Амерыканцы паедуць наперадзе, іх, як дыпламатаў, павінны прапусціць у мястэчка, да падмуркаў бацюшкавай царквы, якую перашкодзілі будаваць. А за імі прарвемся ўсе мы, — падсумаваў ён. Алекс, апусціўшы шыбу, выслухаў яго і асцюдзіў: нават калі нас прапусцяць, што вельмі сумнеўна, потым усіх паасобку конча аштрафуюць. А падтрымліваць рэжым штрафамі супярэчыць нашаму жаданню. Дый амерыканцаў могуць не прапусціць, — і дадаў. — Яны ўсё могуць.

Вы счакалі, каб не апынуцца сярод удзельнікаў — у калоне. Каб заставацца назіральнікамі. Дарога ляжала ўздоўж мястэчка. Усе ўезды вартавалі міліцыя і вайскоўцы. Любую калюжную вулічку. Вы не хавалі іранічнага захаплення… Бацюшка, чарнеючы расай, жэстыкуляваў, штось тлумачачы ахове. Калона рассыпалася. Машына дыпламатаў стаяла каля будкі дарожнага паста. Уезд на цэнтральную сядзібу калгаса вартавалі быццам браму сакрэтнага аб’екта.

Важданіна цягнулася вельмі доўга. Вы назіралі з адлегласці. Амерыканец нервова хадзіў вакол і размаўляў па спадарожнікавым тэлефоне. Каля вас спынілася машына, поўная мужчын. Яшчэ дзве стаялі абапал уезда ў мястэчка. Пазней выявілася, што гэта адна каманда. Машына, якая вартавала вас, рушыла за амерыканцамі. Астатнія дзве адначасова пакінулі варту і паехалі ў бок райцэнтра. Алекс зірнуў на гадзіннік: васемнаццаць, канец працоўнага часу.

Так-так, амерыканцаў прапусцілі, калі скончыўся рабочы дзень. Яны хацелі каб усё па-людску: і з вернікамі сустрэцца, якіх уціскалі, і з начальствам мясцовым паразмаўляць. А ў начальства ўжо рабочы дзень закончыўся і яно не абавязана. Можна было падумаць, што тут надзвычай стаміліся ад замежных дэлегацый і дыпламатычных візітаў. Амерыканцы, аднак, усё не вярталіся. “Можа іх арыштавалі? Не можа быць!.. Хаця ў нас усё можа здарыцца... І з замежнікамі таксама, і з дыпламатамі. Вунь павыганялі з дыпламатычнага пасёлку, каналізацыю пракладаць будзем новую, знайшлі прычыну...”

Паўз мястэчка чарнела аўтастрада. Вы чакалі на раздарожжы. На стаянцы побач прадавалі не гарачыя сасіскі і каву, а дзіцячыя цацкі — вялікія надзіманыя і плюшавыя. Пад няўтульным шэрым мокрым восеньскім небам такі гандаль выглядаў яшчэ больш марным і бязглуздым. Ты ні разу не заўважыў, каб нехта спыніўся і зацікавіўся дзіцячымі звяркамі. Цацачная крамка выглядала быццам сумны маскарад.

Пачало шарэць. Гандлярка згарнула сваю крамку, пацягнула вазок з цацкамі ў бок мястэчка. Наперадзе йшла дзяўчынка з сабачкам, які вымыкаўся ў яе з рук, саскочыў на асфальтоўку, дзяўчынка пабегла, каб злавіць яго. Вазок з плюшавымі звяркамі нагадваў балаганчык перасоўнага цырка. Знянацку адная цацка адарвалася і ўпала ў гразь. Здаецца, малпа. Гандлярка панура цягнулася, не заўважыўшы страты. Алекс адчыніў дзверцы і, секундна памарудзіўшы, крыкнуў: “Бабуля, звера згубілі!” Яму давялося паўтарыць. Яна пачула, спынілася і падабрала малпу. Нейк маркотна. Вы паспелі заўважыць, што жанчына зусім не старая, адно па-старэчы захутаная ў хусціну. Алекс зніякавеў.

Амерыканцы не вярталіся. Гэта ўсё болей рабілася дзіўным. Няўжо іх усё ж арыштавалі?.. Успомнілася, як год таму, такім жа восеньскім часам у мястэчку асвячалі падмуркі будучай царквы. Эмігранцкі святар, які з памылкамі чытаў тэкст і гаварыў з моцным акцэнтам. Дыпламат, які чытаў паперу на замежнай мове, незразумелай нікому з цётак і бабулек. Але спачатку ён падрыхтаваў уступ на беларускай, старанна вывучыў націскі.

Зусім сцямнела, зрабілася папросту чорна. Думалася пра тое, што ўладам не давала спакою царква, на якую ў іх ніхто не прасіў грошай. Пра тое, колькі высілкаў яны змарнавалі, каб перашкодзіць яе будаваць, каб, нарэшце, разбурыць храм. Па-варварску. А тут, на ходкім раздарожжы, дзе павінна стаяць аўтазапраўка, дзе падарожны шынок павінен завабліваць гарачай кавай і прынамсі хот-догамі, дзе усё павінна асвятляцца ліхтарамі і міжволі прымушаць аўтападарожных спыніцца, тут было цёмна, няўтульна і мёртва.

І вельмі маркотна. Вы сядзелі без святла, моўчкі, нават музыку ўжо не хацелася слухаць. І, галоўнае, не ведалі што рабіць далей. Уначы штосьці магутнае з моцным святлом раптоўна і хутка праляцела міма. Як балід, як метэор з альбома (машынальна падумалася табе) “Fireball” Deep Purple. У вас амаль не было сумневу, што гэта амерыканцы. Яны не спыніліся, на што спадзяваліся вы...

Вы вярталіся бязлюднай дарогай. Прытармазілі ў цемры, калі трапілі ў зону дзеяння мабільнай сувязі, каб перадаць паведамленне. Што дыпламатаў не пусцілі да вернікаў, не падпусцілі да царквы. Затрымалі і склалі пратакол, пра што вам удалося даведацца. З рухавіком змагаліся рок-дыназаўры. Вы слухалі старыя хіты. Размовы засталіся ззаду. “Вы збіраецеся ў сталіцу на Nazareth?” “На жаль, не”. “А я днямі ганарар атрымаў — на білет якраз. І за дарогу яшчэ трэба столькі ж. Яны ўжо другі раз прыязджаюць, нечувана. Мне спадабалася: Дан Макафэрці сказаў п’е толькі мінералку”. “Яны пасталелі, яны ўсе прайшлі праз наркотыкі. Хтосьці загінуў, хтосьці ацалеў. Усяго паспрабавалі”. “Ён захаваў голас. Такі высокі і рэзкі. Астатнія асіплі”.

Бацюшка аказаўся рамантыкам: у краіне яжовых рукавіц трэба любіць ярмо, не свабоду, не самастойнасць выяўляць, пакору. Яму хацелася не залежаць ад іярархаў, якія служаць уладзе, звяртацца да вернікаў на роднай мове. Нішто не прамяніста: кволы іярарх, які ўратаваў беларускае слова ў сваёй каплічцы ў далёкіх Штатах, амаль пазбыўся паствы, бацюшкава царква была шанцам вярнуцца на дахаты духоўна, каб прымірана адчуваць у руцэ крыж перад абліччам блізкай смерці. Была…

Першы снег, як першая закаханасць, нетрывалы. Ён распускаецца на непрамерзлай яшчэ зямлі, на траве, на пакуль даволі цёплым асфальце, нібы духмяная пена ў ваннай. А потым доўга і нудотна, з перапынкамі, падае маркотны і ёдкі восеньскі дождж. Райскія яблычкі, быццам здзіўлены абыякавасцю да сябе, нават птушак яны пакуль не цікавяць. З цягам начных прымаразкаў паступова абсыпаецца лісце. Яблычкі галеюць чырвоным россыпам. Як аздобленыя гірляндамі на навагодні час вулічныя дрэвы. Потым яблыньку спляжаць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: