Валкавыцкі Георгій
Шрифт:
— Arbeiten, Mensch!48 — у адказ.
А карак баліць. Скуле падабаюся ў вертыкальнай позе. Коле, як згінаюся. Дзірку ў сцяне залатаў шматамі. Ад гэтага не пацяплела. Сплю ў мокрай куртцы. Буджуся ў гіпернізаваным стане, абледзянелы, спруцянелы. Толькі карак жывы.
Перад ранішняй паверкай іду да лекара:
— Ich bin krank49, — паказваю набухлы карак.
Лекар прыклеіў пластыр:
— Gesund, Mensch!50
І зноў у рабочай калоне. І сяродкам вуліцы — gerade!51 Немцы малымі групкамі, пад сценамі. А мы сяродкам. Рускія над намі. Гэтыя — высокі клас! — страляюць толькі ў немцаў. Так трымаць! А скула сваё.
Змеркла. За дротам ні жывой душы. Толькі гарматы. З гэтага боку на вышках вартаўнікоў няма. Разлічваюць на артылерыстаў. Пад дротам выемка. Можна праціснуцца. Прапаўзаю. І па загуменні — на Rathslinden, да докатара Філіповіча.
— Доктар, зрабі нешта са скулай, — згінаюся.
— Скулай? — здзіўляецца ён. — Сябра, выгадаваў ты калонію скул! У цябе карбункул!
Доктар з Усходу. Тут, як і мы, звычайны рабацяга. Пагробся ў куфэрку, выняў дапатопны шпрыц і ўбіў у мой карак.
Да пералазу на Lovis Corinth Strasse вяртаюся найкарацейшым шляхам. Не чую зямлі пад нагамі. Жыццё прыгожае! Яшчэ і якое!
Атрымаў тыднёвы камплект картак на ежу. У страўніку прыемнае цяпельца. Ажно ў кончыках пальцаў жар: замест аднаго талоннага лістка трымаю тры тыднёвыя надзелы. Лісткі зляпіліся, такое з паперай здараецца. Тры порцыі! Пажыву!
Нечаканы прыток шчасця скаламуцілі лагерныя прыдуркі. Уварваліся ў штубу:
— Тут згінулі два талоны. Хто іх узяў? Звярніце па добрай волі, бо ўсё роўна выкрыем. Тады наракайце на сябе.
Талонаў не звярнуў. І не выкінуў. Скарыстаў па прызначэнню. Кожны дзень знаходзіў спосаб маскіроўкі ў чарзе да катла. Хоць разам з баландою наеўся нямала страху, але тыдзень пажыў. Уяўляеце: кожны дзень тры апалонікі бручкі і трыста грамаў хлеба!
6 красавіка. І наступіў судны дзень. Падзея пачалася як бы непрыкметна. Звычайная раніца. Звыклае aussteigen! Абы-якое месца ў калоне. Ab! Асвоены ўчастак на Steindamm. Алавяныя вочы вахмана. За акопам яр, унізе чыгунка. Дзень як дзень. І раптам на ўскраіне горада ўсчалася пякельная навальніца. Так гвалтоўнага вогненнага шквалу Festung K"onigsberg52 яшчэ не прымаў. Не было сумліву, пачалося! Але апытваем немцаў:
— Што дзецца?
Толькі паціскаюць плячыма.
Працавалі мы непадалёк дарогі. Бачу, коціцца па ёй грузавік, набіты цывільнымі. І з гэтай бязладнай людской кучкі вырываецца пранізліва знаёмы голас:
— Жорж!
Стаю ў аняменні: хто мяне кліча?
— Не пазнаў? — засмучаны голас.
Хітаю галавою:
— Не!
— А-я-яй!
Машына пакіравала на левы бераг Прэголі. Хто мяне клікаў? Дагэтуль згадваю. Здаецца мне, быў гэта Вася Бобрыкаў. А чаму везлі яго ў той бок?
Выглянула сонца — і ў яснае неба ўзняліся сталінскія сокалы. Шалеюць над намі. У другой палове дня каторамусь паветранаму асу затуманіліся вочы, бо накрыла нас ракетная батарэя. У той момант стаяў я на версе траншэі. З гарачкі не ўскочыў у акоп, а бухнуўся на мураву ў бок яра. А „кацюшы” стаяць у шахматным парадку і б’юць па плошчы. Пасля чарговага ўзрыву наступны снарад, здаецца накрые цябе. Але што гэта? Перад вачыма ліяны, буянства зелені, на кожнай лапіне зямлі сакавітае бушаванне зялёнага цуду, я ў Кіплінгавай джунглі! Увайшоў у новае вымярэнне, у кволенькай травіне ўбачыў іншасвет. Глядзеў з балючым жалем: такі маляўнічы ён, такі казачны... жыў у суседстве... ад малога... чаму па за ўвагай?.. і ён ужо не для мяне...
Чароўную казку разбурыў Вацэк:
— Жорж забіты!
„Кацюшын” гнеў абярнуўся ў ласку. Вахманы зразумелі:
— Kaputt!53
Пакідаюць свае пасты.
— А што з намі? — пытаемся.
Даюць свабоду. Распаўзаемся, кожны паводле сваёй тактыкі. Я іду з гродзенцамі. Чэшам правераным шляхам, правым берагам Прэголі. Тут не павінна быць войска. Меркавалі добра, не сустракаем ніводнай жывой душы. Адно ў небе віруе смерць. Увесь час над намі. Бачыць нас. Абшар адкрыты. Ад частага падання паабівалі калені і рукі. Але не шукаем прытулку ў руінах, трымаемся дарогі. Абы хутчэй да сваіх.
Мы ўжо пры нашай фабрыцы. Павярнулі на Arndt Strasse. Трапілі пад масіраваны агонь. Віядук пераадольваем паасобна, скачкамі, я замыкаючы. Прыціснуўся да невысокай сценкі, чакаю пакуль паветраны вір перасунецца за Прэголю. Калі над галавой суцішылася і я адарваўся ад сценкі, сябры былі ўжо ў другім канцы віядука. Толькі я іх і бачыў, зніклі ў бакавой вулачцы. Сяброўства, бы ў марскім рамане: пакуль на плыву — разам. Калі на дно — ратуйся, як хто можа.
Пакінулі мяне. З лёдам на сэрцы крочу ўверх Arndt Strasse. Іду апусцелай вуліцай на поўнач. Як два гады таму. Круг замкнуўся.
частка XIII.
Іду ўвесь час пад абстрэлам зверху. Няўжо чаканыя сокалы цаляюць у мяне? Людзей жа іншых не відно. Ні жывых, ні мёртвых. Першы кандыдат у мерцы аб’явіўся ажно на Rathslinden, насупроць мастацкай акадэміі. Прыліп артыстычна да белай сцяны аднасямейнага асабняка і не варухнецца. Афіцэр! Яшчэ і з вітымі пагонамі. Уверсе выюць бомбы. Скокнуў і я пад белую сцяну. Стаў локаць у локаць з вітым рангам. Узіраюся ў яго, ён у мяне. Маўчым. Аж скаланулася зямля пад намі. Сцяна гайданулася, але ўдар стрымала. Абсыпала нас толькі тынкам і пакрышанай чарапіцай. Бачу, немец абтрасаецца. Абтрасаюся і я. Так і разышліся, напусціўшы на сябе маўклівую абыякавасць. Ён пакіраваў на поўдзень, у цэнтр горада, я — на паўночную ўскраіну.