Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Што ж заваяваў Міндоўг?
Раздробленасць беларускіх земляў, літоўскія набегі на іх, татарамангольскае нашэсце і нямецкая агрэсія — усё тое, што ў гістарычнай навуцы прымаецца за фактары, якія нібыта абумовілі так званае літоўскае панаванне над Беларуссю, трымаецца, па сутнасці, на традыцыі, якая ідзе ад гісторыка-публіцыстычных твораў XVI ст. Аднак іх легендарнасць, як было паказана вышэй, не выклікае сумнення.
Немалаважную ролю ў жывучасці міфа аб літоўскай заваёве мела тое, што дзяржава называлася Літоўскай. Але мы ўжо паказалі, што ў час утварэння яе назва «Літва» адносілася не да сучаснай Літвы. Акрамя таго, не варта на ўсе выпадкі гісторыі пашыраць звыклае ўяўленне, што дзяржава атрымлівае назву ад той сваёй часткі, якая дамінавала падчас яе ўтварэння. Заходняя балцкая зямля Прусія была ў канцы XII ст. канчаткова заваявана немцамі і пасля анямечана. Аднак назвы сваёй яна не толькі не страціла, але і пашырыла яе на захад. У 1618 г. Прусія была далучана да Брандэнбурга, аднак і пасля гэтага захавала сваю назву, якая перайшла на Брандэнбург. Дык хіба на падставе яе назвы трэба лічыць Прусію дзяржавай не немцаў, а прусаў? Нешта падобнае адбылося і з Літвой. Заваяваная Новагародкам, яна таксама не страціла сваёй назвы і стала пашыраць яе на захад, у тым ліку і на сучасную Літву. I таму як нельга лічыць, што назва «Прусія» пашыралася з Берліна, так і нельга лічыць, што назва «Літва» пашыралася з Вільні. Цікава адзначыць яшчэ адну паралель. Як назва прусаў перайшла на ўсходніх немцаў і яны сталі называцца прусакамі, так і назва «літва» перайшла на панямонскіх беларусаў, якія доўгі час называліся ліцвінамі.
Прынята лічыць, што ў поўнай назве дзяржавы «Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» другая ўключае ў сябе беларускія і ўкраінскія землі. Аднак ёсць падставы (на жаль, на іх не звяртаецца ўвага), якія могуць гаварыць пра тое, што паняцце «Рускае» стасавалася толькі да ўкраінскіх земляў, а паняцце «Літоўскае» — толькі да беларускіх земляў. Так, калі ў выніку Люблінскай уніі 1569 г. украінскія землі перайшлі да Кароны, г. зн. да Польшчы, і, такім чынам, больш не належалі Вялікаму княству, то летапісы апошняга, створаныя ў гэты час (Красінскага, Рачынскага, Румянцаўскі, Яўрэінаўскі і інш.), называюць сваю дзяржаву княствам Літоўскім і Жамойцкім. Таму можна зрабіць вывад, што пад Літоўскім тут разумеюцца беларускія землі, а пад Жамойцкім — літоўскія ў сучасным разуменні. Паказальна і тое, што беларуская мова тады часамі выступала пад імем літоўскай. Так, Л. Зізаній, тлумачачы значэнне загалоўка сваёй кнігі «Катэхізіс», гаворыць, што «по-литовски — это оглашение, русским же языком нарицается беседословие». Тут значэнне слова «літоўскі» тоеснае паняццю «беларускі», якое ў сваю чаргу адрозніваецца ад паняцця «рускі». Гэтак жа і Л. Бярында ў сваім «Лексіконе» (1627) беларускую мову таксама называе літоўскай. I ўжо ў XVIII ст. біскуп В. Садкоўскі пагражаў на слуцкім епархіяльным саборы мясцовым папам, якія ў сваёй практыцы ўжывалі беларускую мову: «Я вас скарэню, знішчу, што б і языка не было вашаго праклятаго літовского». Гэтыя і іншыя падобныя факты паказваюць, што паняцці «Літва» і «літоўскі» ў мінулым перш за ўсё адпавядалі сучасным паняццям «Беларусь» і «беларускі».
Застаецца яшчэ адзін довад на карысць версіі літоўскай заваёвы Беларусі, а менавіта тое, што ў канцы 40-х гадоў XIII ст. у Новагародскай зямлі стаў княжыць выхадзец з Літвы Міндоўг. Але ці з’яўлялася гэта толькі вынікам заваявання Новагародка Міндоўгам? Для высвятлення такога пытання трэба прыгадаць тое, што многія літоўскія князі і феадалы, пацярпеўшы паражэнне ў міжусобнай барацьбе, перабягалі ў суседнія краі (у Ордэн, Рыгу, рускія землі), дзе былі жаданымі людзьмі, там іх ахвотна прымалі, кампенсавалі страчаную маёмасць. Прыняўшы хрысціянства і атрымаўшы вайсковую сілу, яны нападалі на літоўска-балцкія землі, чынячы там пагром і разбурэнні. Нямала прыкладаў такіх перабежчыкаў у Ордэн прывёў у сваёй кнізе У. Пашута.
Цікавы лёс двух нальшчанскіх перабежчыкаў Суксе і Даўмонта, якія, ратуючыся ад Трайдзеня і Войшалка, уцяклі з радзімы: першы — у Рыгу, другі — у Пскоў. Яны сталі вернымі служкамі сваіх новых айчын і заклятымі ворагамі сваёй зямлі. Вось што гаворыць пра Суксе нямецкая хроніка: «Суксе нарадзіўся ў Літве, прыняўшы хрысціянства, ён жыў сярод ордэнскіх рыцараў, вызначаючыся храбрасцю і богабаяззю. Загінуў у час паходу на Літву».
Гэтаксама вядзе сябе ў адносінах да Літвы і Даўмонт, абраны ў 1266 г. пасля прыняцця ім хрысціянства пскоўскім князем. Вось некалькі вытрымак з Наўгародскага I летапісу: «В лето 6774 (1266). Вложи бог в сердце Довмонту благодать свою… отомстити кровь крестьянскую, и поиде с пльсковичи на поганую Литву, и повоеваша много… и пособи бог князю Довмонту с пльсковичи и множьство много их (літвы) побиша, а иние в реце нстопиша… Того же лета на зиму ходиша пльсковичи на Литву с князем Довмонтом. В лето 6775 (1267)… ходиша новгородцы с Ельферьем Сбысловичем и с Доумонтом с пльсковичи на Литву, и много их повоеваша».
Прыклад Даўмонта паказвае, што з’яўленне ў той ці іншай рускай зямлі князя з Літвы не можа быць доказам заваявання яе Літвой, бо ён мог быць там не як заваёўнік, а як перабежчык ці наёмнік. Адсюль вынікае, што абранне ў сярэдзіне XIII ст. у некаторых рускіх землях князёў літоўскага паходжання было сведчаннем не ўзмацнення Літвы, а, наадварот, яе распаду і аслаблення, бо яны былі там не яе стаўленікамі, а яе ворагамі.
Такім перабежчыкам, па ўсім відаць, быў і Міндоўг, бо паводзіны яго цалкам нагадваюць паводзіны іншых літоўскіх перабежчыкаў. Важна зазначыць, што ўсе папярэднія звесткі пра Міндоўга характарызуюць яго выключна як наёмніка. Першы раз ён упамінаецца ў дагаворы 1219 г., дзе разам з іншымі балцка-літоўскімі князямі абавязаўся перад галіцка-валынскімі князямі ваяваць супраць палякаў. Гэтак жа сама і ў 1237 г. ён, паводле жадання Данілы Галіцкага, ваяваў з Конрадам Мазавецкім. У 1245 г. Міндоўг зноў на баку Данілы Галіцкага ў яго барацьбе з чарнігаўскім князем Расціславам. Дзесьці ў прамежку 1245–1246 гг. ён быў запрошаны куронамі на дапамогу ў змаганні з немцамі. Аднак пад крэпасцю Амботэн ён пацярпеў страшэннае паражэнне і вымушаны быў адступаць. Крыжакі напалі на яго ўладанні і хаця не ўзялі ўмацавання, аднак нанеслі вялікія спусташэнні і разбурэнні яго зямлі. Гэта не магло не прывесці да аслаблення пазіцый Міндоўга ў Літве, што і выкарысталі яго праціўнікі. У міжусобнай барацьбе, якую яны развязалі супраць Міндоўга ён пацярпеў паражэнне і быў вымушаны ўцякаць у суседні Новагародак. Яўны намёк на ўсё гэта ёсць у Іпацьеўскім летапісе, дзе гаворыцца, што Міндоўг пазней выгнаў літоўскіх князёў «за ворожьство с ними». Значыць, Міндоўг помсціў за варожыя адносіны да яго.
Для кожнага перабежчыка з Літвы было абавязковым прыняцце хрысціянства: у Ордэне — заходняга, каталіцкага абраду, у старажытнарускіх землях — усходняга, праваслаўнага. Тое ж самае зрабіў і Міндоўг. Густынскі летапіс пад 1246 г. паведамляе: «Миндовг принять веру христианскую от Востока со многими своими бояры… непомнозе же сын его Войшелк пострижеся во иночество». На жаль, гэта летапіснае паведамленне застаецца па-за ўвагай даследчыкаў. I гэта невыпадкова, бо факт прыняцця Міндоўгам хрысціянства «от Востока» пацвярджае тое, што ён не заваяваў Новагародак, а быў абраны тут князем, як пазней Даўмонт у Пскове. Яму як заваёўніку не патрэбна было б прымаць праваслаўе. Характэрна, што як Даўмонт уцёк у Пскоў «с 300 литвы», так і Міндоўг у Новагародку з’явіўся з многімі баярамі, якія таксама прынялі хрысціянства. Гэта дадатковае сведчанне, што Міндоўг быў адным з перабежчыкаў, якія ўцякалі з Літвы з усім сваім родам і акружэннем.
Хаця Густынскі летапіс — і пазнейшая крыніца (XVII ст.), але адзначанае паведамленне, бясспрэчна, заслугоўвае поўнага даверу. Справа ў тым, што ўсе падзеі, пра якія гаворыцца тут, а менавіта гібель аўстрыйскага герцага Фрыдрыха, смерць князя Яраслава Усеваладавіча (бацькі Аляксандра Неўскага) і прыбыццё пасольства ад папы рымскага да татараў, сапраўды адбыліся ў 1246 г. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу строгае захоўванне летапісцам храналагічнай паслядоўнасці ў перадачы падзей: першая з іх адбылася 15 чэрвеня, другая — 30 верасня, трэцяя — увосень. Паколькі паведамленне пра Міндоўга пастаўлена апошнім, то можна думаць, што яго хрышчэнне адбылося дзесьці позняй восенню, ці ў пачатку зімы, г. зн. у канцы года (тады сакавіцкага, на пачатку 1247 г.). Менавіта ўказанне дакладнай даты з’яўлення Міндоўга ў Новагародку і складае важнейшую каштоўнасць гэтага паведамлення, якога няма ў іншых крыніцах. I таму ў адных даследаваннях гаварылася, што Міндоўг з’явіўся ў 30-я гады, у другіх — у 40-я, у трэціх — у 30–40-я гады XIII ст. Вось чаму нельга ігнараваць гэту крыніцу, тым больш што ўказаная ў ёй дата стасуецца з датамі далейшых падзей. Прыняцце Міндоўгам праваслаўя трэба лічыць пачаткам яго княжання ў Новагародку ў канцы 1246 г. ці пачатку 1247 г. Мы не ведаем, хто быў князем у Новагародку непасрэдна перад Міндоўгам. Як ужо адзначалася, у летапісе пад 1237 г. упамінаўся новагародскі князь Ізяслаў, але нічога невядома пра далейшы яго лёс: дакуль княжыў тут і чаму перастаў княжыць. Пазней, у 1256 г., упамінаўся нейкі князь Ізяслаў у Свіслачы. Магчыма, што гэта — былы новагародскі князь. Новагародскія феадалы добра ведалі Міндоўга як князя суседняй Літвы. Галоўнай мэтай выбрання Міндоўга новагародскім князем была задума выкарыстаць яго для заваявання Літвы, што ўваходзіла ў планы багатых новагародскіх феадалаў як першае звяно пашырэння сваёй улады на іншыя суседнія землі і аб’яднанне іх. У гэты час для Новагародка склаліся спрыяльныя ўмовы. Самая з іх важная тая, што Новагародскай зямлі ўдалося выйсці з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў у першую чаргу таму, што іх зямля была аслаблена мангола-татарскім нашэсцем. I гэта адбылося недзе на пачатку 40-х гадоў XIII ст. Ва ўсякім выпадку ўсе далейшыя дзеянні Новагародка выяўляюць у ім самастойную сілу, што, натуральна, і выклікала супраць яго адпаведную рэакцыю галіцка-валынскіх князёў. У той жа час Літва як наёмная сіла значна аслабела. Як адзначалася, у летапісе пад 1237 г. гаварылася аб тым, што Даніла Галіцкі «наведе Литву Мнндовга Йзяслава Новогородского на Конрада Мазоветского». I гэта паведамленне тлумачыцца так, што з Літвой Міндоўга ішоў і Ізяслаў Новагародскі, дзеля чаго паміж гэтымі асобамі ўстаўляецца злучнік «і», хаця яго ў тэксце няма. I таму гэты тэкст трэба разумець як тое, што «Літва Міндоўга» была ў залежнасці ад Новагародка, што, як мы ведаем, пацвярджаў i М. Стрыйкоўскі. Менавіта яна і выкарыстоўвалася Новагародкам для вайсковай дапамогі галіцкаму князю, гэтым самым зберагаючы свае сілы. Таму і страта Міндоўгам сваіх уладанняў азначала і для Новагародка страту Літвы Міндоўга. У такой сітуацыі Міндоўг для новагародцаў быў добрай знаходкай. Пакрыўджаны сваімі суайчыннікамі, ён лепш, чым хто-небудзь, з большай зацікаўленасцю і рашучасцю мог заваяваць сваю былую радзіму. Гэты вопыт Новагародка быў эфектыўным, таму яго пазней паспяхова выкарысталі полацкія і пскоўскія феадалы. Яны таксама далі прытулак выгнанцам з Літвы і выбралі іх сваімі князямі.
Неўзабаве Міндоўг і прыступіў да заваявання Літвы, г. зн. да выканання таго, дзеля чаго ўзялі яго новагародцы. Іпацьеўскі летапіс пад 1252 г. (фактычна пад 1248 г.) сведчыць: «В то же лето нзгна Миндовг сыновца сваего Тевтевила и Едивида, пославшю ему на войну его со вуем своим со Выконтом, на Русь воевать ко Смоленьску и рече: «Што кто приемлеть собе держить», вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля Литовьская и, ла на не вои свое хотя убити я». Тут, як і далей у летапісе, нібы ў люстэрку, адбілася гістарычная праўда. Як бачым, Міндоўг пайшоў на хітрасць. Падгаварыўшы сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Едзівіда з іх дзядзькам Віконтам ісці пад Смаленск, ён паслаў наўздагон сваё войска, каб забіць іх. Відаць, Міндоўг паабяцаў ім дапамагчы, бо як інакш, не выклікаючы падазрэння, ён мог паслаць за імі сваё войска. У. Пашута гэты факт тлумачыць тым, што Міндоўг сапраўды паслаў іх ваяваць да Смаленска і нават абяцаў аддаць ім усё, што яны возьмуць. Больш таго, спасылаючыся на Суздальскі і Наўгародскі летапісы, кожны з якіх называе розныя даты (1248, 1245), а таксама на папскага пасла Плана Карпіні, які падарожнічаў па Русі ў 1245–1246 гг., гэты даследчык сцвярджаў, быццам паход жамойцкіх князёў сапраўды закрануў полацка-віцебскія землі і паўночную частку Смаленшчыны. Але далей У. Пашута прызнаў, што фактычна Міндоўг «нзгна» жамойцкіх князёў.