Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Але гэта не ўваходзіла ў планы большасці польскай шляхты і вяльмож. Яны не хацелі паддавацца аўстрыйскаму ўплыву. Таму зноў накіравалі пасольства ў Вялікае княства. Ягайла сустрэўся з ім у Ваўкавыску 11 студзеня 1386 года. Пасланцы пацвердзілі свае прапановы. Гэты дакумент мае цікавасць з многіх пунктаў гледжання, таму прывядзём яго цалкам.
“Мы, Уладка, люблінскі стараста, Пётр Шафранец, – кракаўскі падстолі, Мікалай – завіхосцкі кашталян і Хрысцін, казімірскі гаспадар, – аб’яўляем да ўсеагульнага ведама, што ў пятніцу перад актаваю трох каралёў, 1386 года, прыбылі мы да непераможнага князя Ягайлы, міласцю Божай вялікага князя Літоўскага, гаспадара Русі, – з пасольствам ад шляхты і вяльмож польскіх, як вышэйшых, так і ніжэйшых, і наогул ад усяго народа каралеўства Польскага, з даверчымі граматамі святлейшага князя Уладзіслава, той жа самай міласцю Божай гаспадара Апольскай зямлі, а таксама згаданых вышэй вяльмож каралеўства. Моцай вось гэтых грамат ад імя тых жа вяльмож згадзіліся мы дамоўна са згаданым вялікім князем Ягайлам і канчаткова пастанавілі, што выбіраем і бяром яго за гаспадара і за караля таго ж каралеўства, г.зн. Польшчы, і зацвярджаем за ім, даём і пераказваем Ядвігу, народжаную каралеву польскую, для заключэння з ім вянчаннем законнага шлюбу. Гэтай вось нашай пастановай і дамоўна даём клятву і абяцаем, згодна з даручаным нам пасольствам ад усіх жыхароў Польскай кароны, непарушную моц, уладу і захаванне. Акрамя таго, мы дамовіліся і пастанавілі з тым жа вышэйшым князем Ягайлам, ад імя згаданых жыхароў, правесці ўсеагульны з’езд у Любліне, у дзень ачышчэння прасвятой Багародзіцы (2-га лютага), які мае хутка надысці. На гэты з’езд той жа князь Ягайла можа з’явіцца спакойна і бяспечна, разам са сваімі братамі і падданымі рознага стану. І будзе яму таксама дазволена выслаць у той час з поўнай бяспекай сваё пасольства, альбо ж паслоў сваіх ва ўсе памежныя месцы каралеўства Польскага, дзеля свабоднага заканчэння яго спраў. А мы, вышэйзгаданая шляхта, абяцаем гонарам і нашай добрай славай, ад імя ўсіх падданых каралеўства Польскага, вышэйшаму князю Ягайлу, таксама ўсім яго братам і людзям, якія маюць быць на вышэйзгаданым з’ездзе, а таксама яго паслам, якія будуць праязджаць праз Польскую зямлю перад Люблінскім з’ездам, альбо тым, што жывуць там пастаянна – усялякую бяспеку і ўсялякую свабоду рабіць і здзяйсняць, што ім будзе патрэбна. У сведчанне ж і дакладнасць гэтага, загадалі мы да гэтай граматы прывесіць нашы пячаткі. Адбылося і выдадзена ў Ваўкавыску, год і дзень, як сказана вышэй”.
Як бачым, польскі бок дае высокую ацэнку вялікаму князю літоўскаму, нават моцна нахвальвае, каб закрануць яго самалюбства і тым самым схіліць да прыняцця станоўчага рашэння. Палякам патрэбен быў сапраўдны гаспадар і кіраўнік дзяржавы, надзейны абаронца ад знешніх ворагаў. Ягайла імпанаваў ім ва ўсіх адносінах. Таму і намагаліся ўгаварыць яго, нават насуперак думцы Ядвігі, дамаганням Вільгельма. Бясспрэчна, што ў самім факце запросін гаспадара Вялікага княства Літоўскага на польскі каралеўскі пасад прысутнічае і ацэнка ролі Княства ў тагачаснай еўрапейскай гісторыі.
Пасля сустрэчы ў Ваўкавыску польскія паслы запрасілі Ягайлу і вышэйшых асоб Княства на ўрачысты сейм у Люблін. Тут Ягайлу абралі каралём. А 12 лютага, у панядзелак, ён прыбыў у польскую сталіцу Кракаў, які з 1320 года з’яўляўся месцам каранацыі польскіх каралёў. Як сведчаць летапісцы, “з тых пор, як Кракаў стаў Кракавам, не было яшчэ гэткай вялікай, гэткай напоўненай важнымі паследкамі, урачыстасці… Каронныя вяльможы вядуць свайго выбранніка сярод грому трубаў і воклічаў народа ў замак, у каралеўскія палаты, да Ядвігі. Маладая каралева ў кароне… прымае прывітанне Ягайлы”.
Назаўтра “літоўскія князі Вітолд, Свідрыгайла і Барыс паднеслі Ядвізе ад імя яе будучага мужа каштоўныя падарункі срэбрам, золатам, каштоўнымі камянямі і матэрыяй з далёкіх краін”. А ў чацвер, 15 лютага, у Вавельскім кафедральным касцёле Ягайла прыняў хрышчэнне разам з братамі і баярамі. Вялікі князь атрымаў імя Уладзіслаў, яго родныя браты Вігунд, Карыгайла і Свідрыгайла сталі называцца Казімірам і Баляславам, а стрыечны брат Вітаўт – Аляксандрам.
18 лютага 1386 года, акурат у дзень нараджэння Ядвігі, якой споўнілася 12 гадоў, у галоўнай польскай “катэдры” адбыўся ўрачысты шлюб. Гэта быў саюз не толькі дзвюх цікавых і моцных асобаў, але і саюз Польшчы з Вялікім княствам Літоўскім, які доўжыўся ажно чатыры стагоддзі.
А былому жаніху Ядвігі аўстрыйскаму князю Вільгельму кароль выплаціў 200000 чырвонцаў няўстойкі. Ды не выкуп цешыў маладога амбітнага князя. Ён прагнуў атрымаць не толькі прыгожую жонку. Праз усё жыццё спадзяваўся на польскую карону. Што толькі не рабіў дзеля гэтага, нават да крыжакоў не раз звяртаўся, але безвынікова. Не атрымаў ні Ядвігі, ні кароны. Аднак цягам усяго свайго жыцця захоўваў памяць пра першыя заручыны і сваё першае каханне – Ядвігу.
Жыццё ж ішло сваім парадкам. У нядзелю 4 сакавіка 1386 года Ягайла быў каранаваны і стаў каралём польскім Уладзіславам ІІ, заснавальнікам знанай еўрапейскай дынастыі Ягелонаў.
На трэці дзень пасля каранацыі ў кракаўскім замку пачаліся пышныя вясельныя ўрачыстасці, якія доўжыліся некалькі дзён пры вялікай колькасці гасцей.
ХРЫШЧЭННЕ ЛІТВЫ
Але адшумелі святочныя дні і каралю давялося выконваць свае абяцанні. Адно з іх – хрышчэнне Літвы. Пачаліся кастрычніцкія маразы, замерзлі непраходныя беларускія балоты, і Ягайла з велізарнай світай рушыў у шлях. З ”ляхским крестом” накіраваўся ён “в последний уголок, в последнюю лесную чащу язычества в Европе” – у Літву. Як вынікае з пазнейшых падзей, польскі кароль мусіў разбураць язычніцкія сімвалы і ўсталёўваць каталіцызм.
А калісьці ж Ягайлавы папярэднікі намагаліся годна ўшанаваць менавіта язычніцкія традыцыі, падтрымлівалі і пашыралі іх.
Шмат гадоў таму, калі з’явілася задума збудаваць у Вільні галоўны і самы пашаноўны язычніцкі храм у гонар Перуна з алтаром Зніча, ягоны заснавальнік звярнуўся да вешчуна. Князю хацелася ведаць, як доўга будзе існаваць гэтае збудаванне. Галоўны аракул выказаў гаспадару сваё прадбачанне: храм прастаіць столькі часу, колькі будзе жыць язычніцтва. Разам з адказам князь атрымаў нязвыклы дарунак-наказ – пэўную колькасць цаглін з таемнымі містычнымі знакамі. А заадно вяшчун паставіў умову: кожны год па адной цаглінцы ўмуроўваць у сцены храма. Так доўжылася сто дваццаць адзін год. І вось перад новым 1387 годам засталася ўсяго адна цаглінка. А на ёй – знак-сімвал двайнога крыжа. Значыць, наступіў той абяцаны вешчуном час афіцыйнага знікнення язычніцтва.
Мо таму, што язычнікі загадзя ведалі пра гэта, яны даволі памяркоўна аднесліся да місіі вялікага князя Ягайлы – польскага караля Уладзіслава ІІ. У лютым 1387 года ў Вільні было арганізавана лацінскае біскупства, якое мела 7 прыходаў, у тым ліку ў Крэве. На месцах галоўных язычніцкіх храмаў, дзе нядаўна гарэў святы агонь Зніч, узводзіліся новыя каталіцкія храмы. Так было ў Вільні, дзе збудавалі галоўны кафедральны касцёл, у Крэве, у Новагародку, у многіх іншых гарадах Вялікага княства.
Калісьці Ягайлаў дзед, вялікі князь літоўскі Гедымін дбаў пра тое, каб стварыць неабходныя ўмовы для язычнікаў. “Хроніка Літоўская і Жамойцкая” паведамляла: “Поставил еще Кгедимин болвана перунова з каменя кременистого великого, с которого огонь попы поганские кресали, в руках держачи, и огонь ему вечный з дубины в день и в ночи палили на том местцу, где теперь костел святого Станислава в замку от Ягелля, внука Гедиминавого, збудованный”. Нават галоўны жрэц Ліздзейка, якога выгналі з Перуновага храма, мусіў жыць пустэльнікам у дрымучай пушчы.