Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Часам утварэння Княства лічацца 1240-ыя гады, калі ў Новагародку па запрашэнні тутэйшых баяраў пачаў княжыць Міндоўг. На чале ВКЛ стаяў вялікі князь, якога называлі гаспадаром. Ён меў абсалютную ўладу, з’яўляўся адначасова суддзёй, адміністратарам, камандаваў узброенымі сіламі. Вялікага князя спачатку выбіралі вузкім колам найбольш важных асобаў, а з канца ХV стагоддзя – на вальных (агульных) соймах з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель. На галаву вялікага князя ўскладалася карона – як сімвал улады. Каранацыі адбываліся ў віленскім касцёле святога Станіслава. Вядомы гады, калі адбываліся гэтыя ўрачыстасці: 1392, 1440, 1492, 1506, 1529. Першым гаспадаром быў Міндоўг (1195? – 1263), які стаў першым і адзіным каралём Вялікага княства – каранаваны 6 ліпеня 1253 года ў Новагародку.
Пасля Люблінскай уніі 1569 года кароль польскі станавіўся і вялікім князем літоўскім, адзінаўладна ўзначальваў агульную дзяржаву – Рэч Паспалітая абодвух народаў. У канцы ХІV – ХVІІ стагоддзях дзяржаўнай мовай у Княстве была старажытнабеларуская альбо руская. Прафесар Оксфардскага універсітэта Б. Морфіл пісаў: “Беларусы былі найбольш цывілізаванай нацыяй на ўсходзе Еўропы. На беларускай мове дайшлі да нас сапраўдныя дакументы, якія выдавалі польскія каралі сваім падданым у ХV – ХVІ стагоддзях”.
Новагародак – першая сталіца (сталец) Вялікага княства Літоўскага. Упершыню згадваецца пад 1044 годам, калі адбываўся паход князя Яраслава Мудрага на Літву. Аднак існуе меркаванне, што пасяленне тут існавала яшчэ ў Х стагоддзі. З сярэдзіны 1240-х гадоў горад быў рэзідэнцыяй князя Міндоўга, пазнейшага вялікага князя літоўскага і першага караля (1253) Вялікага княства Літоўскага. З гэтага часу Новагародак стаў стальцом Княства. Пасля вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу на кароткі час у Кернаў, а пасля – верагодна, у 1310-ыя гады, у пабудаваныя ім Трокі, з якіх той жа Гедымін перамясціў сталіцу ў 1323 годзе ў Вільню. У ХІІІ – ХІV стагоддзях Новагародак з’яўляўся цэнтрам удзельнага Новагародскага княства. Ім валодалі Карыят, Карыбут. У 1428 годзе Вітаўт адпісаў горад і навакольныя вёскі сваёй жонцы Улляне Гальшанскай – цётцы Соф’і Гальшанскай, якая стала жонкай караля польскага Ягайлы. Іхні шлюб адбываўся ў Новагародку 24 лютага 1422 года.
У ХІV – ХV стагоддзях у Новагародку знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта, горад стаў своеасаблівай царкоўна-рэлігійнай сталіцай Княства, ён як бы пераняў эстафету ад Кіева. У ХVІ стагоддзі Новагародак лічыўся другой пасля Вільні кафедрай мітрапалітаў, тут была іхняя рэзідэнцыя. У горадзе жыў мітрапаліт кіеўскі Грыгорый Балгарын.
У 1316 годзе набыў статус цэнтра самастойнай Літоўска-Новагародскай мітраполіі. У студзені 1507 года стаў цэнтрам Новагародскага ваяводства. З 1511 года валодаў магдэбургскім правам. З канца ХVІ да канца другой трэці ХVІІІ стагоддзя тут праводзіў свае пасяджэнні Галоўны трыбунал ВКЛ. Не раз цярпеў ад войнаў і захопаў, ад пажараў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (апошні ў 1795 годзе) знаходзіўся ў складзе Расіі.
Новагародскі замак – існаваў у ХІ – пачатку ХVІІІ стагоддзяў на Замкавай гары, вышыня якой каля 20 м. Акружаў замак высокі земляны вал і глыбокі (да 10 м) роў. У ХІІІ стагоддзі была збудавана вялікая абарончая пяціпавярховая вежа 12 х 12 м і вышынёй да 25 м. У канцы ХІV стагоддзя, каб засцерагчыся ад нападу крыжакоў, Вітаўт загадаў узвесці на Замкавай гары мураваныя сцены таўшчынёй да 2-х і вышынёй да 8 метраў і яшчэ тры трохпавярховыя вежы з байніцамі. Наогул, мураваны сямівежавы замак будаваўся двумя заходамі: у канцы ХІV – пачатку ХV стагоддзя і ў канцы ХV – пачатку ХVІ стагоддзя, каб адбіваць напады татараў. З ХІV да ХІХ стагоддзях у замку была царква, дзе да 1795 года праходзілі пасяджэнні апеляцыйнага Трыбунала Княства. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзя з’явіўся палац з капэлай. У 1428 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт Вялікі перадаў замак і ўвесь горад у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Улляне. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1657 гадоў сцены і многія вежы былі пашкоджаны. У 1706 годзе замак быў узарваны шведамі.
Кернаў – другая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Цяпер гэта мястэчка ў Шырвінтаскім раёне Віленскга павета. Упершыню згадваецца ў 1279 годзе. Тут знаходзілася рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскаіх Трайдзена (1270 – 1282), Віценя (1295-1316) і напачатку княжання – Гедыміна. У ХІІІ – ХІV стагоддзях для абароны горада служылі 5 драўляных замкаў на беразе ракі Вяллі, што, акрамя таго, надавала гораду асаблівае значэнне ў дзяржаўным жыцці. У 1390 годзе замкі былі разбураны Тэўтонскім ордэнам. Горад паступова траціў сваю палітычную значнасць.
Трокі – трэцяя сталіца Вялікага княства Літоўскага прыкладна з 1310-х гадоў, цяпер горад у Літве Тракай. Упершыню згадваецца ў нямецкіх летапісах у 1337 годзе. Найбольш вядомы ў ХІV – ХV стагоддзях, адыгрываў значную ролю ў палітычным і дзяржаўным жыцці Княства. Трокі, лічыцца, збудаваў вялікі князь Гедымін – пасля ўдалых ловаў ён прыкмеціў прыгожыя мясціны непадалёку ад Кернава і вырашыў узвесці тут замак. У выніку з’явілася крэпасць Трокі, куды ў 1310-ыя гады Гедымін перанёс з Кернава (другой сталіцы ВКЛ) сталец Княства, а ў 1323 годзе ён жа надаў сталічны статус Вільні, Трокі адышлі ягонаму сыну Кейстуту. Аднак у летапісах згадваецца, што Трокі (адначасова з Вільняй) былі сталіцай і пры вялікіх князях Свідрыгайле і Жыгімонце Кейстутавічы. Мо таму, што Трокі, якія пазней падзяліліся на Старыя і Новыя, былі напачатку сталіцай удзельнага княства Кейстута (летапісы сведчаць, што гэта ён збудаваў Новыя Трокі, куды пераехала і ягоная сталіца). У Новых Троках у 1350 годзе нарадзіўся будучы вялікі князь літоўскі Вітаўт, тут знаходзілася адна з ягоных рэзідэнцый. Як за сваю родавую вотчыну Вітаўт шмат ваяваў і з Ягайлам, і з іншымі, з 1392 года Трокі з’яўляліся вотчынай Вітаўта. У ХV стагоддзі ў Троках часта жыў вялікі князь літоўскі Казімір. Аднак у сувязі з тым, што Трокі былі непадалёк ад Вільні, з часам іх значэнне змянілася. З 1413 года – цэнтр ваяводства і павета. Тут (іншыя сведчаць, што ў Вільні – гэта больш верагодна) у 1430 годзе адбыўся з’езд вядомых еўрапейскіх уладароў у сувязі з маючай быць каранацыяй Вітаўта Вялікага на караля літоўскага. Тут жа 27 кастрычніка 1430 года Вітаўт памёр, не дачакаўшыся прывозу кароны ад папы рымскага. У 1440 годзе ў Троках быў забіты вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Напрыканцы ХVІ стагоддзя тут праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе адышлі да Расійскай імперыі.
Вільня – чацвёртая сталіца Вялікага княства Літоўскага з пачатку ХІV да канца ХVІІІ стагоддзя, знаходзіцца ў сутоках рэк Вілія і Вільня. Упершыню згадваецца ў 1323 годзе ў грамаце да ганзейскіх гарадоў. Тады ж Гедымін перанёс сталіцу Вялікага княства Літоўскага з Трокаў у Вільню. Ён жа збудаваў і сам горад, які ўбачыў у сне. Яму прыснілася высокая гара, на якой стаяў жалезны воўк і моцна выў. Вярхоўны жрэц Ліздзейка патлумачыў, што гэта задача Гедыміну збудаваць магутны замак і горад, які станецца сталіцай. А выццё ваўка – гэта тая слава, якая разыдзецца па свеце пра заснавальніка. Гедымін так і паступіў. З гэтага часу пачынаецца віленскі перыяд гісторыі ВКЛ. У сваіх граматах Гедымін называў Вільню каралеўскім горадам, а сябе “каралём Літвы і Русі”. У 1272 годзе літоўскі князь Святарог (Швінтарог) непадалёк ад упадзення Віленкі ў р. Вілія збудаваў капішча Перуна, дзе знаходзілася месца спальвання памерлых князёў. У 1382 годзе Ягайла загадаў спаліць тут цела задушанага ў Крэўскім замку Кейстута.