Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Але каб сабраць іх і звезці ў адно месца, колькі патрабавалася вазоў, коней, колькі чалавечых высілкаў пакласці! Каб справіцца з магутнымі валунамі як з будаўнічым матэрыялам, трэба было валодаць неверагоднай сілай. Таму пра будаўнікоў Крэўскага замка засталося шмат легенд. Адна з іх апавядае, што замак узводзілі сапраўдныя волаты. Іншая дадае, што ім дапамагалі самі багі, ва ўсякім выпадку апекаваліся імі.
Так ці інакш, а будаўнікі замка і на самай справе вызначаліся сваёй кемнасцю і дужасцю. Крэўскі замак паўставаў адначасова з Медніцкім, які знаходзіўся за сем міляў (гэта больш як 10 кіламетраў) ад Крэва. Калі медніцкім майстрам патрэбен быў мулярскі молат, яны гукалі крэўскім дойлідам, і тыя перакідвалі яго ў паветры з Крэва. Самі валуны, вага якіх дасягала некалькі соцень кілаграмаў, шчыльна, адзін да аднаго ўкладзены ў сцены на вышыню да 4 метраў. Вышэй за гэтую адзнаку да іх дадаецца цэгла. Сапраўды, без волатаўскай сілы зрабіць гэта немагчыма. Будаўніцтва ішло цяжка, пакутліва, доўга. Тысячы сялян змушаны былі браць удзел у збіранні камянёў і падвозцы іх да месца будоўлі. Таму з той даўняй пары застаўся сярод людзей праклён нядобраму чалавеку: “Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў”.
А яшчэ легенды сведчаць, што новы мураваны замак меў падземныя хады-лёхі, якія звязвалі яго са старым гарадзішчам, дзе некалі знаходзіўся драўляны замак, меліся тунэлі і з іншымі мясцінамі.
Волатаўская сіла будаўнікоў добра пасавала з магутным знешнім воблікам Крэўскага замка. Па сваёй форме ён нагадваў Лідскі замак, у аснове меў няправільны чатырохвугольнік са сценамі рознай даўжыні – ад 71 да 108 метраў. Вышыня іх дасягала 13 метраў, таўшчыня – 2,75 метра. Ягоную магутнасць падкрэслівалі вежы ў двух кутах, размешчаныя па дыяганалі. Адна з іх называлася Княскай. Архітэктурнай выразнасцю і велічнасцю яна спраўна адпавядала сваёй назве. Вежа была трохпавярховая, амаль квадратная. Памерам 18 на 17 метраў, а ўвышкі больш за 25 метраў. Была накрыта спачатку гонтай, а пазней чарапіцай-дахоўкай. У ёй знаходзіліся княскія пакоі, памяшканні для абслугі. Унізе размяшчалася страшная сваёй суровасцю, цемрай і холадам вязніца, рэшткі якой захаваліся і дагэтуль. Як сведчыць гісторыя, не пуставалі ні пакоі, ні турма.
Хоць Крэўскі замак адрозніваўся сваімі мясцовымі асаблівасцямі, якіх надавала яму майстэрства беларускіх дойлідаў, аднак меў і выразныя прыкметы еўрапейскай архітэктуры. Ён нагадваў шырока распаўсюджаныя ў тагачаснай Еўропе замкі-кастэлі. Іх галоўная абарончая вежа, круглая або квадратная, называлася, як мы ўжо згадвалі, данжонам. Яна служыла адначасова і жылым памяшканнем, выконвала прадстаўнічыя функцыі, з’яўлялася апошнім прыстанішчам для абаронцаў. Як, напрыклад, Княская вежа Крэўскага замка. Беларускімі данжонамі можна лічыць таксама вежы ў Камянцы, Бярэсці, Гародні, Новагародку, Тураве. Усе яны былі не асобнымі збудаваннямі, а з’яўляліся часткай замкаў. Але да нашага часу гэтыя данжоны практычна не захаваліся.
Не толькі сваёй архітэктурай, а і сістэмай абароны Крэўскі замак нагадваў Лідскі. На вышыні 10 метраў сцены мелі баявыя галерэі-памосты, якія трымаліся на драўляных бэльках. А праз кожныя 2,4 метра пазіралі на свет сваімі пільнымі вачамі байніцы. Меліся і тайныя запасныя выхады. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Крэўскім замку існаваў таемны ход для вады, якой можна было напоўніць сажалку на ўнутраным двары. Што такая сажалка сапраўды існавала, і сёння нагадвае своеасаблівая канфігурацыя і рэльеф ўнутранага двара.
Крэўскі замак складаў адну абарончую лінію магутных крапасных умацаванняў разам з Лідскім, Новагародскім, Медніцкім і Трокскім замкамі. Усе яны мелі агульнадзяржаўнае значэнне і з’яўляліся надзейнымі замкамі на шляху агрэсіўных крыжакоў. Паданні сведчаць, што ўсе гэтыя замкі былі злучаны між сабой падземнымі хадамі. Гэта зніжала небяспеку іхняга захопу і павялічвала абарончыя здольнасці. Калі б, напрыклад, прышэльцы здолелі трапіць у адзін з замкаў, яго абаронцы па глыбокіх лёхах незаўважна перайшлі б у іншы. А тады, сабраўшыся з сілай, па гэтых жа падземных хадах маглі вярнуцца ў замак і знутры расправіцца з ворагам.
Гэткі ўмацаваны рубеж сапраўды адпавядаў вядомаму выслоўю, якое належыць мужнаму рускаму князю Аляксандру Неўскаму. Гэта ён у 1240 годзе перамог шведаў (Неўская бітва), за што атрымаў прозвішча Неўскі. У 1242 годзе адолеў нямецкіх рыцараў Лівонскага ордэна (Лядовае пабоішча). Пазней царква залічыла яго да ліку святых. Дык вось, Аляксандр Неўскі гаварыў: “Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне”. Так шматразова было і ля сцен беларускіх замкаў. Крэўскі – не выключэнне.
Абарончай сілы яму дадавалі натуральныя прыродныя ўмовы. Яго ахоўвалі дзве ракі. Паблізу размяшчалася высокая Юрава гара (дарэчы, гэта пэўным чынам нагадвае размяшчэнне першага Менскага замка). Яна выконвала ролю своеасаблівага назіральнага пункта. Гісторыя шматкроць засведчыла, што гаспадары Вялікага княства Літоўскага абароне не толькі дзяржавы, а і саміх замкаў надавалі асаблівую ўвагу.
МАГУТНАСЦТЬ ЗАМКАЎ – КЛОПАТ ДЗЯРЖАЎНЫ
Згодна з тагачаснымі прадпісаннямі і традыцыямі, арганізацыяй абароны замкаў займаліся найперш мясцовыя ўладныя структуры. Але не толькі. Больш высокая адміністрацыйная ўлада таксама лічыла гэта адным з галоўных сваіх клопатаў. Адпаведна свайму статусу ваявода, напрыклад, адказваў за абарону замка і арганізоўваў яе ў сваім ваяводстве. Стараста займаўся гэтым самым у сваім старостве. Ваяводай у славянскіх народаў здаўна называўся военачальнік, правіцель, а ў Расійскай дзяржаве – той, хто стаяў на чале палка, атрада, горада. На сваіх землях яны адказвалі і за ахову дзяржаўнай мяжы, і за стан памежных замкаў, ад якіх, вядома, моцна залежала бяспека мяжы. Таму да “экіпіроўкі” замкаў адносіліся надзвычай сур’ёзна. У замках заўсёды павінна было быць дастаткова ваеннага рыштунку, а таксама таго, што неабходна на выпадак асады, вайны і іншых непрадбачаных сітуацый. Уладныя асобы дбалі пра замкавы арсенал, інтэнданцкія запасы. Іхнім клопатам былі шляхецкае войска, а таксама мясцовае апалчэнне.
Аднак геаграфічная асаблівасць беларускіх зямель была такой, што войны, аблогі, узброеныя сутычкі, напады на іх былі амаль няспыннымі. Гэта вымагала адпаведных дзеянняў, значыць, патрабаваліся і пэўныя арганізатары іх. Давялося ўводзіць у ваяводствах і староствах спецыяльных чыноўнікаў – ураднікаў па пытаннях абароны. Ураднікі вялі ўлік шляхты, якая павінна несці службу, склікалі шляхецкае войска, арганізоўвалі яго навучанне, праводзілі трэніроўкі, сачылі за матэрыяльным забеспячэннем.
Займаліся развіццём і падтрыманнем абарончых магчымасцяў замкаў і гараднічыя. Яны адказвалі за захаванне іх “в целости для часу потребы от неприятеля”. Калі патрабавалася, гараднічыя арганізоўвалі аднаўленне земляных валоў вакол замкаў, падтрымлівалі ў належным стане равы з вадой, драўляныя часткі ўмацаванняў, дбалі пра іх пашырэнне і збудаванне новых. Непрыступнасць і боегатоўнасць замка мусіла быць заўсёднай. Згадайма хоць бы, якія новыя, невядомыя сучасным наведнікам, сістэмы абароны замка адкрыліся падчас рэканструкцыі і аднаўлення Нясвіжскага замка.