Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Не псуй абедні, Барыс.

— Што ты, бацька! Я глухі i нямы. Мяне ж выхавала армія.

I, аднак, не выканаў свайго абяцання.

— А цяпер, дарагія нашы маладажоны, прыміце сціплы, але сімвалічны падарунак ад райкома камсамола.

Плечка тэатральным жэстам разарваў на пакунку паперу. Вачам гасцей адкрыўся бюст Карла Маркса, чорны, чыгунны. Добры бюст. Добры падарунак у любой іншай сітуацыі. Але тут…

Уладзімір Паўлавіч сам трохі не ахнуў ад здзіўлення. Але гэта зрабіў Барыс:

— Ух ты! Во гэта барада! Камсамольская.

I што падпаліў бікфордаў шнур смеху. Выбухнуў смех што ў вясельным застоллі пры дасціпным сваце. Але заўсёды дарэчы там, за сталом, тут смех сапсаваў урачыстасць. Нават Плечка разгубіўся. Пятро Міхайлавіч пасміхнуўся, але твар перасмыкнула — незадаволены сакратар.

Малайчына Глеб: сур’ёзна, шчыра дзякаваў — ціснуў даўняму таварышу руку. I ўсміхаліся яны адзін аднаму хораша, прыязна, па-сяброўску.

Глеб падхапіў бюст, падняў яго высока, паказваючы гасцям, перадаў дружку-ўкраінцу. Вярнуў сваёй сур’ёзнасцю сур’ёзнасць іншым.

Кал i госці высыпалі з будынка загса на вуліцу, пад спякотнае i пад вечар сонца, Пыльчанка затрымаўся, каб падзякаваць Сінякову.

— Няма за што. Вы зразумейце, Уладзімір Паўлавіч, на вяселле, якое ў вас… не таму, што баюся, але… час не той. Аднак застацца ў баку ад сямейнай урачыстасці вашай не мог. Думаю, усё нармальна. Што за вяселле без смеху. Праўда?

— Дзякую, Пятро Міхайлавіч.

— Гэта ваш такі востры? Лятун?

Абразіла «лятун», расказваў жа яму пра старэйшага сына неаднойчы, бо першы сам любіў расказваць пра сваіх дзяцей, школьнікаў.

Паправіў:

— Ваенны лётчык. Капітан.

— «Афганец»?

— Ваяваў там.

— Гэтыя хлопцы яшчэ сябе пакажуць. Аднак раю вам папярэдзіць яго: каб неўзнарок сам не накалоўся на свае досціпы.

«Пайшоў ты ca сваім папярэджаннем!» — бадай прымхліва ўзлаваўся Уладзімір Паўлавіч, але тут жа i ўтаймаваў сябе: няўдзячна гэта з яго боку, урэшце, папярэджанне правільнае, бо i ў самога жыве боязь за Барыса. Каб хто ведаў, якой яна была да Афганистана! Якраз Афганістан прытупіў яе — пераканаў сябе: ардэнаносец, капітан, не будзе выкідваць конікаў.

Разышліся з найлепшымі пажаданнямі адзін аднаму: першы ў нядзелю намерваўся з’ездзіць да бацькоў у дальні раён.

Здараецца ж так, што сустрэнуцца двое i з першага позірку пакахаюць адно аднаго ці пасябруюць — вадой не разліць. A іншыя раптам без усялякай прычыны адчуюць узаемную непрыязнь. Ніякая навука не адкрыла закон такога душэўнага прыцягнення ці адштурхоўвання. Закон, важнейшы за Ньютанаў.

Не, Барыс не адчуў непрыязні да Плечкі ў загсе, так, забаўны для яго эпізод, яшчэ адно пацвярджэнне камсамольскага дагматызму, з якога ён даўно здзекаваўся, за што меў добрыя праборкі ад камісараў. Забыўся б ён на сакратара ў вясельным тлуме, хіба ў часці ўспомніў бы i расказаў таварышам, надаўшы эпізоду з падарункам патрэбны для смеху камізм, перш-наперш каб пазлаваць намесніка начальніка палітаддзела па камсамолу, якога не любіў. Але Плечка з’явіўся на вяселле.

Барыс здзівіўся i спытаў у маці:

— А гэта што за сваяк?

— Глеб сябруе з ім.

— Разумны інжынер, а сябруе з дурнямі.

Вольга Андрэеўна насцярожылася, бо ведала сынаў характар: каго не палюбіць — бяда, некалі так было з настаўнікам хіміі, адны двойкі сын прыносіў, прыйшлося ўмешвацца i бацьку i дырэктару.

— Барысок, сыне мой, прашу цябе: не заводзься. Тут жа амаль усе незнаёмыя табе людзі. З нявесцінага боку i я многіх не знаю. Прымай людзей такімі, якія яны ёсць. Табе ж на заданне з імі не ляцець.

— Мама! А чаму ў цябе такі спалоханы выгляд? Ды ты знаеш, які я стаў? Мяне можна на хлеб намазваць, як масла.

— На хлеб не намазвайся, але не задзірайся, калi ласка. Людзі вып’юць…

— I я вып’ю.

— А табе нельга. Пры тваёй прафесіі…

— Мама! Не курыш, не п’еш — здаровенькім памрэш, — пажартаваў, засмяяўся, але тут жа пасур’ёзнеў: — А здаровым паміраць крыўдна. Вельмі крыўдна, мама.

Вольга Андрэеўна ўяўляла яшчэ тады, у бяссонныя ночы, што сын перажывае там, на чужой зямлі… над чужой зямлёй… Успаміны таго часу да вострага болю ўдарылі ў галаву. Як ёй хацелася прылашчыць сына, сагрэць i цела яго i душу. Але вакол людзі. Снуюць жанчыны, нявесціна радня, цяпер памочніц многа i некаторыя трохі нават бестактоўна перарабляюць яе работу, па-свойму сервіруюць сталы. Але гэта яе не крыўдзіць, да гэтага яна абыякавая. Няхай робяць што хочуць, ніхто не жадае зрабіць горш, усе хочуць — лепш, але ў кожнага свой густ. Яе радасць вышэй за гэтыя бытавыя клопаты. Нават адчувала няёмкасць перад маладымі, што найбольшая яе радасць — ад прыезду Барыса, а не ад жаніцьбы Глеба. У нейкія моманты здавалася, што ўсе яе клопаты, уся яе цяжкая праца, ад якой свінцом наліваліся ногі,— у гонар Барыса, а таму i стомленасць здавалася шчасцем.

Толькі i выявіла ўсю сваю пяшчоту да сына тым, што правяла далоняй па яго калючай пад вечар шчацэ. А ён узяў яе руку i прыціснуўся да яе вуснамі. Сыны не вызначаліся сентыментальнасцю, упершыню рукі ёй цалаваў Барыс, калі не лічыць маленства, нядаўна — па звароце з Афганістана. Ажно спалохаў такой праявай любові i вельмі расчуліў.

Убачыла, як сын цалуе руку маці, свацця — Maрыя Пятроўна; ёй таксама сын ніколі не цалаваў рукі, дзяўчаты не ў залік, у дзяўчат гэта атрымоўваецца лёгка, асабліва ў рыжай лісічкі Тамары. Вядома, дзе пабываў Барыс, i яе кранула яго ласкавасць да маці. Калі Барыс выйшаў, Марыя Пятроўна падышла да свацці і, па-сялянску нязвыклая да пяшчот, абняла яе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: