Шрифт:
— Пайду дзяжурыць пад дзвярамі. Інакш не праб’ешся. Цяпер у яго саюзны міністр, пасля — чэшская прафсаюзная дэлегацыя…
Дзяжурыць яму прыйшлося гадзіны паўтары, хоць вымушаў памочніка двойчы дакладваць.
Ветлівы з чужымі, ca сваімі Дырэктар амаль ніколі не вітаўся за руку, нібы прысутнасць у адным будынку была раўназначнай прысутнасці ў адной зале.
— Ну, што ў вас гарыць? — каротка глянуўшы на чарговага наведвальніка i ўбачыўшы свайго, незадаволена спытаў Лявонцій Мікалаевіч.
— Дакладная акадэміка Мартынюка аб аварыі на атамнай станцыі…
— У нас ёсць атамная станцыя?
Івана Міхайлавіча абразіла гэтае пытанне: недарэчны сарказм!
— Гэтая станцыя за дзесяць кіламетраў ад нашай тэрыторыі…
— Вы прыйшлі вучыць мяне геаграфіі? — вельмі незадаволена спытаў гаспадар кабінета, глянуўшы на карту рэспублікі.
Загадчык ведаў, пад які ўдар траплялі людзі, якія мелі неасцярожнасць сказаць свайму кіраўніку агульнавядомую ісціну ці спрабавалі прасвяціць яго ў тым, што сам ён добра ведаў.
— Дзесяць кіламетраў для радыяцыі…
— Дзякуй. Вы прасвяцілі мяне, — уедліва i абразліва перапыніў Лявонцій Мікалаевіч i ашаламіў нечаканым пытаннем: — Вы доктарскую абаранілі?
— Не яшчэ.
— Старайцеся. Пакуль займаеце кабінет у гэтым доме, лягчэй будзе абараняцца.
Што ён мог адказаць на такое, мякка кажучы, хамства? Пракаўтнуць жабу… Але яна стаяла ў горле i ў грудзях — грудная жаба. Трэба валідол. Аднак паспрабуй тут, перад ім, пакласці таблетку ў рот — заўтра ж цябе «камісуюць». Каму трэба хворыя работнікі ў такой установе ў такі адказны час! Ідзе перабудова!
Магчыма, угледзеў Лявон, як счарнеў падначалены, бо сказаў лагодна:
— Давайце вашу дакладную.
— Яна не мая. Але я гатовы падпісаць яе.
— Хвалю за салідарнасць. Вы дастойны вучань. Мартынюк ваш навуковы кіраўнік? Я правільна інфармаваны?
Лявонцій Мікалаевіч меў яшчэ адну якасць, якую ў аднаго чалавека можна назваць выдатнай, у другога небяспечнай. Ён усё помніў аб людзях: хто калі ўзняўся, узнагародзіўся, хто дзе спатыкнуўся, у каго што запісана ва ўліковай картцы; ён, напрыклад, не ведаў жонак супрацоўнікаў у твар, але помніў ix імёны, імёны па бацьку i здзіўляў шмат каго, перадаючы прывітанні; яго мала цікавілі ўдачы, поспехі ix дзяцей, але калі хто з сыноў работнікаў вышэйшага эшалона насваволіў — напіўся, развёўся, ён пра гэта невядома праз якія каналы хутка ўзнаваў i доўга помніў.
— Інфармацыя ў вас выдатная.
Лявонцій Мікалаевіч пільна паглядзеў на падначаленага: сур’ёзна ён ці з падколкай?
Дакладную Лявонцій пагартаў — шэсць старонак на машынцы, i паклаў убок на стус іншых папер.
— Мартынюк просіць неадкладна прыняць яго. Чакае ў маім кабінеце.
— Неадкладна?
— Я прашу вас прачытаць дакладную зараз жа.
— Ну, калі вы просіце… Хіба магў адмовіць вам?.. — гумар у яго нярэдка здзеклівы. Аднак пачаў чытаць.
Праз дзве-тры мінуты Іван Міхайлавіч угледзеў, як выцягнуўся твар у кіраўніка, на лбе — ніколі такога не бачыў — пачалі з’яўляцца адна за адной маршчыны: прачытаны абзац — маршчынка, абзац — маршчынка. Лысіна бялела, а шыя пад вушамі бурэла, быццам кроў у артэрыях i венах запякалася, Івану Міхайлавічу ажно страшнавата стала — ведаў, што Лявонцій гіпертонік. Сапраўды спалохала, калі ён, не адрываючыся ад паперы, пачаў слепа мацаць рукой стол. Намацаў фламастэры, перабраў ix пальцам! не гледзячы, выбраў чырвоны i размашыста паставіў на полі старонкі вялікі клічнік. Адгарнуў ліст назад i меншы клічнік напісаў на папярэдняй старонцы. Адарваўся ад тэкста, зняў акуляры, паглядзеў на загадчыка чырвонымі вачамі, быццам прачытаў не чатыры старонкі, а добрую сотню. Спытаў:
— У яго зігзагаў не было?
— Якіх зігзагаў?
— А вось гэтых, — красамоўна пакруціў пальцам каля скроні i ляпнуў далонямі па паперы, загрымеў: — Дык гэта ж чысцейшая шызафрэнія! Вы чыталі?
— Чытаў.
— I спакойна седзіце? Без абурэння? Гатовыя падтакаваць вашаму свяцілу? Ды вы прачытайце, што ён прапаноўвае! Эвакуацыю са стокіламетровай зоны! Закрывай, значыцца, Мазыр, Хойнікі, Рэчыцу, а можа, i Гомель. Колькі там па прамой? Абсурд! Вы ўяўляеце, што гэта такое? I вы мне яшчэ даказваеце, што гэта здаровы чалавек, аўтарытэтны вучоны!.. Згаджуся з адным, што ўсе яны з заскокам, вучоныя вашы. На вас пакуль што не распаўсюджваю… Вы думаеце, нармальны чалавек пачаў бы расшчапляць атам, выпускаць такога джына?..
Падняўся, выйшаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце i ўжо, бадай, спакойна, даверліва, што было неўласціва гэтаму чалавеку, які ў кожным з падначаленых бачыў свайго нядобразычліўца, сказаў незвычайную тыраду — філасофскі праклён навуцы.
Іван Міхайлавіч здзівіўся. Тут — i ў малой зале за сцяной, i ў вялікай унізе — ён чуў ад гэтага чалавека крытыку асобных вучоных, але вельмі высокую ацэнку ўсёй навуцы, гарачыя заклікі ўкараняць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу i бязлітасны разнос тых, хто не рабіў гэтага. I раптам — анафема навуцы! Дзівак. Моцна ж зачапіла яго за жывое. Што? Сама аварыя? Ці Мартынюкова «трызненне»?
Аднак «філасофія» ўтаймавала яго. Сцёрліся пісягі на лбе, паружавела шыя. Вочы, якія ў час тырады былі ў касмічнай далечы, вярнуліся ў кабінет, скіраваліся на субяседніка.
Іван Міхайлавіч узбадзёрыўся. Пры ўсім пры тым гэты чалавек умеў часам прымаць нечакана для ўсіх смелыя рашэнні. Можа, i зараз вось такім пакручастым шляхам ідзе да такога рашэння?
Лявонцій Мікалаевіч спыніўся каля дзвярэй у пакой для адпачынку i напалеонаўскім жэстам паказаў рукой на тэлефонны столік, дзе вакол вялікага селектарнага апарата з мноствам кнопак стаяла штук пяць дыскавых рознага колеру.