Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Паедзем ад нашых. Ліза i Віктар… вы не знаеце, якія яны дзелавыя. Як бацька. Яны прыдумаюць. Яны ўсё ўмеюць. Віктар праз любыя кардоны правязе. З нашага сяла многа хлопцаў працуе там, усе дарогі знаюць… Я пазваню Віцю, каб прыехаў,— але тут жа ўздыхнула. — Не, Віця ўжо, канешне, цёпленькі.

— Не на ноч жа гледзячы, Ірыначка. Заўтра. Заўтра раніцою… Ды i здаецца мне: Глеб сёння прыедзе. Глеб прыедзе!

Раздзел 3

Аўрал

I

Лявонцій Мікалаевіч — вялікі працаўнік. Ca студэнцкіх гадоў у яго быў суровы парадак — прачынацца не пазней шасці. Толькі тройчы за год ён дазваляў сабе паснаць пазней — першага студзеня, другога мая i восьмага лістапада. Адсыпаўся ледзьве не да абеду, набіраў сну на месяцы напружанай працы. У яго пурытанскім жыцці — не піў, не курыў, не гуляў ні ў карты, ні ў більярд, на лыжах, праўда, хадзіў — тры дні сну былі ўзнагародай не толькі самому сабе, але i ўзнагародай хатніх — жонкі, дачкі, унукаў: усе шанавалі i пільна ахоўвалі яго сон. Акрамя зяця. Той, няўдзячны свінтух, п’янюга, мог па-конску фыркаць у ванне, па-разбойніцку свістаць пад акном дачы. Любога іншага за такую непавагу Дырэктар расцёр бы ў парашок, а зяця не крані: жонка i дачка дзьмухаюць на яго, як на скулу, — не пакрыўдзіўся б Генадзічак; ад крыўды яго пакутавала хваравітая Тоня. Чуў, як за адчыненым акном зяць бухае валейбольным мячыкам. Чуў нават як упрошвала дачка i павяла некуды ў лес ці на пляцоўку побач з дачай суседа. Няхай пабухаюць ля таго аматара паесці, выпіць i паспаць.

I Лявонцій Мікалаевіч зноў пагрузіўся ў салодкі сон. I сніў прыемнае — дзіцячую гульню.

Разбудзіла жонка, далікатна тузала за плячо.

— Лёня… Лёня, прачніся. Тэлефон. Ягор Кузьміч.

Напружыў сонную памяць, успамінаючы, хто з яго падначаленых Ягор Кузьміч, каб у думках паслаць яго… Але ўбачыў трубку, якую працягвала жонка, — пераключыла тэлефон на спальню; па колеры трубкi сцяміў, які Ягор звоніць. Адкінуў коўдру, падхапіўся з ложка, выцягнуўся ў пакамечанай піжаме ўсё роўна як у парадным мундзіры.

— Слухаю, Ягор Кузьміч.

— Ca святам.

— Дзякую. I вас.

— Што ў вас робіцца ў сувязі з аварыяй?

— У нас? Паставілі жывёлу на стойлавае ўтрыманне. Учора на трыбуне на гэтай меры настойваў старшыня аграпрома.

— На якой адлегласці вы?

— Кіламетраў сорак-пяцьдзесят.

— Ды не. Мне далажылі: бліжэй.

— Вы маеце на ўвазе вёскі?

— У сё, дзе жывуць людзі.

— Вёскі бліжэй. Райцэнтры…

— Ёсць думка вучоных: эвакуіраваць з вашых сёл малых дзяцей i цяжарных жанчын. Не цягніце. Увечары засядае Палітбюро. Буду дакладваць.

— Слухаюся, Ягор Кузьміч.

Палажыўшы трубку, Лявонцій Мікалаевіч ажно застагнаў, спалохаўшы жонку.

— Што здарылася, Лёня?

— Нічога.

A перажываў ён з-за драбязы. Для каго іншага, можа, i драбяза, а для яго — аварыя. Не мог дараваць сабе. Навошта павялічыў адлегласць? З якой мэтай? I атрымаў моцную пстрычку па носе. Слёзы коцяцца. Каб жа не ведаў, то было б даравальна. Але ж добра ведаў, на якой адлегласці ад станцыі бліжэйшыя беларускія вёскі, назвы гэтых вёсак запомніў з тапаграфічнай карты — дакладваў начальнік грамадзянскай абароны. Але як дакладваў? Без трывогі. Во хто вінаваты — начальнік. I вучоныя. З ix трэба зняць стружку!

«Што ў вас робіцца?» А што ў нас робіцца?

Пазваніў загадчыку аддзела навукі. Падняў з ложка, як паднялі яго. Спытаў без вітання, без прэамбулы:

— Што ў нас робіцца па дакладной Мартынюка?

Іван Міхайлавіч засоп у нос. Што робіцца? Дакладная, пазначаная сінім i чырвоным фламастэрамі, была спушчана яму, але, акрамя яго размашыста напісанага прозвішча, ніякай рэзалюцыі на ёй не было. Што ж можна было зрабіць?

— Выехала група з Гомельскага універсітэта.

— Медыкі выехалі?

— Гэта не па маёй часці.

Дырэктар вылаяўся.

— Дзеячы! Раздзялілі рэспубліку на дзялянкі. I самі не знаеце, дзе чыя частка. Я павінен паказаць вам. Чаму Мартынюк не дачакаўся прыёму?

Іван Міхайлавіч сціснуў трубку да болю ў пальцах i засоп мацней. Паспрабуй сказаць, што чакаў да шасці вечара. Немагчыма прадбачыць рэакцыі. Але пэўна адно: з памочнікам адносіны сапсуеш, бо віна будзе перанесена на яго, калі сказаць шэфу праўду, што званіў памочніку многа разоў у прысутнасці акадэміка. Сябе Дырэктар не абвінаваціць, не было такога яшчэ. Вінаватымі будуць яны, выканаўцы.

Уздыхнуў, сумна згадзіўшыся:

— Не дачакаўся.

— Ганарысты народ! Вучоныя! Анархісты. Пабылі б у нашай скуры. Знайдзіце Мартынюка. Зараз жа. I збярыце загадчыкаў i міністраў. Начальніка грамадзянскай абароны. Астатнім я пазваню сам. Праз гадзіну нарада… У зале пасяджэнняў…

Іван Міхайлавіч змоўчаў, у яго пасінелі не толькі пальцы рукі, што сціскала трубку, але i вушы.

— Вы ў арміі служылі?

— Служыў, Палітработнікам.

— Яно i відаць. Лічыце сябе мабілізаваным. Сітуацыя незвычайная. Задачу зразумелі?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: