Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Пакой быў вялікі, інтэрнацкі, раней у ім жыло чалавек дзесяць дзяўчат, якія клеілі, наладжвалі вясёлыя гармонікі. Пасярод стаялі дзве шахтныя стойкі — падпіралі столь, — абвешаныя, як i калідоры, адзеннем, пераважна дзіцячым.

Але не гэта ўразіла наведвальнікаў. Паміж стойкам! на вузлах сядзела мадонна з дзіцем на руках, паўтарагадовым хлопчыкам — анёлам, толькі што без крылаў. З бакоў да мамы туліліся яшчэ трое малых, дзве дзяўчынкі i хлопчык, самая старэйшая, школьніца пятага класа, стаяла каля акна з пакутлівым выглядам — нясцерпна сорамна было ёй, піянерцы, за ўсё, што тут адбываецца. Ёй, малой летуценніцы, якраз хацелася паехаць хоць куды — куды павязуць. A ў куце за стал ом сядзелі трое мужчын і… пілі самагонку. Міністра культуры ўразіла, што ніхто тут не здзівіўся нечаканым няпрошаным гасцям i не збянтэжыўся, акрамя хіба школьніцы.

За спіной у Пыльчанкі невядома адкуль — з-за завалаў калідорных, ці што? — з’явілася Дар’я. Не даўшы павітацца як мае быць, абурана прадставіла:

— Во, Уладзімір Паўлавіч, палюбуйцеся на яе! Забастоўшчыда!

— Ты не будзеш забастоўшчыдай, бо купаешся, як сыр у масле.

— Я купаюся?

— Ша! — па-бацькоўску супакоіў ix старшыня i да гаспадыні проста, лагодна, добразычліва: — Галя, трэба ехаць. Павер мне, сітуацыя такая, што дзяцей трэба вывезці пакуль што… пакуль ачысціцца… Ды i цябе… маці…

— Не паеду! — абняла дзяцей, прытуліла да сябе, як быццам ix гвалтоўна адбіралі, загаласіла. — Дзетачкі мае родныя… Во i дачакаліся мы хаткі! Во i пажылі ў ёй!

Уладзімір Паўлавіч узлаваўся.

— Не ламай камедыю! Не палохай дзяцей! Вузлы сабрала? Дар’я! Дзе аўтобус?

— Стаіць аўтобус. З дзецьмі. Пад сонцам пякуцца.

— Чула, колькі дзяцей цябе чакае?

— Не паеду! I дзяцей не пушчу. Не аддам! Знаю я вас! Вам хочацца вывезці нас, каб кватэры не даваць. А дзе хто нас чакае?

— Ды дам я табе кватэру. Прыйдзе ўсё ў норму…

— Вы да Першага мая абяцалі.

— Абяцаў. Але ж, бачыш, не да таго было.

— Вам не да таго. А мне да таго? Куды я дзенуся з дзецьмі? Няхай ужо лепш памруць ад етай праклятай радыяцыі,— i разжалобіла сябе — залілася слязамі, а за ёй i дзеці. Старэйшая падышла, насмела папрасіла:

— Ма-ма.

Дзіўныя былі паводзіны мужа: як i не было яго тут, як i не чуў ён нічога, ды i ўвогуле ўсе трое выпівак рабілі выгляд, што нічога з таго, што адбывалася ў пакоі, ix не датычыцца. Прапусціўшы па шклянцы мутнаватай вадкасці, смачна закусвалі салам i кілбасамі — у цэнтры стала стаяла ненатуральна вялікая патэльня з апетытнай смажанінай.

A між тым у пакой пачалі набівацца суседзі, пераважна жанчыны, хоць у калідоры чуліся i мужчынскія галасы, даляталі п’яныя жарты. Такой сітуацыі i ён, Пыльчанка, не мог прадбачыць. Дарэмна пацягнуў сюды сталічных гасцей. Узлаваны, хацеў паказаць ім барак. А паказвае сваю бездапаможнасць. Не, бездапаможным ён ніколі не быў ці, ва ўсякім разе, ніколі не адчуваў сябе такім! Азірнуўся. Дзесяткі пар вачэй глядзелі на яго па-рознаму: хто з чаканнем праўды, хто з насмешкай — мужчынскія, а хто i ca злосцю.

— Дар’я!

— Ай!

— У каго ключ ад кватэры?

— Ад той?

— Ад той.

— У будаўнікоў ці ў гарсавеце.

— А той, што я табе перадаў?

— Дык я ж аддала…, — i плюскала вачамі, каб ён — крый божа! — не прагаварыўся, каму яна аддала ключ ад новай кватэры.

— Хапай маю машыну i каб праз пяць мінут ключ быў у маіх руках. Я ўручу яго Галі перад усім народам. Чуеш, Галя?

— A ці спатрэбіцца яна, кватэра ваша? — раптам адгукнуўся голас ад стала, — Вунь Кіеў высяляюць. А дзе Кіеў, а дзе мы! Ад нас — рукой падаць…

— Ты што — ужо бачыш Кіеў? — адпарыраваў Пыльчанка.

За спіной засмяяліся.

— Ён i Маскву бачыць.

Дар’я нахілілася i па-змоўніцку зашаптала:

— A калі не аддасць?

— Слухай! Я што сказаў, чорт вазьмі! — загры меў Пыльчанка. — Скажы тады яму… Паўтарыць, што ты павінна сказаць. Сама ведаеш? То дзейнічай! I далей… На гэтай жа машыне перавязеш Быхоўскіх у кватэру. Аўтобус адашлі. Зараз жа! I на гэтай жа машыне завязеш гэтую сям’ю… без бацькі!.. У Ягадны Бор. Там рыхтуюць пансіянат.

— Во. Без бацькі! Чулі, мужчыны?

— А ты што — у дзіцячы дом захацеў?

— Начальнікі! А з намі што будзе?

Галя маўчала. Галю скарыла яго рашучасць. I гэта астудзіла i самога старшыню. Але сур’ёзнае пытанне сталай жанчыны зноў завяло, i ён бязлітасна выставіў наперад упаўнаважаных — няхай не стаяць назіральнікамі ААН:

— А во тут міністр аховы здароўя. Ен вам растлумачыць.

Людзі хлынулі з калідора, абцяклі ix, што вясновая вада курган, запоўнілі пакой, засланіўшы i стол, i школьніцу, вочы якой адразу павесялелі, як толькі маці моўчкі згадзілася на выезд, а перад тым на пераезд на новую кватэру. Страшна было малой ад невядомасці i… радасна ад перамен, ад падарожжа.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: