Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Без слёз эвакуіраваных, з трагічным маўчаннем, што горш за слёзы, праводзілі першую партыю аўтобусаў — жыхароў суседняй вёскі, надпрыпяцкай. Людзі гэтыя заўсёды жылі адасоблена, бо большасць старых i сталых былі баптыстамі; вясёлыя бязбожныя палешукі не любілі гэтых святых. Можа, таму мала хто выйшаў з клуба, з канторы следам за імі.

A пайшлі поўныя аўтобусы, на ix месца падалі пустыя — i натоўп высыпаў на вуліцу. Не, заняць месца ў аўтобусах не спяшаліся. Першыя выйшлі старыя, разгарнулі багародзіцу i запелі малітву. Вось табе i бязбожныя! Малодшыя стаялі за агароджай канторскага двара, як бы адмежаваліся, але стаялі моўчкі, слухалі паважліва, журботна. Не ў старых, што маліліся, a менавіта ў маладых, у жанчын асабліва, вочы набрынялі слязамі. Ды i ў Пыльчаша зноў жа салёны камяк падкаціўся да горла i ажно душыў. I Пустаход выцер вочы рукавом.

Садзілася сонца. Завалаквалася нейкай імжой i ад гэтага рабілася жоўтым. З ракі пацягнула вільгаццю.

«Адтуль цягне», — падумаў Пыльчанка. Пэўна, i Пустаход думаў пра гэта, бо нечакана, упершыню за час гэтых незвычайных збораў, выказаў ініцыятыву:

— Даю каманду, Паўлавіч!

— Усе сабраліся?

— Хіба падлічыш? Некаторыя паехалі ў госці. Да сыноў. Да зяцёў. Свята. Трэба ў Гомелі, у Мазыры, ды i ў нас па радыё перадаць, куды ім вяртацца, дзе шукаць сваіх. Ох, бог мой!

Пыльчанка запісаў гэтую слушную думку ў блакнот.

— Цярэшка Шкот, чортаў шкод, яўна браканьерствуе, нідзе не знайшлі.

— Гэта дрэнна.

— Дрэнна. Хлопец з ім, Якуціхін. Рыхтуе сабе, зладзюга, змену.

— Заўтра прыедзеш i ўсіх падбярэш. I Шубу.

— Тых забяру. А Шубу не падніму.

— Слабы ты старшыня.

— А хто выдумаў, што я дужы? Вы ж i выдумалі.

— Не апускай рукі, Іван!

— Самі апускаюцца.

Падышла Паша, дачка Пустахода, сказала вельмі коратка:

— Бацька, Ліза…

Што з Лізай — ніхто пэўна не здагадаўся. I Пыльчанка таксама. Але ён даўно заўважыў, што самую ціхую нешматслоўную дачку сваю бацькі разумелі з паўслова. I тут Пустаход адразу ахнуў:

— Ах, бог мой! — i пайшоў да сваёй сядзібы.

Хапала ў Пыльчанкі спраў, вось-вось трэба грузіць асноўную масу сяльчан у аўтобусы, a аўтобусаў яўна не хапае, трэба званіць Сінякову, які застаўся галоўным каардынатарам, i прасіць… Прасіць? Не, сёння ён самога пана бога, якому моляцца жанчыны, не стане прасіць. Сёння любому, хто не падаў аўтобусы, не прыслаў нарыхтоўшчыкаў, не прывёз мінеральную ваду, настойку ёду, ён можа сказаць толькі такія словы, якія толькі што сказаў старшыні райспажыўсаюза, — гарачыя, радыеактыўныя, як сама атмасфера. Любому: Сінякову, Аляксею, Вадалею… Аднак не вытрымаў, каб не пайсці за сватам: устрывожыла i яго — што з Лізай?

Ліза ляжала на ўсходцах ганка, раскінуўшы рукі на ўсю яго шырыню, i як расплылася на ім: мажная жанчына здалася худой i плоскай. Можа, таму, што i ў галаве яе, i па баках, i ў нагах горамі ўзвышаліся вузлы дабра. Над ёй бездапаможна стаялі маці i муж. Галаву не падняла, але, мабыць, пачула, што падышоў бацька.

Загаласіла:

— Ай, хатачка мая, ай, родная! A колькі ж я ў цябе ўклала сілачкі! А каму ж я цябе пакіну? Сіраціначка ты мая! Згінеш ты без мяне… Спаляць цябе людзі злыя…

Іван Іванавіч разгублена i жаласліва папрасіў:

— Ліза, супакойся… Не адны мы… усе пакідаюць…

А Пыльчанку апанавала злосць, магчыма, што прычынай яе сталі гэтыя тоўстыя клункі, бо падумаў: «Во на што ішла яе праца!»

Сказаў з уедлівым сарказмам:

— Слухай! Шкада, часу няма, а то я расказаў бы табе, колькі з дня аварыібачыў спектакляў… трагедый, камедый. A ў цябе… хіба гэта спектакль? Фарс. Во Шуба толькі што іграў… Качалаў! А галоўнае: праўдзіва, паверыў я…

Ліза крута павярнулася, села на ўсходцах, запусціла пальцы ў косы, разбурыла куксу, валасы пасыпаліся на плечы, на твар.

Уладзімір Паўлавіч скалануўся. Не, не фарс гэта — трагедыя: у жанчыны страшныя вочы, непрытомныя, несвядомыя. Такіх вачэй ён не бачыў. Бачыў страх. Але гэта не страх ці не проста страх, тут такое пачуццё, якому, напэўна, няма вызначэння i ў псіхіятраў. А самае дзіўнае, што людзі, якія былі моцнымі ў рабоце, у бядзе паказваюць сябе слабымі.

— Не магу я жыць без яе! Не хачу! Спалю! Лепш спалю! — закрычала Ліза. — Мне лягчэй будзе…

— Запалкі даць? — але тут жа сцяміў, што не да месца тут яго іронія, так гаварыць можна было з Шубай, i ўзлаваўся ўжо не толькі на Лізу — на сябе, на Пустахода, на ўвесь свет, сарваўся на крык: — Дурніца! Спаліць яна! Праз тыдзень-два вернешся… Ты думаеш, жыццё канчаецца? Дэзактывацыю правядзём — будзем жыць!

Але страшнае было ў тым, што ’Уладзімір Паўлавіч не верыў у свае пераконанні, мазгі, што дзяцел дрэва, дзяўбло кароткае слова: «Навечна». Здаралася, што яму прыходзілася гаварыць людзям словы, у якія сам не верыў, але там было зусім іншае, там сказаў — i забыўся, ці зрабіў інакш, не па словах, ды i людзі часцей за ўсё білі не па яго словах. А тут што скажаш? Ад таго, што мусіш гаварыць суцяшальную няпраўду, пячэ цябе злосць, i няма ёй выйсця ні ў лаянцы, ні ў ласкавасці. Так i кідаешся з адной крайнасці ў другую. Сказаў ласкава:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: