Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Лявонцію не спадабалася ігнараванне яго паправак. Але ён добра ведаў ATK, зразумеў яго хітрасць: за такі кароткі час новую канцэпцыю не збудуеш i мусіш без тэкста выступаць па тэксту… па папраўленаму, будзеш акцэнтаваць на спецыфічна медыцынскія аспекты i не палезеш са сваімі ацэнкамі агульнай сітуацыі.

Калі міністр выйшаў, ATK весела сказаў: хацеў разрадзіць атмасферу:

— Калі ў нас распухнуць прастаты, а да гэтага нядоўга, ён будзе выразаць ix.

Лявонцій Мікалаевіч адчуў боль ў ніжняй частцы жывата. Болі такія зрэдку з’яўляліся i раней, але тэрапеўт супакойваў: каліт. Уролагу ён не паказваўся. Напамінак пра магчымасць старэчай хваробы спалохаў i ўзлаваў — узлаваў напамінкам пра гады: падбіраецца пенсійны ўзрост. I ён нечакана для сябе, а яшчэ больш для ATK, спагнаў злосць на намесніку:

— У вас дурацкія жарты! Менш расказвайце анекдоты! Распусцілі языкі! Балбатуны, а не ідэолагі! Работаць трэба! А не пра яйцы свае думаць! Вакол — адны правалы.

ATK ведаў свайго шэфа, ведаў, што, калі той «сарваўся», ратунак адзін — хутчэй знікнуць. I яго як ветрам здзьмула. Сакратарка i тыя, што сядзелі ў прыёмнай, свае, па выглядзе трэцяга чалавека ў іерархіі ўстановы сцямілі, што ў кабінеце бура, i паспяшаліся за ім: пачакаюць самыя неадкладныя справы, наліха ім падстаўляць свае галовы. Няхай сціхне тайфун. Тут ён больш небяспечны, чым чарнобыльскі.

Лявонцій Мікалаевіч разумеў, што яму трэба наведаць зону бедства.

Але жонка i дачка, ды i памочнікі некаторыя, што клапаціліся пра яго, як пра бацьку роднага, адгаворвалі ад паепешлівай паездкі.

— Хіба мала ў цябе памочнікаў, якім па абавязку службоваму трэба знаходзіцца там? Ix нагружай. А ты ўсё сам, — пераконвала анёл-ахоўнік — жонка.

— Ды сам, — з жалем да сябе згаджаўся Лявонцій, бо сапраўды рабіў, не шкадуючы часу. Рэдка калі вяртаўся на дачу раней дзевяці вечара. Выхадных не меў.

Ды, урэшце, меў i маральнае апраўданне, каб адкладваць паездку: адным з першых наведаў Гомель, першамайскімі святамі ахвяраваў. Правёў абласную нараду. Кіраўнікі раёнаў, што пацярпелі ад аварыі, з першых вуснаў атрымалі ўказанні. Няхай выконваюць! Працаваць трэба!

Не пазбаўлены чалавек быў сіндрому даўняй хваробы кіраўнікоў высокіх — пераконанасці: без яго ўказанняў Пыльчанка i яму падобныя не могуць ведаць, што ім рабіць. Не могуць ведаць. I не ведаюць. Кацяняты сляпыя. Тыцкаюцца мордачкамі ў мамін жывот, шукаючы саскі.

Станцыю наведалі члены Палітбюро. Далей адкладваць паездку нельга было, гэта зразумела нават жонка.

Сам Лявонцій Мікалаевіч не збіраўся ў дарогу, такой прозай не займаўся даўно. Ведаў, што яго збяруць у любую паездку, дальнюю i бліжнюю, у Пухавічы i ў Японію.

I яго збіралі. Цэлы дзень. Хатнія i гаспадарчае ўпраўленне. Кіраўнік гэтага ўпраўлення i раней часам званіў Ніне Паўлаўне: што трэба? A ў той дзень званіў неаднойчы. I яна яму званіла. А як жа інакш? Сам едзе ў небяспечную зону! Што туды трэба? Чаго нельга забыць, думаючы пра бяспеку яго?

З сабой у вялікую чорную машыну Лявонцій Мікалаевіч узяў старшыню аграпрама — каб не гнаць лішні транспарт, не спынялі барацьбы за эканомную эканоміку.

Старшыня з’явіўся дакладна, мінута ў мінуту, але з адным тонкім «дыпламатам», у якім маглі змясціцца хіба паперы ды мыла. Гэта здзівіла: чалавек ужо двойчы ездзіў у зону.

Лявонцій Мікалаевіч не прынізіўся да праверкі свайго багажа, але па зборах i размовах жонкі, дачкі, унукаў ведаў, што багажу таго нямала. Хатнія радыёлагі яму прадпісвалі: як можна хутчэй змяніць трусы, майку, шкарпэткі, сарочку, штаны, чаравікі. Адным словам, поўнае абнаўленне амуніцыі. А куды забруджаную? Ды i дзе пераадзецца? У машыне? У лесе? На людзях? Наіўныя жанчыны. У гасцініцы. Якая мудрасць! Без ix ён не дадумаўся б! Але начаваць ён мае намер у Гомелі. А дабярэцца туды хіба апоўначы. Там, канешне, змые нукліды i ляжа ў чысты ложак у чыстай бялізне.

Tоe, што аграрнік з’явіўся бадай што без зменных майкі i трусоў, супакоіла — сам жа ён даказваў, што небяспекі няма, i ў выступленні міністра выкрасліў усе перасцярогі, але абудзіла i раздражнёнасць, што ён усё ж паддаваўся агульнай паніцы i з градамі, i з гэтым пакункам бялізны на два дні камандзіроўкі. Раздражніўся супраць звышасцярожнай жонкі, супраць падхалімаў-памочнікаў i супраць вось гэтага піжона з тонкім «дыпламацікам», старшыню не любіў, бо той часта дазваляў сабе не згаджацца з яго ўказаннямі, як больш вырасціць хлеба i надаіць малака.

У машыне гаварылі аб перапрацоўцы забруджаных (у дазволеных навукай дозах) прадуктаў раслінаводства i жывёлагадоўлі. Менш за ўсё застаецца радыяцыі ў лёгкіх фракцыях, практыкай праверылі,— у масле, у спірце.

— Спірт выключаецца, — сказаў Лявонцій Мікалаевіч. — Не будзем спайваць народ.

— Ён сам сап’ецца. Ад нашага глупства. Вёска гоніць самагон — дым каромыслам стаіць. У горадзе выпілі адэкалон, ласьёны, дабіраюцца да лакаў і… да ваксы.

— Да чаго?

— Да ваксы. Для ботаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: