Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Лявонка і ўвесь клас слухалі як зачараваныя. Старое ўваходзіла ў іх свядомасць як новае. Нечаканасцю з'явіліся словы настаўніка пра тое, што ў маёнтку Лышчыцы (гэта зусім недалёка ад Прускі) жыў некалі выдатны чалавек — Казімір Лышчынскі, імя якога ведала Еўропа.

— Я не здзівіўся б, — страсянуў настаўнік сваёй пшанічнай чупрынай, — калі раптам аказалася б, што сярод вас сядзіць нейкі яго далёкі родзіч — нашчадак таго Казіміра.

«Дык Лышчыцы ж усяго за некалькі вёрст ад Прускі,— падумаў Лявонка. — Аказваецца, Лышчынскі напісаў кнігу „Аб неіснаванні Бога“, у якой даказваў, што Бога няма. Грэх падумаць!»

Станіслаў Арцёмавіч узяў са стала кнігу і адкрыў на мясціне, адзначанай закладкай.

— «Блюзнерства яго цяжка было і слухаць, якое я, каб не распуснічаць, пісаць апускаю», — вось так пісаў пра Лышчынскага адзін з яго богабаязных сучаснікаў-храністаў таго часу. Царкоўны суд прыгаварыў вальнадумца да жорсткага пакарання — яго спалілі на агні.

— Жывым? — дрыжачым голасам спытаў Змітрок Зуб.

— Жывым. Было гэта амаль трыста гадоў назад, яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага.

Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся па класе.

— У нас слаўная гісторыя, аднак яна абышлася з намі, мясцовым людам, бязлітасна, сурова. Сталася так, што, на жаль, мы страцілі сваю гістарычную назву — Літва…

«Дзе ж была тая Літва? Калі?» — не пераставаў думаць Лявонка, ідучы пасля заняткаў да Нохімавай хаты. Вучні шмат спрачаліся паміж сабой, асабліва на гістарычныя тэмы. Іх цікавіла, чаму мястэчка, у якім знаходзіцца іх вучылішча, называецца Камянец-Літоўск.

Настаўнік тлумачыў:

— Гэта цэлая гісторыя. Некалі быў тут дужы народ — яцвягі. Пабілі яго крыжакі. Мы толькі невялічкі асколачак, што застаўся ад гэтых людзей. Па часе вы дазнаецеся і пра тых, хто заснаваў наш горад, і што было далей.

На вуснах Станіслава Арцёмавіча блукала добразычлівая ўсмешка. Лявонку хацелася даведацца, хто былі тыя крыжакі, але запытаць ён не адважыўся.

Аднаго разу, калі ўрок падыходзіў ужо да свайго завяршэння, Лявонка не вытрымаў, падняў руку, устаў і сказаў:

— А дзядуля кажа, што тыя князі былі не літоўскія, а нармандскія…

Сказаў і сумеўся, бо звычайна ён не любіў вытыркацца наперад, але тут неяк атрымалася само сабой.

Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся паміж радамі. Раз і два. Павярнуўся да класа:

— Н-не. Нармандцы, ці, як іх яшчэ называлі, вікінгі, к таму часу — гэта ж трынаццатае стагоддзе — ужо збавілі сваю актыўнасць, іх час мінуў. А зрэшты… Першы камень у дзяржаўны падмурак у тую эпоху часта закладвалі менавіта прыхадні… Словам, прызнаюся, што гатовага адказу на гэтае пытанне ў мяне пакуль што няма…

Географ Пётр Пятровіч таксама адорваў немалымі адкрыццямі, вандруючы са сваімі вучнямі па неабсяжных прасторах свету.

Лявонка разам са Змітраком Зубам любілі разглядваць геаграфічную карту, што вісела ў класе, учытвацца ў назвы заморскіх краін, астравоў і мацерыкоў. Аднойчы быў выпадак, калі Пётр Пятровіч пацікавіўся дасведчанасцю вучняў у гэтай галіне сваёй навукі.

— Хто мне назаве ўсе часткі свету? — спытаў ён.

Узяўся назваць Змітрок, выкінуўшы ўверх руку. Пералічыў пяць і спыніўся.

— А колькі ўсяго частак свету?

— Шэсць! — крыкнуў нехта з задніх радоў.

— Дык якая шостая, хто ведае?

Падняў руку Лявонка.

— Калі ласка, Кужаль.

— Амэрыка! — сказаў Лявонка.

Калі б хто тады сказаў, што з гэтай Амерыкай у яго будзе звязана цэлая старонка жыцця, ніколі б не паверыў. Якіх толькі нечаканасцей не дае жыццё!..

Па-свойму цікавымі былі ўрокі свяшчэннай гісторыі, якую выкладаў святар камянецкай царквы айцец Нікадзім. Уразіла тое, што адбылося з Вавілонскай вежай.

— Гэта, — распавядаў айцец Нікадзім, няспешна пасоўваючыся па класе і падмятаючы падлогу сваёй доўгай апранахай, — было ў глыбокай старажытнасці, даўно, яшчэ калі ўсе людзі на адной мове гаварылі.

Клас прыціх.

— На адной мове гаварылі, і ўсе адзін аднаго добра разумелі,— патлумачыў айцец Нікадзім, — але гардыню сваю ўмерыць не маглі.— Бацюшка шматзначна падняў уверх палец. — Захацелася гэтым людзям пакінуць пасля сябе памяць на векі вякоў! Камусьці з іх скорапаспешна прыйшла ў галаву думка сабрацца разам і пабудаваць высокую вежу, ажно каб да самага неба! Усе згадзіліся — і закіпела праца ды яшчэ як! Знайшлі для вежы высокую гару, і будаўніцтва пачалося. Адны гліну месяць, другія з яе цэглу робяць, трэція гэтую цэглу абпальваюць, чацвёртыя — наверх падаюць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: