Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
— Фар вус, гатаню, ціст мір азелхэ цурэс? О, ду біст гэрэхт!.. [3] — сказаў Нохім на незразумелай Лявонку мове.
— Усіх чакае апраметная, — уздыхнуў Штрыкман, а Нохім, ужо без якой-небудзь сувязі з папярэдняй размовай, паскардзіўся:
— Ой, гэтыя заказчыкі! Кожны стараецца, каб менш заплаціць…
Штрыкман, пакінуўшы малако, пайшоў.
…Як заўсёды, у нядзелю Лявонка чакаў некага з дому. Ехалі праведаць яго, а заадно па гаспадарчай патрэбе на базар: прадаць што-небудзь і што-небудзь купіць. Бацька альбо дзед прывозілі звычайна буханку хлеба, круп, кавалак сала, цыбуліну ці яшчэ што. Пры гэтым наказвалі:
3
— За што, Божа, прычыняеш мне столькі гора? (яўр.)
— Помні, сынок, трэба дзяліцца з іншымі, калі ў каго няма.
Аднойчы Лявонка хацеў пачаставаць Нохіма дамашняй каўбасой і вельмі быў здзіўлены, калі той адмовіўся.
Часцей наведваў дзед. Унук міжвольна ў думках параўноўваў яго з Нохімам і знаходзіў, што яны ў нечым падобныя.
Кірыла спачуваў сябру:
— Трэба вам, таго, большую хату, прастарнейшую!
Замест адказу Нохім расказаў яму адну з сваіх гісторый.
У гэтых яго гісторыях была мудрасць і нешта такое, што выклікала ўсмешку. Расказваючы, ён вельмі хваляваўся:
— Адзін яўрэй паскардзіўся рабіну, што ягонай сям'і цесна жыць. Ён, жонка і пяцёра дзяцей гняздзяцца ў адным маленькім пакойчыку. Рабін паглядзеў на яго і кажа: «Вазьмі служанку!» — «На што мне служанка?» — «Не пытай, вазьмі, і ўсё. І прыйдзеш да мяне праз сем дзён». Прайшло сем дзён. Ідзе ён зноў да рабіна. «Ай-яй, гэта пекла, не жыццё. Жонка і служанка валтузяцца з ранку да вечара, дзеці плачуць, у мяне галава трашчыць!» — «А не бяры ты ўсё да галавы, — суцешыў яго рабін. — Купі сабе яшчэ казу». — «Але ж я не маю ні хлява, ні нават каморкі…» — «Нічога. Нойдзеш для яе нейкі куточак». Мінула сем дзён. Яўрэй трэці раз з'яўляецца да рабіна… — У гэтым месцы Нохім асабліва хваляваўся: — «Гвалт у хаце, крык, плач, бруд, смурод… Больш няма як цярпець!» — «Скончылася цярпенне? — перапытаў рабін. — Цяпер дазваляю табе прадаць казу». Прайшло яшчэ сем дзён. Яўрэй ізноў наведаўся. «Ой, дзякуй! Адпачылі мы, пазбыўшыся таго брыдкага, надаедлівага стварэння». — «Адпачылі? — узрадаваўся рабін. — Тады дазваляю табе звольніць служанку». Той паслухаў. Прайшло тры дні, і ён зноў пераступіў парог рабінавай хаты. «Ну і што?» — спытаў рабін, пагладжваючы сівую бараду. — «Ой, добра нам, добра… Мы цяпер жывем як людзі! Не пакойчык, а палац!»
Слухачы, у тым ліку і Лявонка, засмяяліся, адчуўшы мудры сэнс гэтай гісторыі.
Калі ўсе супакоіліся, Кірыла з вясковай праставатасцю сказаў:
— Цесна ў вас у мястэчку!
— Цесна, — пагадзіўся Нохім.
— У нас — поле. Прасторна! А каб ты, Нохім, таго, меў, скажам, зямлю, ці рабіў бы ты на ёй?
Шавец задумаўся, паправіў на галаве ярмолку.
— Не, мусіць, не. Бацька мой меў зямлю тут вунь, у Завадзькавічах, і, ведаеш, мусіў прадаць. Не атрымлівалася. Зямля, пане муй, патрабуе залежнасці. Пасеяць — пасееш, а ці ўродзіць — гэта табе ніхто не скажа. Не, мне лепш малатком грукаць. Гэта надзейней. — І ён дастаў з зубоў драўляны цвічок, уставіў яго ў праколатую адтулінку ў падэшве і спачатку лёгенечка, а потым моцна стукнуў па ім сваім шавецкім малатком.
У гэты дзень Малка рана вярнулася з мястэчка, прачыніла дзверы ў каморку, дзе знаходзіўся Лявонка.
— А дзе Нохім? — у яе голасе і постаці адчувалася узбуджанасць.
— Можа, ён у Арона… — паціснуў плячыма Лявонка.
Ён ведаў, што гаспадыня хадзіла ў мястэчка, наведвала базар і крамы і прыносіла адтуль усялякія навіны і самыя нечаканыя ўражанні.
Малка скардзілася на высокія цэны — і на малако, і на цукар, і на газу. Здаралася, напрыклад, што яна і прадавец, абмяркоўваючы курыцу і цану на яе, па некалькі разоў вырывалі птушку адно ў аднаго, шмат спрачаліся і нават сварыліся. Малка пра ўсё расказвала Нохіму.
Праз нейкі час вярнуўся, накульгваючы, і Нохім. У яго — свая навіна:
— На мінулым тыдні Штрыкман ішоў дадому агародамі і ўваліўся ў яму з памыямі!
Але Малка перабіла яго сваім, радасным:
— Нарэшце! Нарэшце!
Вочы ў шаўца зрабіліся круглымі:
— Што — нарэшце?
— Нарэшце аб'явілася наша Лейка!
Навіна была, што і казаць, прыемная і радасная, але погляд Нохіма пасуровеў.
— Для мяне яе — як і няма. — І ўсё ж такі не стрымаўся, спытаў: — Калі аб'явілася?
— Толькі што пачула. На базары… — Малка нават рукой паказала ў той бок, дзе быў базар.
Лейка з мужам, аказваецца, жылі ў Берасці, працавалі ў кравецкай майстэрні. Пра ўсё гэта Малка распавяла мужу.
Нохім уважліва выслухаў яе і сказаў, як бы падагульняючы:
— Усіх чакае апраметная, як кажа Штрыкман.
— Апраметная, апраметная — толькі і чуеш! — Не такой, відаць, рэакцыі чакала Малка ад мужа. Яна мітусліва захадзіла па пакоі.
— Але ж што б ні было, а жыць, пане муй, трэба, — уздыхнуў Нохім і накіраваўся ў куток, дзе знаходзіўся яго шавецкі варштат.
— Заладзіў сваё: апраметная, апраметная. Пра дзіця сваё не хочаш думаць…
— Чаму вы лічыце, што ўсіх чакае апраметная? Айцец Нікадзім кажа, што праведнікі трапяць у рай, — асмеліўся падаць голас Лявонка, які чуў размову гаспадароў.
— Чаму гэта яны трапяць у рай? А якая розніца ўрэшце? — пытаннем на пытанне адказаў Нохім, не жадаючы на гэты раз заглыбляцца ў магчымыя лёсы праведнікаў і грэшнікаў.
…Вечарам Нохім з Малкай запалілі свечы ў падсвечніку і павячэралі фаршырованай рыбай з булкай, якую называлі халай. Да суботы гаспадары рыхтаваліся яшчэ ў пятніцу. У пятніцу вечарам мястэчка замірала — нават па ваду ніхто не хадзіў. У суботу, з самай раніцы, Нохім апрануў талес і маліўся. «Мы будзем ляжаць, а ты, Лявон, печ растопіш», — наказаў свайму пастаяльцу. Потым гаспадары залезлі пад пярыны і ляжалі, чакаючы, калі зойдзе сонца, каб устаць і перадыхнуць ад доўгага ляжання. Лявонка спачуваў ім, разважаючы, што не так і лёгка вытрымаць цэлы дзень пад цяжкаю пярынай, ды яшчэ і моўчкі, бо нават размаўляць не дазвалялася. Але ж нічога дзіўнага — у суботу шабас. У кутку на вузкім стале ціха гарэла суботняя свечка, ледзь рассоўваючы асенні морак пакоя. Вядома было, што ў суботу яўрэяў наведваюць патрыярхі Аўраам і Якаў, таму трэба глядзець, каб дзверы былі адчыненыя, а то раптам прыйдуць, а ўвайсці не змогуць — зачынена. Пакрыўдзяцца! Лявонка дзівіўся, што людзі гэтак моцна, упарта трымаюцца свайго, здавён заведзенага. Аб працы ў шабас не можа ісці нават гаворкі. Субота — святая. Кожную пятніцу прыходзіў малочнік Арон Штрыкман — абмяняцца навінамі, пагутарыць. Арон — чалавек надта набожны. Нездарма ён быў пастаянным наведвальнікам сінагогі. У суботу Лявонка ўсім ім паліў печы, насіў Нохіму і суседзям ваду з калодзежа, за вядро давалі паўкапейкі. Быў, прасцей кажучы, папіхачом. Гаспадары аказаліся людзьмі ціхімі, сціплымі, працавітымі. Кожнаму стараліся дагадзіць. Лявонку здавалася, што яны ўвесь час нечага баяцца.