Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Найшла пра што казаць! — як бы абараніў унука Кірыла. — Можа, яму гэта не цікава…

Усе паблажліва засмяяліся.

— Ганна — хаўрусніца твая. Вы, відаць, у змове! — словы Марылі адносіліся да Тоні.— Рана яму яшчэ пра дзяўчат думаць, хай з навукай управіцца. Раскажы лепш, сынок, што там у Камянцы!

— У Камянцы газавы ліхтар стаіць — ноччу светла, як і ўдзень, — адазваўся госць.

— А нашто ноччу святло? На тое і ноч, каб цёмна было! — падзівіўся Міхаль.

— А як злодзеі? Пры святле красці не пойдуць! — разважліва адказаў сыну Кірыла.

Усе моўчкі пагадзіліся з яго думкай.

— Ой, марудна цячэ ў вас жыццё! — як ужо гарадскі чалавек заўважыў Лявонка.

— Гэта табе пасля Камянца так здаецца, а мы прывыклі,— пасміхнуўся Міхаль.

— Не-е, мяняецца свет. Як ні кажы, а ўсё неяк інакш стала! — аспрэчыў сына Кірыла.

— Пра што гэта вы, таго? — не зразумела свёкра нявестка.

— Мяняецца, кажу, свет, — паўтарыў Кірыла, — толькі я пакуль што не магу ўцяміць, у які бок… Некалі былі людзі здаровыя — усю зіму хадзілі з голай грудзінай і нічога! А цяпер… Не ўспее вецер павеяць, а ўжо хворы.

Марыля ўздыхнула:

— Усё ад Бога. А як там твае гаспадары, сынок? Кажуць, што падлогу яны самі не мыюць, а наймаюць Прузыну з Замастоў?

— Што ж ты хочаш — местачкоўцы, — пракаўтнуўшы бульбіну, адазваўся Міхаль.

— Ходзіць Прузына, і я часам дапамагаю.

— Ты ім, кажуць, і печы паліш? — працягвала дапытвацца Марыля, нераўнадушная да лёсу сына.

— Палю, калі скажуць! У шабас. І ваду нашу…

— Чалавек вучыцца быць сярод людзей, — па-філасофску зазначыў Кірыла.

— Людзі яны не благія, — запэўніў унук, — але дома ўсё ж такі вальней сябе пачуваеш. — Памаўчаўшы, дадаў: — У іх свой клопат, наша іх не цікавіць. Толькі дзядзька Нохім часам распытвае.

— Жыды — разумныя! — пацвердзіла сынавы словы Марыля, як бы яна ўсё ведала.

Так, па традыцыі, прускаўцы называлі мясцовых яўрэяў, зразумела, не ўкладваючы ў гэтае слова ні кроплі якога-небудзь адмоўнага ці крыўдлівага сэнсу.

— Хітрыя, мужыка ўраз надуюць… — засмяяўся Міхаль.

— А ты не паддавайся! — у тон яму пажартаваў Кірыла.

— У суботу ляжаць ажно да захаду сонца. Вера ў іх такая, — працягваў Лявонка.

— Я пра гэта чула! А абедаць хоць устаюць? — пыталася Марыля.

— Чаму ж не?! У духоўцы смажаная курыца чакае.

— Ого!

— Ад звычаяў сваіх не адступаюць. Пані Малка, купляючы на базары яйкі, абавязкова пытаецца, калі іх знесла курыца. Калі ў суботу, то звычайна адмаўляецца.

— Сказана ж, таго, не чалавек дзеля суботы, субота дзеля чалавека, — паказаў сваю дасведчанасць Кірыла, але яго, напэўна, ніхто не зразумеў.

— Глядзі, з жыдамі жывеш — каб веры іх не пераняў,— у голасе Міхаля прагучала засцярога.

Кірыла, пагладзіўшы бараду, сказаў:

— Заходзіў я ў Камянцы ў іх царкву — пуста, адны сцены, не так, як у нас.

— У нашай царкве прыгожа! — падтрымала яго Марыля.

— Хто яго ведае, ці ёсць той Бог, — ні на кога не гледзячы, прамовіў Міхаль, але Кірыла быў гатовы і да такога павароту гаворкі.

— Есць! Але нават калі і ёсць, дык сёння людзі яго не надта баяцца. У Камянцы, я ўжо расказваў вам, Лейка — Нохімава дачка — з праваслаўным пабраліся, і нічога. Хоць усе былі супраць — і бацькі, і рабін.

— Гэта — праўда! — пацвердзіў унук.

— Дык жа ўцяклі некуды! Не проста гак… — напомніла Марыля.

— Знайшліся! У Берасці,— заспакоіў Лявонка.

Прускаўцы казалі не Брэст, а Берасць.

— Прысутныя ажывіліся.

— Знайшліся-такі? — па-жаночы ўзрадавалася Марыля.

— У кравецкай майстэрні працуюць! І ён, і яна…

— Не прападуць! — упэўнена сказаў Кірыла. — Свет, як ні кажыце, літасцівы да чалавека…

Назаўтра Міхаль з сынам, як толькі пачало світаць, падаліся ў клуню, на ток, малаціць жыта. Кірыла, яшчэ раней за іх, пайшоў даваць корм жывёле. Лявонка хуценька памыўся, апрануўся, рады, што хоць у нечым зможа дапамагчы бацьку.

— Ён яшчэ малы, не ўмее! — пашкадавала сына Марыля.

— Навучыцца! Хутчэй управімся, а то мышы паядуць.

У сялянскай клуні — свой свет, тут заўсёды цікава, у любую пару года. Нават пах нейкі асаблівы, прыемны. Пахне збожжам. Летам тут вяліся ластаўкі. Ляпілі пад дахам гнёзды, а на паветра, на прастор, выляталі праз дзіркі, якія свіціліся ў страсе. Зімой — цішыня. Паветра — чыстае, свежае, настоенае на пахах збажыны і сена, — прыемна казыча ноздры.

Малацьбіты разаслалі на таку пару снапоў і пабралі ў рукі цапы. Міхаль узяў звычайны цэп, сыну даў меншы, лягчэйшы, паказаў, як трэба з ім упраўляцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: