Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Шырока святкаваўся Вялікдзень — Пасха. Тут яе называлі Паскай. Гаспадыні фарбавалі яйкі — курыныя, гусіныя, качыныя, якія хораша аздаблялі святочны стол. Падлеткі выбіралі з іх мацнейшыя і выбягалі на вуліцу «на яйцы біцца». Трэснутае аддавалася таму, хто выйграў.

Моладзь адзначала Купалле — дзень летняга сонцастаяння, хоць царквой гэта свята не падтрымлівалася. На Купалу з 23-га на 24 чэрвеня, на золку, сонца іграе, ззяючы ўсімі сваімі радаснымі колерамі, святлом. Дзень летняга сонцавароту. Гляне ранкам прускавец на сонца, а яно кіпіць, пераліваецца.

Міфапаэтычныя адносіны да свету, у аснове якіх ляжала ўяўленне пра цыклічнасць, замкнёнасць развіцця, заставаліся тут вельмі моцнымі.

Прускаўская царква ведала розныя перыяды сваёй гісторыі. Будавалася яна як праваслаўны храм, але з цягам часу стала уніяцкай. Унія была заключана ў Брэсце, у канцы XVI стагоддзя. Паводле яе ўмоў, праваслаўная царква Беларусі і Украіны прымала каталіцкія догмы, хоць як быццам бы і захоўвала ранейшыя праваслаўныя абрады.

Па часе уніятамі зрабіліся і прускаўцы. Праўда, не адразу. Правы праваслаўнай веры адстойваў, пакуль жыў, бунтоўны іераманах Афанасій Філіповіч. Пасля яго ціск на праваслаўе ўзмацніўся яшчэ больш. Адзін час справа дайшла нават да таго, што, паколькі прускаўцы не хацелі з праваслаўнай, рускай, як яны казалі, веры пераходзіць да уніі, мясцовы пан (католік, ніхто ўжо не помніў яго імені) аддаў царкву ў арэнду камянецкім адкупшчыкам. Гэта значыць — ключы ад царквы знаходзіліся ў арандатара і, каб іх ад яго атрымаць, людзі павінны былі яму плаціць.

Унія была выкарыстана для паланізацыі беларусаў і ўкраінцаў, аднак у многіх месцах яна змагла супрацьстаяць працэсу паланізацыі і стаць апірышчам мясцовых нацыянальных традыцый. Прускаўцы, прыняўшы уніяцтва, доўгі час трымаліся гэтай веры і толькі недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя вярнуліся ва ўлонне праваслаўя. Вяртаць уніятаў у праваслаўе пачаў цар Мікалай Першы. Толькі што, здавалася, прыжыліся, прывыклі, асвоіліся ў новай канфесіі, і на табе — пераапранай душу ў іншую вопратку. «Альбо… праўдзівая вера, альбо сто палак», — казаў ураднік, і паспрабуй яго не паслухай! Вяртаючы з уніяцкай веры назад, у рускую, тых, хто не паддаваўся, секлі розгамі, адліваючы, калі была ў гэтым патрэба, вадой. Замест уніяцкага святара, які ўзносіў хвалу папе рымскаму, у Пруску прыехаў праваслаўны поп. З'явіўся новы іканастас з райскімі варотамі, а лаўкі, на якіх сядзелі вернікі, і фантанчыкі з свянцонай вадой, што стаялі пры ўваходзе, у бабінцы, выкінулі.

Папа прускаўцы пачалі называць бацюшкам.

Ля царквы Міхаль на хвіліну прыпыніўся, каб перавесці дыханне. Павявала вясной. У высокіх царкоўных прысадах звонка крычалі вароны. Прадчувалі, напэўна, вясеннія гульні. Хату айца Глеба акружаў сад. Міхаль заўважыў, як на бледна-бардовых ствалах вішань і сліў свяціўся празрысты янтар вязкай смалы.

— З чым прыпажалаваў, сын мой? — сустрэў яго айцец Глеб, калі неспадзеўны госць, зняўшы шапку, стаў на парозе папоўскай хаты, угнуўшы плечы.

Па праўдзе кажучы, свайго святара прускаўцы звычайна абыходзілі бокам, а калі хто сустракаў на вуліцы, то абавязкова хапаўся за гузік, каб чаго не здарылася. Вось і цяпер вочы айца Глеба глядзелі сурова, засяроджана. Відаць было, як ён дыхаў: шырокая барада, што ляжала на грудзях, узнімалася і апускалася ў такт дыханню. З ікон на сценах маўкліва пазіралі незнаёмыя абліччы святых.

— Непрыемнасці, бацюшка, — сказаў Міхаль, апусціўшы галаву і пазіраючы пад ногі.

Святар, трэба сказаць, нягледзячы на некаторую адасобленасць свайго службовага становішча, ведаў мірскія страсці ва ўсёй іх жыццёвай разнастайнасці і нечаканасці і здзівіць яго чым-небудзь было цяжка.

— Бог аднолькава прымае чалавека — і ў шчасці, і ў бядзе, аднолькава адорвае міласцю сваёй. Што ў цябе?

— Сусед у суд на мяне падае…

Айцец Глеб памаўчаў, абмацаў густую, з сівізной, бараду.

— На ўсё воля Божая… Ведаю я таго Латушку. Зламыснік! Царкву забыў…

Міхаль чакаў, што ж ён нарэшце скажа. Гледзячы на яго, святар напэўна адчуваў тую спрадвечную сялянскую цярплівасць, якая зыходзіла ад гэтага чалавека, але чым ён мог дапамагчы — пагаварыць з ураднікам?

— Духоўным асобам, сын мой, забаронена ўваходзіць у мірскія справы.

«Дарэмна я сюды ішоў», — падумаў Міхаль.

— Дараваць трэба ворагам нашым, як сам Бог наш Ісус Хрыстос дараваў.

На гэтым гаворка, па сутнасці, і скончылася. Сказаўшы: «Ну, то я пайду», Міхаль выйшаў з папоўскай хаты.

На зацярушаных снегам лісцях рабін, што стаялі пры гасцінцы, гайдаліся сарокі — клявалі працятыя марозам цёмныя гронкі, што там-сям яшчэ захаваліся паміж галін. На аснежанай, пакрытай інеем чаромсе, затрашчала сініца. Пад нагамі па-зімняму рыпеў снег. Міхаль не чуў і не бачыў гэтага. У думках панавала разгубленасць. Цябе крыўдзяць, а ты павінен дараваць?..

Пры гасцінцы, побач з царквою, стаяла карчма, і ногі Міхаля неяк самі сабой павялі яго туды. Хоць кажуць, што чужая бяда людзям за вяселле, але раптам што добрае пачуе.

Цяпер той карчмы даўно ўжо няма — казакі спалілі яе пры адступленні рускай арміі яшчэ ў чэрвені 1915 года, у Першую сусветную вайну Рассеяліся па свеце нашчадкі яе ўладальніка. На той час гаспадарыў у ёй Мордка Вінаград. Пра сябе ён казаў: «Мордка Вінаград гасцям заўсёды рад». Сюды і накіраваўся Міхаль. У карчме прускаўцы даведваліся пра самыя апошнія навіны і свайго краю, і ўсяго свету.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: