Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Расказчык аглядзеў прысутных, як бы бачыў іх упершыню.
— Зоры на зямлю пападалі, неба, як папера, згарнулася ў трубку, звілося ў адно, — Кузёмка рукамі паказаў, як гэта было ці магло быць, — а горы зрушылі са сваіх месцаў, дзе яны стаялі, і пайшлі-і…
— Так і напісана?
— Так яно і будзе! — не адступаў ад свайго Кузёмка. — Усе хавацца пачалі, але дзе ж схаваешся?
Прымоўклыя Кужалі з павагай пазіралі на прамоўцу, слухаючы, што ён такое кажа.
— Ад шуму коннікаў і стралкоў разбягуцца народы, уйдуць у пустыя лясы і ўзлезуць на скалы… У Пісанні напісана, — патлумачыў Кузёмка, — а што там напісана, тое споўніцца. Нішто жа глагола без прытчы, — сказана ў Пісанні. Прытча — штука разумная! Прыпавесць — па-нашаму…
Дзіўны чалавек гэты Кузёмка. Не без падстаў, відаць, ён падзяляў лёс усіх прарокаў і прадказальнікаў: яго ніхто не разумеў, а многія наогул лічылі, што ён з глузду з'ехаў.
Не раз Міхаль чуў, як Кузёмка размаўляў сам з сабою, нібы нешта абмяркоўваючы, або ціха смяяўся…
— Кузёмка гаворыць нібы прарок! — уражаная, падала голас гаспадыня.
— Я ўсё бачу, — не глянуўшы ў яе бок, адказаў госць і, склаўшы пальцы ў кулачок, камусьці пагразіў.
…Ад хаты да хаты хадзілі з «гвяздай». Падышлі і да Кужалёў. Ля акна пачуўся званок, і адразу ж загрымеў бубен.
— Добры вечар шаноўнаму гаспадару! Праздраўляем з Ражаством Хрыстовым! Спяваць ці не?
Кірыла глянуў у цемру за акном, перад якім шумеў хлапечы натоўп і ўжо стаяла прыгажуня-«гвязда». Унутры яе за прамасленай паперай зырка гарэла свечка.
— Спявайце!
Калядоўнікі пачалі:
— Я з сумой хадзіла У горад Віфлеем І была ў вярцепе, І відала ў ем, Как Хрыстос-Спасіцель Цар, Тварэц і Бог — Радзіўся ад Дзевы І ляжыць, убог…Хадзіць з «гвяздай» — стары звычай, які прыжыўся з часу уніяцтва. Прайшоў час, унію адмянілі, але многае засталося — і гэта «гвязда», і песня…
І ляжыць убог… —вылучаўся голас Трахімкі.
— Бач, як зацягвае Дармідонтаў сын! — не то з пахвалой, не то з усмешкай азваўся Кірыла.
— Тоня, вынесі ім пяць капеек… — сказаў Міхаль.
— Гэта шмат, хопіць і дзве! — паправіў яго Кузёмка. Тоня збегала на вуліцу, аддала грошы скарбніку (ім быў Павал Гальяш) і хутка вярнулася.
— На дварэ халадзёнка!
Сапраўды, к поўначы мароз стаў крапчэй.
— Бывайце здаровы, як у небе анёлы! — падзякавалі калядоўнікі.
Шум, весялосць, смех.
— Недзе і наш там, — усміхнулася Марыля. — Каб не прастудзіўся.
— Ганна Васілішына ходзіць разам з імі! — сказала Тоня.
Звычайна дзяўчат калядаваць не бралі — для Ганны зрабілі, відаць, выключэнне.
— Ну, то, мусіць, і Лявонка там…
— Дзіва што!..
Ён і сапраўды быў там — спяваў разам з усімі і ўкрадкай) пазіраў на Ганну. Пад нагамі рыпеў, як асенняя капуста, снег. Ганна выглядала самай вясёлай і смяшлівай. У мігатлівым святле «гвязды» тонкімі шнурочкамі чарнелі яе бровы. І там, дзе грудзі, у яе ўжо крышачку пуклілася. Ён узяў яе за руку і праз рукавічку адчуў, як яна дрыжыць. Ад хвалявання, відаць. Яны стаялі якраз насупраць Шведавай хаты.
— Не трэба, а то людзі шчэ падумаюць, што закахаўся.
— У цябе?
— А раптам? Усялякае можа быць…
— Не бойся, я нясмелы.
— Дык з нясмелымі гэта якраз і здараецца.
Ён маўчаў.
— А я зараз паваражу! — падхапілася яна, падбегла да плота, што аддзяляў Шведаў панадворак ад вуліцы, і пачала рукою ў рукавічцы пералічваць штыкеціны, страсаючы з іх снег.
— Што гэта ты?
— Не што, а хто…
— Загадала нешта?
— Не скажу…
Яму прыемна было знаходзіцца побач з ёю, хоць ён саромеўся гэта паказваць.
ІХ
Зіма выдалася халоднай. Пасля Каляд дні два галёкала завіруха, ды такая неўтаймоўная, што валіла з ног. Снег ажно пеніўся. Шалёны вецер круціў яго ў паветры і з размаху кідаў у вокны хат, у твары людзей, нібы жадаючы пакараць іх за нешта нядобрае, у чым яны маглі быць вінаватыя.
Кузёмка, жадаючы перачакаць мяцеліцу, з тыдзень жыў у Кужалёў, паміж дзяцей. Боты яго стаялі ў кутку і адтуль паблісквалі зіхоткімі халявамі. Уладальнік іх сядзеў на печы. Калі Барбарка пачынала хныкаць, Тоня гайдала калыску і страшыла жартам:
— Глядзі, не плач, а то Кузёмка ў торбу пасадзіць і панясе.
— Перастань, хіба так можна? — ушчувала яе Марыля.
Кузёмка, аднак, на гэта не крыўдзіўся, а толькі матляў галавою і пасміхваўся. Ведама, дзеці.
— Наадварот, — весела казаў ён з печы, — я суцешыць магу, думкі развеяць, а не тое, што пакрыўдзіць. Слухайце! — і пачынаў:
Кацілася торба З высокага горба, А ў той торбе — Хлеб, Соль, Вада, Пшаніца. З кім ты хочаш Падзяліцца?