Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— А цукеркі? — цікавіцца Фядорка.

— Цукеркі на самым дне! — пасміхнуўся Кузёмка і паабяцаў: — Неяк абавязкова куплю ў Камянцы, прынясу і пачастую.

— Нас Лявонка частаваў! — хваліцца Фядорка.

«Дык ён і весялун, Кузёмка гэты!» — думала Марыля, стоячы ля печы.

— Эх, ведаеш, што б я зараз з'еў? — звярнуўся Кузёмка не то да Фядоркі, не то да Марылі і, не чакаючы ад іх адказу, прызнаўся: — Блінцоў аўсяных з гусіным шмальцам!

— Я таксама б не адмовіўся! — падтрымаў яго Лявонка, які тым часам завітаў у хату.

— Вось вясною развядзём гусей — тады будзе і шмалец, — жартам адказала Марыля.

— Доўга чакаць, — хіхікаў Кузёмка з печы. — А тым часам загадку вам загадаю: адгадайце, што на свеце саладзей за ўсё і што на свеце шпарчэй за ўсё?

Адказаць, як ні спрабавалі, ніхто не мог, нават Лявонка. Кузёмка растлумачыў: саладзей за ўсё — сон, а шпарчэй за ўсё — думка.

Дзеці і Марыля слухалі з цікавасцю, дзівячыся Кузёмкаваму ўсёведанню.

Прыкмячаючы, што прысутныя звяртаюць на яго ўвагу, дзівак не мог стрымацца, каб не пахваліцца:

— Ха! Думаюць — Кузёмка дурны? Аднак я ўсё бачу і ўсё разумею.

Была ў Кузёмкі слабасць. Зрэшты, даравальная. Любіў ён наведваць вячоркі, якія ў Прусцы называліся попрадкамі. І вабілі яго, не будзем утойваць, галоўным чынам жанчыны…

Асеннімі і зімовымі вечарамі збіраліся дзяўчаты і маладзіцы ў адной якой-небудзь хаце на попрадкі — прасці кудзелю. Дзе дзяўчаты — там і хлопцы. «Гэта лепш, чым калкамі біцца», — жартоўна гаварыў Кірыла. Да Кужалёў, праўда, не прыходзілі — лічылася, што ў іх шмат дзяцей ды і хата невялікая. Збіраліся пераважна ў той хаце, дзе была дзяўчына на выданні. І прыходзілі найбольш такія, якім замуж пара. Кожная — з кудзеляю, прыбраная.

Кузёмка гэта добра ведаў — цікавасць да жанчын у яго была вялікая і неспатольная…

…Сёння попрадкі прызначаны ў Васіля Каленіка. Лявонка звечара ўжо там. Зімою змяркаецца рана, і хата ўжо амаль поўная. Сціплая яна ў Васіля — Ганнінага бацькі, затое гасцінная. На лаўках, паабапал сцен, сядзела моладзь — хлопцы і дзяўчаты, чуліся жарты, смех. Былі тут не толькі дзяўчаты, але і маладзіцы: Прузына Відэрка і Апраска — жонка Пятра Ламакі ўжо стракаталі калаўротамі. Прынеслі сваё начынне і Хомчыха з Аленай Дармідонтавай — селі на лаву і ўзяліся за кудзелі.

Жанчыны, калі збіраліся вось так разам, у адной купнасці, станавіліся весялейшымі, больш шчырымі, адкрытымі, нават жыццярадаснымі і прыветнымі адна да адной. На вячорках можна было даведацца пра навіны з усёй ваколіцы: хто збіраецца жаніцца, хто выходзіць замуж, у каго нарадзілася ці народзіцца дзіця… У хаце панавалі шум, смех, гамана. Кудзельніцы спрытна смыкалі лён, раскручвалі калаўроты, ведаючы недзе ў глыбіні душы, што вытканае з нітак, спрадзеных марозным зімовым вечарам, палатно будзе трымаць цяпло ў сцюдзёную пару і прыемна халадзіць цела ў летнюю спёку.

У куце стаяў вялізны, зрэзаны нажамі стол, за які прыстроіўся дзядзька Васіль і крышыў самасад. Ён пакідаў уражанне дабрадушнага, незласлівага і вясёлага чалавека, але самы моцны тытунь — у яго і ў Захара Відэркі. Твар у Васіля ў некалькіх месцах заклеены паперкамі. Відаць, толькі што, рыхтуючыся да вячорак, галіўся, бо як-ніяк жанчыны прыйдуць, дзяўчаты… Ля пліты корпалася Васіліха.

— А ты што кажуха не здымаеш? — звярнуўся гаспадар да Аляксея Галёнкі, які сядзеў побач з ім.

— А, так…

Усе ведалі, што Аляксей, маючы неблагі кажушок, хацеў ім пахваліцца перад дзяўчатамі, таму і не здымаў на працягу ўсяго вечара.

Разам з Аляксеем прыйшоў сарамлівы Міхаль Тупчык і адразу палез у куток. За ім — Павал Гальяш.

— Здарова, кавалерка! — з парога гукнуў, вітаючыся з хлопцамі, Дармідонтаў Трахімка, моцна бразнуўшы дзвярыма. На галаве ў яго фуражка з бліскучым казырком (магерку не носіць), на плячах — спраўны кажушок. У паставе, як заўсёды, ганарыстасць — так бы і любаваўся на сябе. Дробныя прышчыкі на твары сведчылі аб раннім хваляванні крыві.

Алена — мачыха — зірнула на яго і зачырванелася.

— Ого, гэтак ты мне і хату разваліш! — занепакоіўся гаспадар.

— Нікуды не дзенецца ваша хата, будзе стаяць! — смеючыся, запярэчыў Трахімка.

Але ад Трахімкі ўсяго можна чакаць. Чмутарскіх здольнасцей яму не пазычаць. На гагатуху (так у Прусцы называлі багаты вечар перад Новым годам) Трахімка, які любіў чыніць розную непатрэбшчыну, і на гэты раз не ўтрымаўся, каб не заткнуць Масею Галёнку комін кулём саломы.

З'явіліся Цімоша з Піліпком, а за імі і Фэдар Швед — усе ў добрым настроі. Прывалакла свой калаўрот, ажно з канца вёскі, Гальяшова Луша. У хаце гуло. Асабліва разняволена пачуваў сябе Трахімка — то слоўца якое асаблівае кіне, то адмысловы жарт раскажа. Прысутнасць мачыхі Алены ён як бы і не заўважаў. Ды і не на шмат яна старэй за яго. Гадоў на дзесяць якіх…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: