Вход/Регистрация
Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Пранціш пачырванеў ад бруднага намёку. Усё-ткі прыдворнае жыццё заўважна разбэшчвае людзей! Неверагодна прыгожая і радавітая асоба каралеўскай крыві, замужняя, — што ён сын полацкага гарбара? Ды яшчэ немалады, худы, дзюбаносы і такі з’едлівы, што аб язык парэзацца можна.

А пан Гервасій яшчэ і дадаў:

— Не здзіўлюся, калі лэдзі пасля кожнага наведвання байцоўскага клуба залучае да сябе чэмпіёнаў. Нават самых страхотных. А Лёднік твой перад радавітасцю дам ніколі не спыняўся.

У ягоным голасе чуліся ноткі зайздрасці і злосці.

У гатэлі яны проста сядзелі і маўчалі, як паляўнічыя, што дэкляравалі ўпаляваць зубра, а ледзь падстрэлілі па курапатцы. Пан Гервасій паклаў ногі на скрынку з люстэркамі, панна Паланэя выкарыстала крышталёвы чэрап як падстаўку для парыка. Абодва, падобна, прыдумвалі, як найлепей распавесці тым, хто іх паслаў, пра каштоўнасць здабытых не вельмі ўражлівых рэліквій. Вядома, спадзеў быў на Лёдніка.

А той усё не вяртаўся. Пранціш усю сцяну шабляй скалоў, адпрацоўваючы хітры ўдар, які падгледзеў у прафесара падчас ягонага апошняга паядынку.

З’явіўся доктар толькі раніцай. Прыйшоў стамлёны, злосны, як шэршань, сцяўшы зубы, скінуў камзол, парык, боты і ўпаў ніцма на ложак. Вырвіч заўважыў, што на рукаве ягонай кашулі, над павязкай, якая сцягвала рану, праступіла кроў.

— Што там адбылося, Бутрым? — не вытрымаў студыёзус. — Ты ў парадку?

— Ты чытаў біблейскую гісторыю пра святога Ёзафа, якога дарэмна спакушала жонка вяльможы Патыфара? — глуха, у падушку прагаварыў Лёднік, у якога, падобна, не было сіл павярнуць галавы.

— Т-так, нешта памятаю… — прамармытаў Пранціш у кепскіх прадчуваннях.

— Дык вось, высветлілася, я не святы Ёзаф, — сказаў Лёднік.

Пан Гервасій і панна Паланэя рагаталі доўга, але сцішана.

Злаваць прафесара яшчэ больш не хацелася нікому.

Але гэта адбылося ўвечары. Калі заспанага Лёдніка расштурхалі, каб уручыць перададзены з расфуфыраным лёкаем падарунак: тысячу фунтаў, толькі не ў банкнотах, а ў пераліку на паўнавесныя нямецкія цэхіны, і цудоўную турэцкую шаблю-кілідж, у похвах, усыпаных каштоўнымі камянямі.

Доктар адшпурнуў мяшок з цэхінамі, быццам той таксама квапіўся на ягоную дабрадзейнасць, шаблю нават з похваў не выцягнуў. Толькі сціскаў сківіцы, хаваў вочы і спрабаваў не зважаць на з’едлівыя разважанні пана Гервасія пра тое, што лэдзі Кларэнс засталася, мяркуючы па ўсім, задаволенай лячэннем, і чаму толькі выправіла лекара наранку? Надакучыў? Другі доктар пад дзвярыма чакаў? Няўжо не прапаноўвала застацца падаўжэй?

— Прапаноўвала! — нарэшце раўнуў раззлаваны ўшчэнт Лёднік. — Усё прапаноўвала! Месца персанальнага доктара, амарата, палітычнага паплечніка з перспектывай увайсці ў партыю вігаў… Мала мне палітычных тузанінаў Рэчы Паспалітай! І калі панства яшчэ раз нагадае мне пра лэдзі, я, бадай што, падумаю над яе прапановай больш прыхільна.

Пасля гэтага жартачкі ўслых спыніліся, пан Гервасій таксама надзьмуўся, бо пана добра такі закранула, што на яго, радавітага, дужага, прыгожага і маладога, Пандора не паквапілася, і пайшоў піць портэр — моцнае ангельскае піва, якое ўвайшло ў моду на Беларусі. У Менску за бочку портэра прасілі васемнаццаць залатых, а тут яна каштавала ўсяго адзін. Дый піва было смачнейшым — бо свежае, не замучанае марскім плаваннем. А яшчэ казалі, што ангельскія півавары ў піва, якое прадаюць за мяжу, дадаюць усялякай халеры, каб смакавала і не псавалася, ледзь не мыш’яку. Так што пан Агалінскі, каб мог, цэлы карабель якасным півам загрузіў бы. Багінская схавалася ў сваім пакоі, бо добра памятала пра пагрозу выкрадання. Цэхіны Пранцысь дальнабачна прыбраў сабе. А Лёднік, як відаць, пачынаў ужо мучыць сябе за чарговы грэх.

— Я нічога не скажу пані Саламеі, — ціха прамовіў Пранціш.

— Я сам ёй скажу, — ганарыста абвесціў доктар. Студыёзус вылупіў вочы:

— Навошта? Здурэў, Бутрым? Хіба жонцы варта пра такое расказваць?

— А калі не варта, што ж гэта за шлюб? — паныла прамовіў Лёднік, відаць, ужо ўяўляючы непрыемную размову. Вырвіч ажно застагнаў — вось няшчаснае стварэнне гэты лекар, вечна сам сабе жыццё псуе.

— Ты вось што, перастань сябе грызці. У чым твая віна? Хіба ты сам да лэдзі ў госці набіваўся? Ну, трымаўся б за сваю годнасць, як сабака за гаспадарскі венік… І нас бы там, у бровары, усіх і паклалі. І ляжалі б нашыя костачкі ў сутарэннях, ото ж пані Саламеі радасць была б! Нам яшчэ вярнуцца трэба — і выжыць.

— Грэх ёсць грэх, — прабурчэў Лёднік, але, відаць, трохі супакоіўся, што Пранціш не пагарджае ім.

А Вырвіч яшчэ раз пасміхнуўся дзівацтвам былога слугі. Стаць амаратам асобы каралеўскай крыві — гэта ва ўсім свеце лічылася не за ганьбу, а за вышэйшы гонар, нават за дзяржаўную службу. За гэта змагаліся, ганарыліся, і ўжо, вядома, не саромеліся прымаць дарункі. Станіслаў Панятоўскі паўсюль дэманстраваў залатыя табакеркі з вензелямі расійскай імператрыцы. Расказвалі, што як жывы быў яшчэ муж Кацярыны, які жонку сваю законную дужа не любіў і рады быў ад супружаскага доўгу ўнікнуць, дык яны, здаралася, учатырох вячэралі — Пётр са сваё каханкай, Кацярына — з Цялком-Панятоўскім, а тады разыходзіліся гэткімі шчаслівымі парачкамі па пакоях. А былы мяшчук пераймаецца! Святы Ёзаф знайшоўся. Эх, ды каб яго, Пранціша, Пандора ў госці паклікала! Усё жыццё можна прыгоду такую ўспамінаць і сабой ганарыцца. Вунь паглядзець бы і на пана Агалінскага, які ад зайздрасці паветра кусае. Панна Багінская, чый жанаты брат з дапамогай дацкага пасла Зігфрыда фон Остэна набіваецца ў каханкі да царыцы, таксама на доктара цяпер з большай павагай глядзіць, як бы ён у шляхецтве ўмацаваўся. А Лёдніку, бач, сорамна! Адно слова — каму само ў рукі шчасце ідзе, той яго не цэніць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: