Вход/Регистрация
Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые за борт, альбо на іх упадзе нешта цяжкое. І вінаватых у тым ніхто не знойдзе. На шчасце, птушка яшчэ жывая, яе аднясуць да карабельнага доктара, і няхай паны моляцца, каб іх ахвяра выжыла.

Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.

— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.

— Вашамосць жаніх фіктыўны, не забывайце, — скрозь зубы прагаварыў Пранціш. — І хоць багацейшы за мяне, аднак у вачах Багінскіх такі самы бядняк. А сардэчную схільнасць панна Паланэя дакладна дарыла не вам.

— Ці не вам, вашамосць? — пагрозна прамовіў пан Гервасій. — Такі смаркач, як васпан, не можа разлічваць нават насоўку панны падбіраць з падлогі.

— Гэта я смаркач? Я амаль доктар і нашчадак Палямона! А вашамосць — дзікун і болбадзень бясклёпачны! — каб не цёмна было, дык Пранціш ад гневу ўсё роўна нічога не забачыў бы.

— Вашамосць абражае шляхціца Агалінскага?

Месца для добрай бойкі было малавата, але затое праціўнік не мог схавацца. Змалацілі паны адзін аднаго з насалодай: пан Гервасій здаровы, як лось, затое Пранціш шустры, як яшчарка.

Раскаціліся ўбакі, толькі як ушчэнт замарыліся.

Задавальненне паўтарылася яшчэ тройчы.

А потым неяк нецікава стала біцца. Бо мінаў дзень за днём, а нічога не мянялася. У спецыяльнае акенца вязням падавалі ваду, хлеб, сланіну, нават панскія сыр і віно. Але ключ у замку не паварочваўся. Пранціш чакаў штохвілі, што вось дзверы адчыняцца, і пакажацца мілы тварык Паланэйкі — не пакіне ж яна тут сваіх кавалераў, што трапілі ў бяду, абы пакрасавацца перад дамай. Ну а Лёднік дык абавязкова з’явіцца — бо нават у сутарэннях Тамашоўскіх свайго вучня знайшоў. Прыйдзе, абавязкова прыйдзе — усіх ворагаў абяззброіць, зачаруе, пераканае, птушку альбатроса вылекуе… Адчытае дурных маладзёнаў, і жыццё пойдзе далей, у прыгодах і надзеях.

Але карабель гайдала ўсё мацней, сыр і віно з рацыёну вязняў зніклі, і не прыходзіў ніхто, нягледзячы на крыкі і патрабаванні зняволеных.

— Яна вырашыла ад нас пазбавіцца, — аднойчы сказаў пан Агалінскі — гаварыў ён цяпер, трохі прышэптваючы, бо пасля сустрэчы з кулаком Вырвіча адзін зуб у пана хістаўся. І Пранцішу не спадабалася, як ён гэта сказаў. Вельмі сур’ёзна, спакойна, без сумневу. Як бы паведамляў, што выпаў снег, ці што сёння пятніца… — Паклапацілася, каб доктар нічога пра нас не ведаў. Яму зараз кепска, ляжыць, ром смокча… А панна да яго, відаць, яшчэ і ходзіць, байкі расказвае. Прыбрала скрынку ад доктара Дзі, што на маю долю дасталася… І доктара Лёдніка прыбярэ да рук, каб фокусы пры ейным двары паказваў. Бо капітану заплачана Багінскімі — бачыў, якая каюта для панны падрыхтаваная? Нездарма слала ўвесь час лісты на Беларусь.

— Бутрыма ніхто да рук не прыбярэ! Гэта проста немагчыма, вашамосць! — рэзка адказаў Пранціш, а сэрца сціснула ад трывогі. Нешта і праўда доктар доўга не з’яўляецца… Ці не ўтварыла з ім што падступная паненка?

А потым нечакана карабель перастала гайдаць. Чуліся галасы, нешта стукала, грукала… А потым дзверы нарэшце адчыніліся. Капітан змрочна паведаміў вязням:

— Можаце павіншаваць сябе, панове. Вы даплылі да слаўнага горада Гданьску жывымі. Хоць альбатрос, вамі падстрэлены, здох, і той-сёй з каманды дужа хацеў адправіць вас за ім у птушыны рай. Пастаўце па пудовай свечцы святому Хрыстафору. За нязручнасці выбачайце — самі вінаватыя. Тое, што мне ўвесь час трэба было адрываць ад працы па два надзейныя матросы, каб вас ахоўвалі, таксама мог бы паставіць у рахунак. Але Бог з вамі, стралкі хрэнавы. Усё, шчаслівай дарогі дадому.

Пранцысь і пан Гервасій, жмурачы адвыклыя ад яркага святла вочы, выпаўзлі на палубу. Апошнія бочкі і цюкі згружаліся на сушу, апошнія матросы пакідалі «Залаты альбатрос» у прадчуванні сустрэч з роднымі і дарагімі, альбо хаця б з партовымі самадайкамі і куфлямі піва, лёгкі сняжок святочна прыкрашаў чарапічныя дахі, брук і каменныя скульптуры…

А каюты былі пустыя. І Лёднікава, і Паланэйкі. Мяшок з рэштай цэхінаў ад Пандоры быў на месцы. Але, як можна было прадбачыць, знікла і скрынка з люстэркамі, і зялёны сшытак, і крышталёвы чэрап — усё, што дасталося з хованкі доктара Дзі.

— От гадаўка! — неяк здзіўлена-захоплена прагаварыў пан Гервасій.

Вырвіч выбег з каюты і схапіў першага з каманды, што патрапіўся, за грудкі:

— Дзе доктар Баўтрамей Лёднік? Высокі такі, чарнявы? Дзе панна?

Худы смуглявы матрос спадылба зіркнуў на пасажыра.

— З’ехалі. Абодва. Селі ў карэту з гербамі, і…

— Даўно?

— Ды з гадзіну таму.

Пранціш схапіўся за русявыя валасы, гатовы іх выдраць з гора. Гэта немагчыма! Лёднік не мог так учыніць! Што з ім зрабіла гэтая кірпаносая вядзьмарка? Атруціла? Не, нават п’яны і хворы, доктар не мог не распазнаць атруты. Аглушыла? Звязала?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: