Шрифт:
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
БЕЗ ЗАЛАТОГА РУНА
Чаго не лечаць травы, вылечвае жалеза; што не лякуе жалеза, ацаляе агонь; што не ацаляе агонь, тое належыць прызнаць невылечным.
Гіпакрат меў рацыю.
Ні травы, ні жалеза, ні агонь не дапамаглі б прафесару Віленскай акадэміі змагчы невылечную меланхолію. Выйшаў уранку з пакою гатэля «Дуб і Крумкач» змрачнейшы за зімовае лонданскае неба. І — дзіва — на пару з Пранцішам замовіў сабе кавы. Што ж, трэба было ўзбадзёрыцца — назаўтра вырашылі з’язджаць. А сённяшні дзень панна Багінская і пан Агалінскі запатрабавалі прысвяціць адна — крамам, другі — корчмам, а Пранціш, якога панна міла папрасіла ахоўваць яе падчас паходу за пакупкамі, быў у прадчуванні галантнага шпацыру — каму што, а млынару вецер. Панна, хоць і дэкляравала сваю нелюбоў да гарсетаў, абцасаў і фіжмаў, усё-ткі знудзілася па сваім свецкім абліччы і паспела ўжо накупіць таго-сяго, а цяпер, калі кампанія разжылася дукатамі Пандоры, як было не набыць штось з модных трантаў.
Руды гатэльшчык жэстам паклікаў Лёдніка да сябе, пашаптаўся… Вырвіч не надта ўстрывожыўся — пасля таго, як Лёднік за тры дні вылечыў корчу ў жонкі ангельца, той ставіўся да вучонага пастаяльца са шчырай прыязнасцю. Не выключана, што і падчас турніру ў байцоўскім клубе ўвішны гатэльшчык зрабіў пару ставачак на свайго жыльца праз таго ж служку, якога Лёднік пасылаў у клуб, каб запісацца на ўдзел.
Ангелец пашаптаўся з доктарам і знік. Лёднік вярнуўся з фізіяноміяй нібыта спакойнай. Але Пранціш навучыўся ўгадваць, што на дне таго прафесарскага спакою хаваецца… І пабачыў, што на гэты раз здарылася нежартоўнае.
Доктар уляцеў у нумар, як чорны віхор, студыёзус ледзь паспеў за ім. Пан Агалінскі ажно перастаў пазяхаць.
— Клічце панну Багінскую! Тэрмінова з’язджаем!
— А што такое, доктар? — заспана пацікавіўся Амерыканец, кратаючы спелы «ліхтар» пад вокам, які застаўся на памяць ад лорда Кавендзіша. Лёднік правёў рукой па твары.
— Лёдзі Кларэнс забілі. Гаспадар папярэдзіў, нас шукаюць. Галоўным чынам, вядома, мяне.
Бяда за бядою ходзіць з калядою. Пранціш агаломшана спрабаваў зразумець, ці не жартуе настаўнік. А той нервова кідаў рэчы ў дарожны куфар, а потым — вось нечакана — асцярожна ўзяў у рукі турэцкую шаблю, падарунак Пандоры, да якой дагэтуль так і не дакрануўся, дастаў з похваў, тужліва паглядзеў, схаваў у похвы — і рашуча пачапіў да пояса.
Вось тут Пранціш і паверыў, што лэдзі Кларэнс сапраўды няма!
— Магу паспрачацца на свой улюбёны парыжскі раброн са срэбнай парчы, што і запаветныя кляйноды з палаца лэдзі Кларэнс зніклі! — лена працягнула панна Багінская, якая перадаверыла пакаваць свой багаж гатэльнай прыслузе. — Яе мосць лэдзі занадта легкадумна ставілася да палітычных інтрыгаў. Калі ўвязваешся ў барацьбу за трон — трэба, каб ад кожнага кубка тры разы перад табой слугі адпівалі, — павучальна гаварыла панна. — Тыя, хто хацеў лэдзі вывесці з гульні, усё зрабілі мудра. Кляйноды акрым яе ніхто не чытаў, яны зніклі, уладальніца памерла, а замест таго, каб адразу распачаць інтрыгу, прабавілася ў кампаніі аднаго чужаземнага доктара, на якога вельмі зручна павесіць забойства. — Багінская гарэзна паглядзела на знерваванага Лёдніка, які ссыпаў бутэлечкі з лекамі ў валізку. — Ну, прынамсі, спадзяюся, што лэдзі перад смерцю правяла час з насалодай. Так ці не, пан Лёднік? Вам жа лепей ведаць!
Нават Пранцішу зрабілася прыкра ад такога цынізму. Доктар раздражнёна выпрастаўся і працяў паглядам нахабную паненку:
— Я не абмяркоўваю ні сваё, ні чужое прыватнае жыццё. І вам не раю.
— Ды ці не закахаўся вашамосць у тую халодную, як кавалак лёду, і пачуццёвую не больш за палена англічанку? — Паланэйка перабольшана наіўна ўзмахнула вейкамі. Доктар звузіў вочы.
— Баюся, што я, просты мяшчук па паходжанні, не магу дапяць да вашага разумення слова «кахаю». Неяк яно ў вашых магнацкіх мосцяў дзіўна трактуецца. Але запэўніваю вашу мосць, што ў мяне няма аніякіх падстаў для параўнання яе мосці лэдзі Кларэнс з лёдам і паленам.
Багінская трохі пачырванела і шматзначна паківала галавой, а пан Агалінскі дадаў сваёй атруты, злосна кінуўшы:
— Нешта ўсе твае каханкі, доктар, нядоўга жывуць.
Лёднік прамаўчаў, сцяўшы зубы, толькі так шпурнуў астатнюю шкляніцу ў валізу, што тая разбілася, і пакой запоўніў рэзкі пах балота.
Бывай, Вавілондан, ці давядзецца калі яшчэ сустрэцца…
Яны гналі коней скрозь халодны вецер і смугу, скрозь стому і расчараванне, і Вырвічу здавалася, што ад таго часу, калі ў кабінет прафесара Віленскай акадэміі пана Лёдніка ўваліліся п’яныя шляхцюкі з запаветам вялікага гетмана, прайшлі не месяцы, а гады… Як быццам яны здабывалі Святы Грааль у зачараванай краіне феі Марганы.
Агонь у каміне Дуўрскага гатэлю будаваў і зараз жа абрушваў гатычныя храмы, за вокнамі свістаў вецер, у кубках астываў грог, які не паленавалася ўласнаручна прыгатаваць адна высакародная княжна, і здавалася, што акрамя гэтага паўцёмнага ўтульнага пакою, дзе чацвёра маўчалі, кахаючы, ненавідзячы і церпячы адно аднаго, няма нічога.
Панна Паланэя ўвесь час няўзнак распраўляла карункі на сваёй сукенцы — нібыта хацела ўпэўніцца, што нарэшце прыняла звыклае аблічча дамы. У яе парыку луналі блакітныя птушачкі. Пранцысь не зводзіў вачэй — панна трошкі схуднела за час іх вандроўкі, але носік прыўздымаўся ўсё гэтак жа задзірыста, ніжняя губка міла выдавалася наперад. Палову жыцця аддаў бы за тое, каб пацалаваць гэтыя вусны — без пагрозы, што цябе пырнуць кінжальчыкам, напояць атрутным віном альбо насмяюцца над даверлівым студыёзусам. Вось пан Гервасій Агалінскі, «жаніх» самазваны, не пераймаецца — падкручвае вусы ды напявае сабе пад нос пра звялую руту і разбітае сэрца рыцара… Лёднік маўчыць, уткнуўшыся ў нейкую дужа рэдкую і адметна нудную кнігу, набытую у Лондане, але часам забывае перагортваць старонкі — глядзіць адсутным позіркам, думае нешта сваё, тужлівае… Нічога, вось-вось прыйдзе з Гданьску карабель, там доктару з ягонай марской хваробай будзе не да філасофскіх разважанняў.
Каб толькі бура сунялася…
— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?
— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.
— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.