Шрифт:
Жаўнеры апыталі на ўсялякі выпадак абодвух фурманаў — той, што на возе, залапатаў па-італьянску, паціскаючы плячыма, той, што пры карэцэ, пацвердзіў, што арыштаванага пана не ведае.
— Я казаў, што мой экіпаж даўно з’ехаў. Такая была дамова, — холадна прагаварыў Грос. — Гэтых паноў упершыню бачу.
І Пранціш зразумеў, што, як і Шрэдэр, Зыгмунд Грос вытрымае любыя катаванні і допыты, але не выдасць нікога і нічога. У гэтых людзях не мелася любові, спачування і нават простай справядлівасці, але цвёрдая вера ў агульную мэту і ў тое, што іх справа важней нават за іх саміх. Не людзі — зброя.
Шрэдэр пачаў абмяркоўваць з Батыстай тэорыю жывёльнага магнетызму маладога Месмера, дэманструючы поўную абыякавасць да схопленага шпега. Ці праўда ўвесь сусвет прасякнуты флюідамі, якія залежаць ад фазаў Месяца, гэтак жа, як акіян? Грос глядзеў запалымі светлымі вачыма ў нейкую аднаму яму відочную кропку, дзе не было ні ўланаў, ні восені, ні былых спадарожнікаў. Вырвіч разумеў, што ўмешвацца — недарэчы, але на душы было так пагана, так пагана… Здаваць таварыша — нават такога, які сам цябе лёгка здасць — ганьба! Як там Грос прамовіў над паміраючым у сутарэннях Шрэдэрам: «Усе мы ганчакі Божыя». Маўляў, раз папаўся — сам і хлябчы.
Гроса павялі назад, у карчму. Ён не азірнуўся, не зрабіў ніякай спробы падаць знак развітання. А ўлан паабяцаў каралеўскім гасцям, што коней дастане — але, мусіць, расчуліўся не з-за ліста караля, а з-за прыгожых вочак егіпецкай прынцэсы.
І хутка яны трэсліся далей на дарозе, дзе ў адну халодную і мокрую няўтульнасць зліваліся неба, дарога, восень і небяспека.
— Мы б маглі адбіць пана Зыгмунта! — не вытрымаў Пранціш.
— Вы смелы малады чалавек, пан Вырвіч, — азваўся Шрэдэр. — Але гэта было б неразумна.
— Ахвяры не маюць значэння, абы справа ордэна была зроблена? — з’едліва запытаўся Лёднік.
— Мы ўсе гатовыя на ахвяры, — мякка адказаў Шрэдэр. — І Зыгмунд таксама.
Вось і ўся эпітафія па страчаным таварышы. З ваччу сышоў і з памяці зваліўся.
А вось Гутаўскі базыльянскі кляштар у дэкарацыях восеньскага дня здаваўся не тое што эпітафіяй, а надмагіллем — змрочныя, магутныя муры са слядамі стрэлаў гармат. Ніякага ўзлёту ў нябёсы, толькі стамлёнасць, каржкаватасць старога воя, які ніколі не бачыў спачування і сам развучыўся спачуваць. Калісьці пабеленыя сцены аблезлі, цэгла вызірала праз тынкоўку, як хворая плоць. Густыя краты ў вокнах нагадвалі, што тленнае наша цела не болей, чым клетка, у якой мэнчыцца дух на час зямнога выпрабавання, ды іншыя выратавальныя думкі прыходзілі ў галаву каля змрочнага будынка… Хаця напэўна ж луналі над ім і анёлы, і мелася ў гэтых мурах сваё шчасце, незразумелае грэшным прыземленым натурам… Але для Баўтрамея Лёдніка найперш гэта было месца, дзе князі Багінскія трымалі ў закладніках ягоную жонку Саламею. І таму абодва ліцвіны зайшлі ў браму з гнятлівымі прадчуваннямі…
На званіцу стамлёна села варона, хрыпла выкрыкнуўшы сваё меркаванне пра гэты шэры свет і сумніўныя шансы выратавацца ў ім. Але ўдарыў звон, і чорная вястунка безнадзейнасці цяжка ўзмахнула крыламі і зляцела — каб вярнуцца. Бо вакол кожнага святога месца кружляюць тыя, хто стаміўся ад цемры, але баіцца святла.
…У цёмную келлю глядзіць толькі месяца вока, Ні гуку, ні руху… Але тут няма і самоты. Тут лічаць не грошы, а шчырыя слёзы і крокі Да брамы высокай, дзе ўменне даруецца лётаць. У гэтых мурах не схаваць ні кахання, ні крыўды — Як нельга схаваць у празрыстай вадзе анічога. І стрэлы крылатага злоснага сына Кіпрыды Бясшкодныя сэрцу, якое аддадзена Богу.Перамовы з ігуменняй узяў на сябе Лёднік, як старэйшы і самавіты. Але пані-матухна, падобная да скандынаўскай Кунігунды, якая перамагла ў збройным паядынку ўсіх жаніхоў, таму й засталося адно пайсці ў кляштар, да размоваў была не схільная. Яна паведаміла, што і сапраўды, у кляштары апынулася дзяўчына, якая назвалася напачатку князёўнай Багінскай. Паводзінаў нахабных, грэшніца акаянная. На шчасце, яе забралі сваякі, а болей лёсам дзеўкі ніхто ў кляштары не цікавіўся. Што за сваякі, дзе жывуць, ігумення не ведала.
Абодва госці, сыходзячы, адчувалі, быццам між лапатак кожнаму зараз уторкнецца дзіда.
Цяпер вароны абселі не толькі званіцы, але й крыжы манастырскага храма. З неба, глухога, як атынкаваны мур, сыпаў драбнюткі дождж. Пранціш спыніў унуранага Лёдніка.
— Чакай, хто ж начальства распытвае пра мясцовыя скандалы! Трэба якога простага чалавека знайсці…
— Так з табой манашкі і будуць гаварыць, — хмыкнуў Лёднік. — Ды такіх, як ты, на гарматны стрэл да сясцёр дабрадзейных не падпусцяць.
— Нашто нам манашкі, — няўважна прагаварыў Вырвіч, азіраючыся. — Тут жа не мангольскі стэп, нехта ж дровы коле, прыпасы прывозіць…
І праўда, каля гаспадарчых збудаванняў, такіх жа непрыглядных, як і ў звычайнай вясковай сядзібе, соўгаўся стары ў світцы і аблавушцы, як самотны груган. Толькі б не глухі і не нямко — бо менавіта такім і займаць месца прыслугі ў жаночым кляштары.
Але дзед аказаўся хоць і не зусім у здаровым розуме, вочы паглядалі ў розныя бакі, ды пагаварыць можна было. Асабліва пасля некалькіх манетаў, што перакачавалі ў кішэню выцертай, як папяровая аблігацыя скнары, світкі.