Шрифт:
Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць — бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?
Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе — і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.
Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам — гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.
Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя — віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:
— Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!
Памаўчаў і дадаў:
— І беднай Раіне Міхалішыўне галаву не тлумі. Яна, як пабітае кацяня, да цябе прывяжацца, а ты з ёй толькі пагуляцца можаш. А ёй і так па жыцці дастаецца. Я ведаю, як гэта, бо сам быў рабом. Калі надзяваюць ашыйнік на чалавека, які ўмее мысліць і ствараць, і дакрануўся да мудрасці асветы, і адчувае, што такое годнасць — гэта часам горш за смерць. І яшчэ адна здрада можа стаць тым каменем, пасля якога і без таго перапоўнены човен апусціцца на дно безнадзейнасці назаўсёды. І не ўздумай пра сваё жаніхоўства нават рэкнуць. Ты ж павінен падавацца закаханым у графіню Батысту…
Пранціш разумеў, што Лёднік мае рацыю. І нічога супраць Ганулькі Макавецкай не меў. Але чагось не хапала, каб п’янкое шчасце ўдарыла ў галаву, як шампанскае, каб не карцела паспрабаваць якіх іншых сцежак-дарожак. А на адной з тых дарожак свяціліся празрыста-зялёныя вочы Раіны Міхалішыўны, на другой — блакітныя гарэзныя вочы Паланэі Багінскай… Дый карчмарку Рыўку з Вільні не хацелася зусім занядбаць… А давядзецца. А можа, на якойсьці са сцежак на Пранціша Вырвіча прыхільна зірнуць вочы яшчэ не сустрэтай каралеўны?
— Рамантыка з дурной галавы не выветрылася, — паставіў дыягназ Лёднік. — Зразумей, век не будзеш у вокны паненак шастаць ды ў карчмарак на дурніцу піва выпрошваць. А паколькі двойчы з адной кветкі яблык не выспее, не дапусці, каб хто іншы яго сарваў. Бо пані Гадлеўская прызналася, што да наступных Пакроваў збіраецца Ганульку выдаць замуж, і слова ў яе ўзяла на гэта. Той сусед пан Ладыслаў не такі ўжо багатай нявесце брыдкі.
Вырвіч зноў атрымаў укол у сэрца — а гэта на пачуцці дзейнічае, як падзьмуць на чырвоныя вуглі, — і дэкляраваў урачыста, што ён не дурны, і шчасця не ўпусціць. Вернецца да Ганулькі Макавецкай, толькі вось адправяць Шрэдэра за мора.
У маёнтку, куды прывёз іх Шрэдэр, было цёмна і ціха, як на дне марскім — дзіва што, ноч на двары. Загасцяваліся драгун з былым алхімікам.
Таму Пранціш, як толькі зайшоў у адведзены яму пакой — на мансардзе, амаль што на гарышчы, паваліўся на ложак, лежачы, так-сяк сцягнуў з сябе боты… Добра, што ў Ляшчынах не начаставаліся віном, а то б зараз галава гула, як скінутая з дрэва борць.
За вакном буркатаў дождж, як прафесар на студэнтаў, якія не падрыхтаваліся да практычных заняткаў. Адзін раз ён грукнуў у шыбу асабліва гучна. Так што Пранціш, якога ахутала першая салодкая драма-паўява, з прыкрасцю прачнуўся. Цяпер грукнула так, як не мог бы зрабіць сваёй празрыстай лапай дождж. Спрасоння Вырвіч ажно пералякаўся: хто можа стукацца ў вакно пад самым дахам, ноччу, у залеву? Птушка? Альбо… прывід? Русалка? Начніца? Кікімара? Дамавік?
А за шыбай нешта варушылася і нібыта чуўся голас… Не птушка, не… Значыць, нячыстая сіла!
Але няўжо адважны драгун герба Гіпацэнтаўр спалохаецца здані?
Вырвіч перахрысціўся, схапіўся за шаблю і на дыбачках падыйшоў да вакна.
— Пан Вырвіч, адчыніце!
Голас Раіны Міхалішыўны? Альбо ейнай бесцялеснай сутнасці? А можа, яна — ламія, граф Батыста цалкам мог ператварыць прыгажуню ў начную пачвару, якая высмоктвае па начах кроў з даверлівых мужчын… А можа, Міхалішыўна, пакуль яны ездзілі, памерла, і ейны неспакойны дух захацеў наведаць маладога шляхціца?
Па шкле зноў забарабанілі тонкія пальцы:
— Ды ўпусціце ж мяне, дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста!
Пранцішу стала сорамна за свой страх — ён успомніў, як калісьці яго самога прымалі за прывіда. І аднакурснік па Менскім калегіюме езуітаў Міхаська Міцкевіч баяўся адчыняць вакно канвенту, пакуль Пранціш не назваў імя Гасподне.
Шыбы, на шчасце, не былі забітыя, але адчынялася толькі ніжняя частка, з двума шкельцамі. У такую адтуліну толькі птушка й пралезе… Ці танклявая акрабатка.