Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Праз пясок чырванелі цагляныя абрысы падмурка, быццам засохлая кроў. Здавалася, гэтым руінам не менш за тысячу гадоў. Пранціш глядзеў вакол і намагаўся запомніць радкі, што складаліся ў галаве — запісваць на вачах ва ўсіх не было як, гэта Удальрык Радзівіл мог спыніцца пасярод залы з радавітымі гасцямі і крэмзаць у раптуляр прадыктаванае натхненнем, не зважаючы на насмешкі і пытанні. Але ж на тое ён і магнат, які можа быць хоць жорсткім тыранам, хоць дзіваком, замовіць партрэт неіснуючай ідэальнай дамы і суткамі распяваць карціне мадрыгалы. А Вырвіч — бедны шляхцюк і нікому не вядомы паэт, да якога проста прыходзяць вершы.

…Выдмы ідуць. Паглынаюць дамы і касцёлы. Чорныя мёртвыя дрэвы — як помнікі ім. Хвалі марскія ўсё прагнуць прасторы і волі, І наступае ўсё далей імперыя выдм. Белы пясок, а за ім — цёмна-шэрыя хвалі, Што ні імперыя — межы свае праміне. Ну і навошта мы храмы свае будавалі, Раз апынуцца пад выдмамі, потым — на дне? Мовай пяску загавораць лясы і паляны, І балаты ператворацца ў белы пясок. І застанецца над выдмамі крыжам драўляным Мачта майго карабля, што нікуды не ўцёк.

— Выдатныя дэкарацыі! — прамовіў граф Батыста. Вецер раздзімаў ягоны чорны плашч так, што здавалася, маг зараз ператворыцца ў кажана і ўзляціць у шэрае неба. — Ты згодна, міа кара?

Тужліва закрычалі чаіцы. Міхалішыўна, якая ў пунсовым плашчы нагадвала дзівосную кветку сярод мёртвага саду, з насалодай удыхнула халоднае марское паветра.

— Так, менавіта ў падобных месцах павінны разыгрывацца самыя вялікія трагедыі!

— Ну што ж, — прамовіў Батыста, адварочваючыся ад парываў ветру, — падары нам незвычайнае ўражанне. Думаю, арыя Дыдоны, пакінутай Энеем, тут прагучыць дарэчы… Стань вунь там, на адхоне, ля дрэва!

Міхалішыўна пакорліва схіліла галаву і, правальваючыся па шчыкалаць у пясок, узбегла на адхон дзюны — Пранціш нават не паспеў прапанаваць ёй руку.

— Асцярожней, тут месцамі можна ўваліцца, як у дрыгву! — папярэдзіў Рысь, але Міхалішыўна ўжо застыла на месцы.

— Ёй будзе цяжка спяваць, пан Батыста! — змрочна прамовіў Лёднік. — Моцны вецер, да таго ж з пяском… Яна можа пашкодзіць звязкі!

— Серафіна мацней, чым вы думаеце, — насмешна адказаў маг. — Яна ўладарыць над стыхіямі…

— Як толькі чалавек вырашае, што над чымсьці ўладарыць, Гасподзь адразу ж даказвае яму адваротнае, — адрэзаў доктар.

— З такімі поглядамі васпану найлепей было б у кляштары, — не хаваючы раздражнення, адказаў Батыста. А Пранціш і пан Рысь глядзелі на актрысу: яна нейкі час пастаяла каля чорнага пахіленага дрэва, паклаўшы на яго руку і пра нешта думаючы… А потым, калі ўскінула галаву, з якой зняла шапку, і чорныя валасы яе ляцелі па ветры, і лунаў чырвоны плашч — драгуна як па сэрцы разанула… Бо гэта была ўжо не прыгонная актрыса і не асістэнтка шалбера-фокусніка, а царыца Карфагену Дыдона. Бровы трагічна выгіналіся над глыбокімі гораснымі вачыма, белыя тонкія рукі сціскаліся ў адчаі.

— Калі на горад, грэшны і распусны, Багі абрушваюць свой гнеў — зямлю ўзразаюць Расколіны, у студнях — соль і жоўць, І гора тым, хто толькі нарадзіўся… Мая душа — нібы пракляты горад… З расколінаў надзеі льецца кроў, І здрады жоўць пячэ, і вочы слепнуць Ад солі слёз… Каханне, ты — праклён!

Словы, магчыма, былі не надта зграбныя, але пра гэта не думалася. Таму што пачуццё, укладзенае ў іх, было сапраўдным. Пранціш успомніў, як Міхалішыўна іграла ў Слуцкім тэатры — і тады яе майстэрства зачароўвала, а ад тых часоў яшчэ ўзрасло. Яе голас быў глыбокі і гучны, без дрыготкі, якая часта псуе самы лепшы тон. Батыста паглядаў на Пранціша і пана Рыся з выглядам князя Радзівіла, які дэманструе гасцям сваю скарбніцу, набітую па самую столь, упэўнены, што тыя не ўразіцца проста не могуць, і больш за ўсё на свеце жадаюць займець хоць частку ўбачанага…

Міхалішыўна скончыла спяваць, грацыёзна раскланялася… Яе чырвоны плашч лунаў, як ветразь.

— Ну як, панове? Чароўнае відовішча? — задаволена папытаўся італьянец, чый парык на фоне шэрага неба і белага пяску здаваўся брудна-шэрым, як быццам ім выціралі пыл.

Пан Рысь падкруціў вусы, ад чаго іх кончыкі ваяўніча прыўзняліся.

— Цалую пані ручкі і ножкі… Вам пашанцавала, пан Батыста, валодаць такой прыгажуняй… У мяне ажно слёзы на вочы навярнуліся. Хаця мая мілая жоначка ў мяне слёзы яшчэ вярней здабывае.

Альбанчык весела і мройна засмяяўся сваім успамінам.

— А што, пані Рысь таксама прыгожа спявае? — хаваючы раздражненне, спытаў італьянец, які, пэўна, разлічваў, што егіпецкая прынцэса разам з драгунам счаруе і альбанчыка, раз уздзейнічаць на зацятага Лёдніка — гэта разумелася ад пачатку — было бескарысна.

Пан Рысь ганарыста ўсміхнуўся.

— О, мая Магдуля ўмее ўсё! Яна, панове, амазонка, Дыяна, каралеўна мая! Я ж яе адбіў у аднаго пястуна мамчынага, смятанніка… Я на сотні двубоях біўся, і на ўсіх перамог! А той без цёплага каптанчыка і ўлетку не выйдзе. А Магда ў бякаса на скаку трапляе! Мы з ёю — дабраная пара… Дык вось, упадабаў я адну забаву — страляць па абцасах жончыных туфлікаў… Ну так міла атрымліваецца… А паслухаць жоначку пасля ды кухталя атрымаць, і пацалункамі выбачацца — мілата! — твар пана Рыся расплыўся ва ўсмешцы. — А яна зараз цяжарная, дык забараніла мне гэтую гульню… А на днях не вытрымаў я… Былі мы ў спачывальні, а Магдуліны чаравічкі так спакусна стаяць ля дзвярэй… Прыцэліўся… А жоначка хапае са стаўбурка другі пісталет: «Як васпан мой абцас адстрэліць, дык я яму такім жа чынам пас развяжу!». Стрэліў… А тады й яна… Я бокам да яе сядзеў, а куля мне і развязала пас!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: