Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

А на захадзе, цераз поле, проста перад табой — гарадскія пяціпавярховікі. Добра відаць крайнюю да поля вуліцу, па якой ездзяць машыны. Калі ж прыставіць да вачэй далоні «біноклем», можна разгледзець нават маленькія фігуркі людзей на прыпынку і ўбачыць, як да іх падпаўзае жоўты «Ікарус» № 23, адзіны рэйс, які звязвае Чэшскую Слабаду з горадам. Калі не лянуешся і маеш вольны час, можна прасачыць увесь яго далейшы рух. Вось ён забярэ пасажыраў, паверне ў канцы вуліцы, расцягнуўшы на баку свой «гармонік», схаваецца ў пералеску, ізноў выплыве — цяпер бліжэй, у раёне аэрапорта, а праз якіх дваццаць хвілін ён ужо каля Петрусёвага дома! Тут таксама сапраўдны гарадскі прыпынак, з указальнікам «Чэшская Слабада», нават з пешаходным пераходам — палоскамі «зебры» ўпоперак асфальтаванай вуліцы. Далей прыпынкамі будуць «Воданапорная», «Парнікі», «Школа», чарговы паварот — і вось так, апісаўшы авал, «Ікарус» зноў апынецца на той самай крайняй да поля гарадской вуліцы, якую відаць адсюль, і перадасць ёй ад Петрыка прывітанне.

2

І гэты авальны маршрут аўтобуса, і ўсё, што знаходзілася ўсярэдзіне авала: ціхая, дачная Слабада са сваімі студнямі і пеўнямі, домікі, садзікі, агароды, дарога, лес, поле, краявід горада, і рачулка, якая таксама акружала Слабаду, нібы акальцоўвала яе, — усё было надзвычай талкова прадумана некім. А яшчэ стварала адчуванне ўтульнасці і бяспекі.

Нават тое, што бацька не жыве з імі, амаль не бывае дома, мала бянтэжыла Петрыка. Яму і так някепска жылося. Маці з бабуляй любілі яго, песцілі. Паміж сабой — у адрозненне ад Домніных сыноў — амаль ніколі не сварыліся. Домна звала нявестку «доня», а нявестка яе — «мама» і на «вы». Хіба што зрэдку, калі маці прыходзіла з парнікоў асабліва натомленая, а баба Домна, наадварот, кулікнуўшы пару чарачак «абрыкосавай», была ў прыўзнятым настроі, нявестка магла адпусціць на адрас свякрухі пару з’едлівых — кшталту: «Пры жывым мужы быць саламянай удавой… Усе сем’і як сем’і, а мой — капітан…»

Звычайна бабуля вінавата адмоўчвалася. Толькі прасіла ціха:

— Не сварыся, донечка…

— Я не сваруся, мама! Я проста так кажу! Былі б грошы — не было б клопату…

Ужо гэтыя грошы! З чаго б маці ні пачынала, абавязкова на іх збівалася. Яна нібы проста так, сама сабе, як бы паміж іншым пачынала ўпікаць бабу Домну, што тая — удава героя вайны, жонка загінуўшага франтавіка, вось цэлых адзінаццаць гадоў не хоча атрымліваць законную грашовую дапамогу, гэтак званыя «ўдовіныя».

— Гэта ж столькі грошай ляснула — падумаць страшна!

І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.

— Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі!

— Не ў нашай, — цярпліва папраўлялі яе. — Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.

— Хай сімвал, а я дазволу не даю!

— Ды зразумей ты: мы ж не для сябе — для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…

— Ён мне не кажа, што яму там кепска!

— Ну падумай сама — школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць — перад дубовым крыжам?

— Вадзіце куды хочаце.

— …А брацкая магіла — гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя…

— Хай золатам, хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце — я рыдлёўку пазычу.

— Глядзі, дажартуешся! — намякалі ёй. — Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца…

Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў — у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду… Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, — так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва… І асеў… Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць над нядаўнім іхнім жывым таварышам, а цяпер нябожчыкам, маладзіца-ўдава… Вайна ёсць вайна, яшчэ не такое здараецца, не рэдкасцю было, калі чалавек сярод франтавой віхуры паміраў сваёй смерцю… Але каб вось так, на ганку роднага дома!.. Крышку пастаялі — і далей, трэба было працягваць наступленне, не даваць немцам апамятацца; вызвалены маленькі горад з ваколіцамі быў усяго толькі нязначным эпізодам у грандыёзнай аперацыі. А салдат застаўся ляжаць у роднай зямельцы на мясцовых могілках пад дубовым крыжам. Калі неўзабаве ўзнавіў працу ваенкамат, Домну адну з першых выклікалі туды. Вярнулася жанчына з цэлым багаццем: згушчонка, тушонка, хлеб, селядцы, павідла, а галоўнае, з новенькімі дакументамі, у якіх рашучая пячатка пацвярджала, што яе муж сапраўды «гераічна загінуў пры вызваленні Чэшскай Слабады», і цяпер яна афіцыйна з’яўляецца ўдавой франтавіка. Неўзабаве аформілі прадуктовыя карткі на дзяцей, потым пенсію, ільготы — усё як належыць, і нават пазней, у сувязі з 10-годдзем, 20-годдзем заканчэння вайны, ці проста на 9 мая яшчэ выклікалі ў гарсабес і ўручалі розныя каштоўныя падарункі або грашовую невялічкую дапамогу. Недзе ў 60-я, калі ўзнікла мода на манументы, брацкія магілы, абеліскі, пастаменты з бетонным салдатам у касцы і з партызанам з гранатай, у Слабадзе таксама заварушыліся, выбралі месца — каля аэрадрома, на высокім пагорку, каб здалёк было відаць, і вырашылі перазахаваць астанкі партызан і падпольшчыкаў у агульную магілу, а над ёй узвесці стандартны мамумент. Вось тут Домна нечакана праявіла ўпартасць: «Не даю дазволу! Ён ляжыць і есці не просіць».

Начальства ўсіх калібраў: слабадское, гарадское, ваенкаматаўскае, з аддзела культуы і ідэалогіі, з райсабеса — спачатку нават разгубілася. Гэтая Домна проста збіла іх з панталыку, пераблытала планы, паставіла ў няёмкае становішча. Ды яшчэ і ўзнік нейкі ледзь не палітычны аспект, двухсэнсоўнасць, рэлігія — карацей, чорт ведае што.

Спачатку Домну ўпрошвалі. Потым пачалі злавацца, папярэджваць, пагражаць.

— Глядзі! Бо калі на тое пайшло, мы ўміг дакажам, што ён ніякі не герой, а проста памёр сваёй смерцю, без удзелу ў баявых дзеяннях. Каб ён хоць прапаў без вестак, ці хоць сваёй смерцю памёр, але дзесь далёка, не на вачах, і каб пахаваны быў таксама далёка — тады б яшчэ мог лічыцца героем. А так? Па сутнасці? Калі разабрацца? Ні тое, ні сёе, нейкая несуразная смерць… Ужо дакладна — не подзвіг.

А Домна заладзіла сваё:

— Адступіцеся! Па дакументах ён франтавік-герой. Вы мне самі дакументы выправілі!

— Як выправілі, так і ануліруем. Дакументы і ануліраваць можна.

— Ануліруйце! Як у вас совесці няма…

Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана — зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот — словам, усяго.

— Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, — цынічна заявілі ёй. — Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: