Шрифт:
— Вось і добранька… І правільненька… Паплаваў — і годзе, пара прычальваць… Ты ўжо не малады, вунь барада, як у Зміцера, сівая…
Бацька выходзіў на двор. Пятрок, як зачараваны, ішоў следам. Бацька набіраў у грудзі паветра, азіраўся:
— Якая прырода! Якая прыгажосць! — казаў узбуджана. — А вось і ты, мой абрыкосік! Колькі я гэты ствол адпаліраваў, па ім лазячы! Кожны сук ведаю… Неяк маці папрасіла абрыкосаў нарваць, дык я ўсе абарваў, і спелыя, і зялёныя… Смех і грэх! Тваіх гадоў быў, такі ж малы, неразумны… Вось тут во стол стаяў. Вячэралі за ім… Сёрбаем зацірку з аднаго чыгунка… Вясна, абрыкос цвіце, вечар, прыцемкі, а пчолы гудуць над галавой!.. Уяўляеш — яшчэ не спяць! Такое не забываецца. Вучыся, сынок, працавітасці ў пчол.
Памацаў шурпатую кару камля, дзелавіта адзначыў:
— Пабяліць трэба было б, каб не шэрхла.
А калі вярталіся ў дом, заключыў:
— Прырода — вялікая рэч! Запомні, сын. Заўсёды любі і беражы родную прыроду.
Усё гэта страшэнна падабалася Петрыку. Асабліва тое, як прыгожа, паэтычна бацька ўмее казаць пра будзённыя рэчы.
Калі селі за стол — не пад абрыкосам, а ў пакоі — бацька, адкаркоўваючы пляшку, лёгка абыйшоўся без нажа, скалупнуў адным пазногцем вялікага пальца. Затым устаў з поўнай чаркай у руцэ і нізка, так, што гарэлка з чаркі закапала на падлогу, пакланіўся Домне.
— Дзякую, матуля, дарагая-каханая, што нарадзіла мяне, выхавала, дала шчасце бачыць усю прыгажосць свету і зямелькі роднай…
— Ай, адступіся! — махнула рукой Домна, саромеючыся клаўнады, якая адбывалася ў кожны сынаў прыезд. — Скажы лепш, што з братамі думаеш рабіць? Калі вы мірыцца будзеце?
— З братамі? — Бацька выпіў, выцер рот. — Гэта яшчэ тыя браты… Яны мне во з такіх гадоў (правёў далонню ніжэй калена) у пячонках сядзяць. Раз сказаў — нагі маёй не будзе ні ў таго, ні ў другога. Маё слова цвёрдае.
— Але чаму? — шчыра не разумела маці. — Павінна ж быць прычына!
— Паэзіі няма ў душах. Палёту думкі. Паэзія, каханне, прыгажосць для іх — пустыя гукі.
— Сыночак, — пачынала прасіць Домна, — памірыцеся! Няможна так жыць, сорамна. Пра сына падумай, як яму жыць, як такое слухаць? У школу пойдзе, дражніць будуць, хто за яго заступіцца?
— За яго? — бацька прысеў, паклаў сыну далоні на плечы. — Вось за гэтага?
Петрык аддана глядзеў яму ў вочы.
— Думаеш, яму прыемна будзе слухаць, што вас братамі Карамазамі дражняць?
— А ці ведаеш ты, што такое браты Карамазавы? — спытаў Марк у сына.
Петрусёк ведаў: па-мясцоваму «карамазы» азначала стракаты, рознакаляровы, а яшчэ — нягеглы, абы-які. Бацька засмяяўся, лёгка пстрыкнуў яму па носе.
— Глыбока памыляешся! Гэта твор найвялікшага пісьменніка, ураджэнца нашай шчодрай на таленты непаўторнай матухны-радзімы Беларусі. Вось так. Каб ведаў. Твор, браце мой, настолькі геніяльны і тоўсты, што ніводзін чалавек пакуль не адужаў дачытаць яго да канца. Так што калі пойдзеш у школу, будзеш добра вучыцца — можа, ты дасягнеш такіх вышынь, што дачытаеш. Так і запомні!
На другі дзень пасля абеду бацька павёз Петрыка купляць яму новую кашулю і сандалі. Зайшлі ў парк. Быў выхадны, працавала «чортава кола», арэлі, карусель у выглядзе звяроў. Пакуль Петрык катаўся на шыі лебедзя, бацька купіў білет на экскурсійна-прагулачны цеплаходзік па Сожы.
— Не забывай любавацца краявідамі, — нагадаў бацька сыну перад тым, як ступіць на палубу. — Больш запамінай малюнкаў прыроды.
А краявіды і праўда былі прыгожыя. Вачам адкрываліся такія далі, што дух займала. Цеплаходзік плыў па сярэдзіне Сожа, левы бераг быў нізкі, роўны, бы засланы зялёным шаўкавістым абрусам, а правы — адвесны, стромкі, магутныя дрэвы стаялі на самых кручах і трымаліся на адным толькі карэнні! Бацька перыядычна спускаўся з верхняй палубы на ніжнюю, дзе быў буфет, прыносіў сыну цукеркі, шакалад ці марожанае, і з кожным разам усё мацней любаваўся роднымі мясцінамі, голасна, на ўсю палубу прапаноўваў тое самае рабіць сыну і незнаёмым пасажырам.
— Якая багатая нашая матухна-радзіма! Што там твая Сібір, што Швейцарыя! — і Пятрусь бачыў, што пасажырам таксама перадаецца яго ўзнёслы настрой, яны часцей усміхаюцца і з падзякай, прыязна глядзяць на бацьку. І сам Петрык міжволі пачынаў адчуваць гонар за бацьку, і шчымлівую радасць, што нарадзіўся ў такіх чароўных мясцінах.
А бацька падміргваў сыну, складваў рупарам далоні, аддаваў каманды нябачнаму капітану:
— Кінь права! Мель па курсе!
Нарэшце супакоіўся, яны прыселі на лаўку. Петрык даведаўся многа цікавага; напрыклад, што звычайны бакен паказвае мель, а паласаты — бела-чорны ці бела-чырвоны, азначае рэзкі паварот фарватэру; што розніца паміж прагулачным цеплаходзікам і «Ракетай» у тым, што «Ракета» ляціць на крылах амаль у паветры, а «наш ціхаход мае асадку 1 метр 60 см», але калі «Ракета» спыніцца, асадка ў яе 2 метры 20 см.
Калі на беразе траплялася маленькая прыстань, бацька ўсклткваў: «О, яшчэ дэбаркадэр!»
Таксама сын папоўніў свае веды наконт таго, што дызель «Ракеты» — турбіна — заводзіцца сціснутым паветрам, 3 балоны па 150 атмасфер, а пасля матор пераходзіць на самаабслугоўванне: паветра ў цыліндры пампуе турбіна, а яе круцяць выхлапныя газы.
Петрыку надзьмула ветрам вочы і нос, ён аб’еўся марожаным, аж горла аблажыла, але ўсё адно быў шчаслівы і мог бы так плаваць цэлы дзень. Каля ўніверсама бацька зноў таямніча падміргнуў сыну, знік. Увечары, на пытанне маці: «А дзе кашуля? Сандалі купіў?» — бацька зрабіў вінаваты і разам з тым хітры твар.