Шрифт:
— Дзе… Пятрок? — прашаптала яна. Маці падштурхнула сына, ён нагнуўся, бабуля знайшла сваім ротам яго вусны. Гэта быў доўгі пацалунак, і нейкі прагны, нібы Домна на развітанне хацела пераліцца ва ўнука, увайсці ў яго і хоць часцінкай пажыць у ім яшчэ.
— Ну вось — а цяпер можна і за стол, — мітусілася маці. — Сядайце, піце міравую, ежце… Гэта ж так добра жыць цяпер, абы здароўе, абы розум — а ў вас у кожнага і розум, і здароўе!
— Ужо няма чаго дзяліць, — сказала цётка Таня. — Цяпер не галодныя гады.
— Ад сварак адна нервеннасць, — пацвердзіла цётка Поля.
Расселіся за сталом. Стах папрасіў Петрыка ўключыць тэлевізар. Паказвалі пахаванне Брэжнева. Каля труны стаялі ў жалобе розныя замежныя дэлегацыі. Калі паказалі арабскую, дзядзька Стах ажывіўся, нібы пазнаў знаёмага:
— Ясір Арафат! — на гэты раз не памыліўшыся.
— Зрабі цішэй, сынок…
Звярнулі ўвагу на Петрыка. Нехта ўспомніў, што гэта ж учора ў яго былі імяніны. І тут усе заўважылі, які ён ужо вялікі — дзевяць гадоў, і прыемна здзівіліся.
— Адным расці — другім паміраць, — уздыхнуў дзядзька Стах. — Ах, ха, ха.
— Выцягнуўся, але пусценькі, — сказала цётка Таня.
— На, памацай, — надзьмуў жывот дзядзька Стах. — Каб во такі мамон быў!
— Ідзі, сынок, на вуліцу — салют паслухай…
— Не салют, а травурны гудок! — паправіў бацька.
Пятрусь пайшоў. У верандзе стаяў скасабочаны мех, поўны кукурузы. Маці прасіла ў Капоры два кіяхі, а ён цэлы мех прытарабаніў. Адзін кіях вываліўся на падлогу. Пятрусь падняў, разлупіў ссохлы «пергамент», разняў чорныя «валасы», і з-пад іх раптам выглянула, як бліснула золатам, жоўтае, цвёрдае, буйнае зерне. Якая прыгажосць! Кавалачак лета!.. Падалося, нават веранда пасвятлела.
Ён выйшаў на двор. Няўжо гэта яно вось такое — жыццё? Дзе ўсё разам, гора і шчасце, сваркі і прымірэнні, слёзы і смех, і ўсё пераменлівае, перамешанае, непастаяннае, усё ў руху, круціцца, як у калейдаскопе; і як у калейдаскопе з розных асколачкаў шкла пры пэўным павароце і неабходным ракурсе ўзнікае малюнак — так і цяпер перад Петрусём узнікла, закруцілася і пабегла, пайшло мільгаць: ад рэчкі да Галькі, ад паху сена да вусікаў Цішы, ад Леаніда Міхайлавіча да віра з сомам, ад укручанага ў «пергамент» золата кукурузы да чорнага шарыка чмялінага мёду… Было адначасова і радасна, і боязна, і крыху сумна. Але больш радасна — якое ж яно, жыццё, аказваецца, аграмаднае! І як добра, што яно нарэшце пачынае адкрывацца яму!
Калі Пятрусь вярнуўся, ён зразумеў, што за сталом нешта змянілася. Ізноў працаваў тэлевізар. Апускалі на доўгіх ручніках у яму труну, і яна на дне моцна грукнула. Цётка Таня заплакала.
— Не яго — макет хаваюць! — гучна тлумачыў расчырванелы дзядзька Стах. — Гэта ж так прыдурваюцца! Я ж вас пахаваю…
— Нашто вам той Брэжнеў?! — маці вышмаргнула вілку з разеткі. — У вас родная матка памірае праз сцяну!
Але ніхто яе ўжо не слухаў.
— Ах ты мая Ціша…
— Во-ось…
— Ды што ў цябе акрамя той Цішы…
— У мяне? Акрамя Цішы? Гэта ў цябе грошы хоць на білет былі?
— У мяне? Грошы? На білет? Ды я з грошай караблікі раблю і па Лене пускаю!
— Ты? Караблікі? Па Лене? Ды ў цябе як у латыша!..
— Во-ось…
— Эх, вы… браты Карамазавы! — прамовіла маці, адвярнулася і выйшла, ляпнуўшы дзвярамі.
2013 г.Дзядзька Адольф
Раздзел першы
І
З гэтым дзядзькам Адольфам у 55 гадоў здарыўся крызіс.
Да крызісу ён жыў сабе ціха-мірна ў раённым гарадку на беразе Дняпра, меў кватэру, дачу, жонку, мапед і двое дзяцей, працаваў на камвольным камбінаце мастаком-афарміцелем: малякаў плакаты па тэхніцы бяспекі, розныя лозунгі-транспаранты, усялякія буклеты-лістоўкі, пісаў каліграфічным почыркам (пакуль не было камп’ютараў) прозвішчы і пасады на шыльдах для дзвярэй начальніцкіх кабінетаў — словам, займаўся чым папала, нагляднай агітацыяй.
У выхадныя выязджаў на прыроду маляваць акварэлькі і, канечне, марыў пра маштабнае палатно.
Ён хацеў напісаць такі шэдэўр, які б ахопліваў усё.
У ім павінны былі адлюстравацца асноўныя перыяды гісторыі беларускага народа, нацыянальныя рысы яго характару, а таксама прырода ва ўсёй паўнаце і непаўторнасці. Яшчэ шэдэўр павінен быў несці глыбокі філасофскі падтэкст і ў розных перспектывах раскрывацца па-новаму.
Ды вось час! Дзе набрацца часу? Жонка Ірына, разглядваючы акварэлькі, таксама казала з уздыхам: