Шрифт:
— Часу табе, Адольф, не хапае. Эх, каб табе час! Ты б, можа, намаляваў яшчэ не горш, чым Рафаэль.
За гэта — за такія словы — Адольф яе паважаў, але ў цэлым ставіўся да жонкі крышку іранічна. Яна не мела ніякіх талентаў, працавала звычайнай камвольшчыцай, да таго ж была круглая сірата, з дзіцячага дома. Адольф жартам называў яе Ірына Бацькаўна. Яна не крыўдзілася, адчувала, што не роўня таленавітаму мужу. Бегала сабе раніцай на камбінат, увечары назад, цягнула ўсю гаспадарку, выхоўвала дзяцей — яны, дарэчы, зваліся так, як і бацькі: сынок — Адоля, дачушка — Ірачка.
Раней, у маладыя гады, Ірына вельмі раўнавала мужа, баялася, каб не паклаў вока на якуюсь спакуслівую камвольшчыцу, адсочвала кожны яго крок. Але кот сала захоча — знойдзе, пільнуй не пільнуй… Таму перыядычна паміж імі ўзнікалі канфлікты, здараліся сур’ёзныя скандалы, з слязамі, папрокамі, крыкамі, нават з пакаваннем чамаданаў і пагрозай разводу.
Потым усё прайшло. Муж астыў, паспакайнеў, супакоіўся. І калі ў час выпіўкі маладзейшыя сябры-калегі спрабавалі завесці дзядзьку Адольфа на анекдот, ці раскруціць на якую-небудзь пікантную, інтымную гісторыю са сваёй біяграфіі, ён альбо адмахваўся: «Ай, я ўжо стары!» — або з выглядам прафесіянала, што вымушаны спускацца да дылетанцкага ўзроўню, паблажліва адказваў:
— Усё гэта не так цікава, як здаецца ў пачатку.
З радні ў Адольфа застаўся толькі старэйшы брат Іван. Іх бацькі, заходнебеларускія сяляне з-пад Мядзела, даўно памерлі. Так атрымалася, што Іван жыў ад Адольфа на другім канцы Беларусі, чорт ведае дзе, у самай палескай глушы, на лясным хутары каля чыгуначнай станцыі Старушкі — кіламетраў 300 ад Мінска і яшчэ 100 да Адольфавага гарадка. Іван працаваў лесніком, яго жонка Ніна — бібліятэкаркай у Старушках. Туды ж, у школу ў Старушкі, хадзілі пехам з хутара іх дзеці: старэйшы Талян і малодшы Лёнік.
Зрэдку Іван з Нінай прыязджалі да Адольфа ў госці. З братам было лёгка, ён паводзіў сябе, як і належыць чалавеку ў гасцях. Асцярожна ступаючы ў шкарпэтках, хадзіў па кватэры, усё хваліў, усім захапляўся, гаспадыні Ірыне не шкадаваў шчодрых кампліментаў, нават такога ўзроўню:
— Які цукар у вас салодкі! — казаў, калі пілі гарбату.
А калі гарэлку:
— Якая гарэлка мяккая — у горле не стаіць!
Гладзіў па галоўках дзяцей, і аж вочы ў яго вільгатнелі ад замілавання:
— Ну чыстыя анёлы нябёсныя!
Сядаючы на канапу, не забываў сказаць:
— Бач ты, якая зручная для сядзення канапа…
І на балконе, прыкурваючы цыгарэту, Іван не маўчаў:
— Шырокі ў вас, прасторны балкон! А прыгажосць якая зверху!
Хаця «прыгажосць» была — вершаліны дрэў, аўтобусны прыпынак ды воддаль — квадратны аблезлы дах камвольнага камбіната. Калі ж справа даходзіла да братавых малюнкаў і Іван падымаў вочы на сцяну, на акварэлькі — тут ужо яго захапленню не было межаў, проста слоў не знаходзілася. Ён толькі прыцмокваў языком.
— Ай і карціна! Як на фатаграфіі! — і варушыў пальцамі, нібы збіраўся памацаць ствол намаляванага дрэва ці пагладзіць травінку.
Затое Ніна, яго жонка, вельмі стрымана, суха паводзілася, нічога не хваліла. Нават багата сабраны стол ёй не падабаўся. Толькі падціскала вусны і казала з лёгкім дакорам:
— Ці трэба ўжо такі меркантылізм?
Ірына Бацькаўна слалася, не ведаючы, як ёй дагадзіць, і ўсё дарэмна. Нават Адольф, гаспадар, і той ніякавеў перад братавай, пабойваўся яе за падцісканне вуснаў, катэгарычнасць, аскетызм, а яшчэ — за незразумелыя паводзіны. Напрыклад, яна мыла рукі не калі заходзіла ў кватэру, як усе людзі, а калі выходзіла, перад ад’ездам.
— Ну, — казала, — трэба ісці мыць рукі, ды будзем развітвацца.
Адольф з жонкаю кожны раз потым ламалі галовы, што б гэта магло значыць, і не знаходзілі тлумачэння, акрамя асацыяцыі з выразам — «умываю рукі».
Прыезды сваякоў былі рэдкія, раз на год максімум. Да таго ж і сустрэчай гасцей, і ўладкаваннем, і пачастункам, і адпраўкай — усім займалася жонка. А Адольф, натура творчая, як толькі выпадаў вольны час і дазваляла надвор’е, закідваў мальберт за плечы, заводзіў мапед, і — на акварэлькі.
— З’езджу на акварэлькі! — казаў ён, як рыбакі кажуць — «на акунёў», ці паляўнічыя — «на качак».
З берага Дняпра адкрывалася прыгожая, шырокая панарама. Адольф ставіў мальберт, або з эцюднікам хадзіў па беразе, выбіраў ракурс, накідваў на паперу эскізы, замалёўкі. Зрэшты, які б ракурс ён не выбіраў, на якое б месца не станавіўся, выходзіла адно й тое ж: выгін Дняпра, лугавіна за ім, купка асін, дарога ў полі, кавалак неба і купал цэркаўкі.
Ён так на гэтай тэме натрэніраваў вока і набіў руку, што, у прынцыпе, яму і на натуру выязджаць не было асаблівай патрэбы — дома маляваў па памяці, і ўсё роўна атрымлівалася вельмі прыгожанька, проста копія як у сапраўдных майстроў пейзажу, асабліва калі акварэль узяць у рамку пад шкло або ў звычайнае паспарту.