Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— А-а, — Адольф таксама засмяяўся, потым пасур’ёзнеў. — Трэба месяц не папіць, — сказаў ён тое, што яму раілі, калі Іра год не магла зацяжарыць. Адольф паслухаўся, месяц не піў — сапраўды памагло.

Пасля гэтага пахавання і пачалося, і пасыпалася!

Толькі правялі ў армію сына, тут дачка Ірачка раптам аб’явіла, што яна на «чацвёртым месяцы», а віноўнік — азербайджанец, які на мясцовым базары трымае кіёскі. Так што яна пасля экзаменаў збіраецца замуж.

Жонка ламала рукі, і плакала, і біла яе, і на каленях прасіла апамятацца… Ды што ўжо тут. Усё роўна атрымалася па даччыному, улетку выйшла замуж, перабралася да азербайджанца, а неўзабаве ашчаслівіла бацькоў чарнявенькай унучкай.

Адольфа з усяго калейдаскопа падзей найбольш уразіла, што ён ужо дзед.

Вось дык навіна!

Ён пазіраў на сябе ў люстэрка. Ну які ён дзед? Калі выглядае на 40, а адчувае сябе на 18? Праўда, трошкі пачаў лысець. Валасы кучаравіліся вакол лысінкі, як лаўровы вянок, а нос з гарбінкаю ў профіль рабіў яго падобным на рымскага патрыцыя. Не, ён яшчэ мужчына хоць куды.

У чым жа справа? Што яго круціць?

Ну, дзеці. Дык яны і павінны вырастаць, служыць у арміі, выходзіць замуж… Рана ці позна іхнія лёсы выступяць на першы план, засланяючы бацькоўскія. Тым больш дзецьмі, калі шчыра, Адольф і так не займаўся, выхоўвала іх Ірына Бацькаўна, таму цяпер ён з чыстым сумленнем перакладваў віну за тое, што здарылася з дачкою, на жонку — не ўпільнавала, не дагледзела.

Ну, брат Іван памёр. Дык ён старэйшы — старэйшыя і павінны паміраць раней за малодшых.

Ну, усе грошы ляснулі на пахаванне, вяселле і провады ў войска… Дык на тое яны і капіліся…

Тут Адольф зноў пачаў думаць, што вось ён ужо дзед. А чаго ён дасягнуў у жыцці ў параўнанні з іншымі? І са здзіўленнем сам сабе адказаў — нічога.

Пакуль ён пісаў акварэлькі, граў на гармоніку «Чобаты» і аддаваўся «маленькай слабасці», прайшлі, прабеглі, праімчаліся самыя цікавыя, пераломныя гады! Хітры час падмануў яго. І ён, па-сутнасці, звычайны няўдачнік. Горкае слова!

Хіба такога жыцця ён хацеў? Не. Ён марыў, каб з ім здарыўся які-небудзь цуд. Напрыклад, буйны выйгрыш у латэрэю. Каб яму хоць крыху пашанцавала. Хацеў пававагі да сябе з боку іншых. Не зашкодзіла б таксама — чаго ўжо тут? — лёгкай зайздрасці, звычайнай, чалавечай… І каб спакойна было за заўтрашні дзень.

А так — ён дзед, без грошай, з ненапісаным шэдэўрам, з гармонікам і лысінай… Неўзабаве на пенсію. І што — сесці на лавачцы і няньчыць азербайджанскіх унукаў?!

ІІІ

Думка, што ён няўдачнік, што жыццё магло б скласціся інакш, а ў яго не склалася і наўрад ці ўжо складзецца, не давала Адольфу спакою.

І праўда, настаў нейкі крызіс. Так, жыве. А чаго жыве? Пытанне! Адольф нават узяў за свой кошт адпачынак, каб у адзіноце паспрабаваць з усім гэтым спакойна разабрацца.

Дзе ён зрабіў памылку? Што было не так? Ну, «маленькая слабасць», ну, беларуская нацыянальная хвароба лянота… Не такія вялікія грахі.

Маўклівы зрабіўся Адольф, задумлівы, рассеяны. Пасвістваў уголас, а на жончыну заўвагу не свістаць, бо грошай не будзе, з гатоўнасцю адказваў:

— Іх і так няма! — і ў голасе яго чуўся дакор, нібыта ён адзін грошы зарабляў, а жонка тое і рабіла, што траціла.

Выпіваць пачаў часцей, чым да крызісу. У галаве тады адразу святлела, і ён дзяліўся з жонкаю сваімі думкамі.

Ён ёй тлумачыў у даходлівай форме пра перавагі іхняга старога добрага часу перад цяперашнім:

— Раней як было? Праца і сціпласць. Два словы, два кіты, на якіх усё трымалася. Будзеш працавіты і сціплы — усё астатняе само да цябе прыплыве. І грошы, і слава, і павага, кар’ера… Усё цябе само знойдзе. А цяпер? Усё наадварот. Спачатку дайце мне грошы, славу — а тады я адразу стану сціплы і працавіты. Усё пастаўлена з ног на галаву!

Жонка слухала, згаджалася, падтаквала.

Але Адольф бачыў, што яна не разумее яго. Яна не магла ўзвысіцца да тых пытанняў, якія вярэдзілі яму душу, бо прымітыўна лічыла, што самае галоўнае — гэта здароўе, ды спакойны сон, ды добры настрой, ды каб лад у сям’і. У яе не было крызісу. Яна па-ранейшаму бегала на свой камвольны, не забывала вясці хатнюю гаспадарку і сачыла, каб муж не заставаўся галодны.

— Гэта раз, — казаў Адольф. — А другое — праца абясцэнена! Яна страціла ўсялякі сэнс. Яна не развівае, не бадзёрыць, а прыніжае і атупляе. Працаваць дзеля ежы, дзеля запісу ў працоўнай кніжцы — абраза чалавека, найвялікшы здзек з яго!

— Нічога, — суцяшала жонка. — Ты яшчэ усіх за пояс са сваім розумам і талентам затыкнеш. Эх, часу каб табе! — усё шкадавала яна.

Але Адольф ад гэтых слоў крывіўся. Яе падтакванне, пакорлівая згода з ім ужо не цешылі яго самалюбства. А згадкі пра недахоп часу — вечная адгаворка гультаёў, бездараў і няўдачнікаў — толькі раздражнялі яго. Увогуле, яго адносіны да жонкі змяніліся пасля таго, як яна стала бабуляй. Простая, сціплая, але мілая, як васілёк у жыце, цяпер яго Ірына Бацькаўна неяк выцвіла і паблякла. Не тое, што знікла яе ранейшая вабнота, а як бы змяніўся фокус і парушылася сіметрыя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: