Шрифт:
Раптам ён падавіўся дымам і яблыкам, закашляўся, замоўк і неяк дзіўна, круглымі вачыма на мяне паглядзеў. І ўся яго каманда аслупянела. Яны ўсе глядзелі не на мяне, а некуды праз мяне — нібы я па жаданні якогась добрага чараўніка паступова рабіўся нябачным, раставаў у паветры. Мая працягнутая рука з белымі і жоўтымі капейкамі вісела ў паветры. Я даваў, а яны не бралі. Я нічога не разумеў. Тады я здагадаўся азірнуцца і ўбачыў ззаду Косцю Тупіка. Ён стаяў адразу за мною, трымаючы над галавой чугунную урну, адну з тых класічных, паркавых урнаў вагою ў паўцэнтнера. Урна пагрозліва калывалася, з яе Тупіку на шапку, на плечы сыпалася розная дрэнь, смецце; прыліплы да краю, звісаў з урны доўгі серпантын каўбаснай шкуркі. Рукі ў Тупіка дрыжэлі, як у штангіста, самога яго вадзіла трошкі ў бакі, у такт ціха пазвоньвалі «ўзнагароды» на знаёмым фрэнчы.
— Я… спакойны! — праз сілу папярэдзіў ён, а бялкі вачэй у яго былі чырвоныя ад намагання, і з куточка рота сачылася сліна.
Шпана нехаця адступіла. Адзін з бяспечнай адлегласці крыкнуў: «У школу!», а не спрацавала — Косця быў якраз падлечаны. Ён бохнуў на месца урну і пачаў атрасацца.
Цяжка сказаць, з кім мне было страшней: з рабаўнікамі ці з выратавальнікам… Я ўжо яму працягнуў руку з капейкамі. Вочы ў Косці пацяплелі. Было відаць, як яму хочацца згрэбсці ўсё адразу. Але стрымаўся, вывудзіў тоўстымі пальцамі толькі 20 капеек.
— Мне што — я спакойны, — дабрадушна сказаў ён на развітанне, паціснуўшы тоўстым плячом.
Яшчэ праз тры гады ўжо мне надарыўся выпадак аддзячыць. Неяк ранняй вясной я стаяў у парку каля фантана, нежывога яшчэ, і раптам убачыў, а галоўнае, пачуў, як два раз’ятраныя валацугі гоняць па пустой алеі Тупіка. На ім была бальнічная піжама раскветкі вагоннага матраса. Хутчэй за ўсё ён выйшаў з аддзялення падыхаць свежым паветрам і — трэба ж! — натыкнуўся на прыгоду.
— У школу!.. маць-маць! — крычалі валацугі вантробнымі галасамі, ад якіх стыла ў жылах кроў.
Тупік уцякаў па алеі, па газонах, дзёрся праз падстрыжаныя дэкаратыўныя кусцікі ростам яму па калена, прысядаў у іх, каб схавацца, — вялікі, няўклюдны, потым зноў падхопліваўся і бег — напалоханы, адурэлы, хапаўся за сэрца, глытаў паветра… З пакусанай рукі цякла кроў, твар быў чырвоны і мокры ад слёз.
— О-ох!.. Людзечкі!.. Што ж гэта робіцца ў белым свеце?!.
А валацугі даганялі яго і па чарзе, з разгону, як у футбольны мяч, білі ў шырокі падатлівы зад.
— За парту! Вучыцца!
Бывае, вялікі загнаны звер кідаецца да малога і знаходзіць ратунак. Я быў сведкам, як пашкамутаны сабакамі кот ірвануўся да маленькай курыцы, а тая адважна распушыла крылы і захінула яго. Тупік проста забег мне за спіну і прысеў, затаіўся. Са звычайнымі людзьмі валацугі не надта любяць звязвацца, а я быў звычайны чалавек. Яны патапталіся, пабурчэлі і пайшлі. Уратаваны Косця падняўся, ён плакаў і лізаў руку.
— Ад розуму… вялікага! — усхліпваючы, крыкнуў ён.
— Ды які там розум…
Толькі калі я даў яму 20 капеек, ён пакрысе супакоіўся і асцярожна пайшоў назад у бальніцу. То была наша апошняя сустрэча. Так атрымалася, што пасля я цэлых 20 гадоў ні разу не быў у сваім горадзе.
ІІІ
І вось нарэшце я зноў тут.
Як і 20 гадоў назад, вельмі цудоўная стаяла восень — ранні верасень. Лісце з дрэў яшчэ не падала, але паўсюль было чамусьці вельмі многа дворнікаў, мужчын і жанчын, і зусім маладых дзяўчатак; у сваіх аранжавых камізэльках яны шчыравалі дзяркачамі, як на касьбе, — толькі і чулася: шорг-шорг-шорг.
Дарожку, па якой я крочыў у цэнтр, як алею, абступалі каштаны. Некаторыя цвілі па другім разе, дзе-нідзе з іх тырчэлі хворыя свечачкі, а з саміх дрэў што-раз падалі і разбіваліся аб асфальт калючыя плады — нагінайся, падымай бясплатны сувенір ад восені!.. Дарожка ішла ўздоўж ракі. Унізе ляжала набярэжная, а яшчэ ніжэй цякла сабе вечная Прыпяць. Колькі ж вады ў ёй за гэты час сплыло!..
На плошчы я абышоў вакол помніка Леніну, завярнуў у ціхі дворык, сеў на лаўцы пад каштанам. У дворыку нікога не было. Стаяла толькі трансфарматарная будка, ды два жалезныя слупы з нацягнутай паміж імі вяроўкаю, на якой сохлі навалачкі, плюшавы заяц і дзіцячыя паўзункі. І раптам так сумна зрабілася ад таго, што жыццё амаль прайшло, а тое, што засталося, не жыццё, а суцэльнае змаганне, якое столькі забірае сіл, што іх ужо не хапае на радасць ад самога жыцця… У гэты момант дзверы крайняга пад’езда расчыніліся і, як ні ў чым не бывала, уласнай персонай выйшаў з сеткаю ў руцэ Косця Тупік.
Я ўскочыў з лаўкі і працёр вочы. Ну, ён! У белым пінжаку, з-пад якога выглядвае вышыванка. Чорныя штаны спераду налазяць на насы сандаляў, а заднікі свецяцца голымі пятамі. Ён! Такі ж чырвонашчокі, мардаты — яны ж не змяняюцца знешне, а як бы застываюць у раз-назаўсёды набытай форме. Толькі яшчэ больш паправіўся: жывот адвісае з-пад рэмэня, і «маланка» ў крэсле не сыходзіцца. На галаве ў яго была сіняя бейсболка казырком назад.
— Косця!
Ён спыніўся. Я падбег да яго. Мы стаялі адзін насупраць аднога, два асколкі мінулага… Нібы і не было гэтых шалёных дваццаці гадоў. І падалося — а мо яшчэ не позна; можа, удасца адшукаць і вярнуць тое, што ўжо і не помніш, як яно называецца, а ведаеш толькі, што яно вельмі важнае, можа быць, самае дарагое ў жыцці?..