Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Адольф схамянуўся.

— Якія выставы? Якая сталіца? Каму я там трэба? Ды яшчэ без прапіскі…

— Рэгістрацыі, ты маеш на ўвазе? Цяпер не прапіска, а рэгістрацыя. І яе не трэба, каб працаваць у Мінску.

— Не можа быць!

Яна толькі смяялася.

— У якім ты стагоддзі жывеш? Ніхто цяпер гэтага не пытае, гэта ўвогуле незаконна. Калі цябе не бяруць на працу, бо няма мінскай рэгістрацыі, ты можаш падаць на іх у суд.

— Ну і ну, — здзіўляўся Адольф. — І жыць можна? У самім Мінску? Без рэгістрацыі?

— Жыць нельга, але…

— Вось бачыш, — узрадваўся Адольф. — Яны свайго не ўпусцяць!

— Але — часовая рэгістрацыя робіцца за паўгадзіны. Сто пяцьдзесят даляраў.

— Часовая… Што такое часовая?

— На год.

— А пастаянная? — раптам спытаў Адольф. У прадчуванні чагосьці новага, нязведанага ў яго мацней забілася хворае сэрца.

— Трыста пяцьдзесят даляраў і тыя самыя паўгадзіны. Было б жаданне. А галоўнае, не забывай, хто мой бацька!

— А… не абавязкова жаніцца? Ці, там, замуж выходзіць? Каб атрымаць гэтую рэгістрацыю?

— Зусім не абавязкова. Было б у каго жыць.

Ах, як заманліва, чорт вазьмі! Сапраўды, адстаў ён ад жыцця. Адольфа яшчэ ніколі так не спакушалі. Тое самае новае жыццё, якога ён не прымаў, якое гнеўна «выкрываў» і якога баяўся, цяпер само лёгка ішло да яго, усміхалася яму, падзывала пальчыкам, клікала да сябе і брала ў мяккія абдымкі.

А Тома не сунімалася:

— Хочаш — давай так. Не будзем ні спісвацца, ні распісвацца. Каб не звязваць сябе. Колькі ты пражыў з жонкаю?

Адольф падлічыў уголас:

— Мне 55, ажаніўся ў 25… Атрымліваецца, роўна трыццаць. Юбілей! А я і забыў…

— Трыццаць гадоў! Вось бачыш. Яшчэ трыццаць разоў захочаш назад вярнуцца. Таму можна проста паспрабаваць. Мы ж дарослыя, разумныя, інтэлігентныя людзі. Абяцаю ні ў чым цябе не абмяжоўваць. Проста пажывем разам, паглядзім. А не спадабаецца табе ці мне — вольнаму воля.

— І ты мяне прапішаш… у сэнсе, зарэгіструеш?

— Без праблем.

Прапанова была цудоўная. Лепш не прыдумаеш. І мудра, і справядліва. А галоўнае, Тома падабалася яму. Прыемная была сваім розумам, ахайнасцю, гумарам, і яшчэ ў параўнанні з ім — маладосцю. Яна як бы скідвала з Адольфа гэты кашмарны ціск у 55 гадоў. Бо калі ты здольны спадабацца маладзейшай…

— Паедзеш? Не пабаішся? — падахвочвала, падбухторвала Тома.

— Я падобны на тых, хто баіцца? — храбрыўся Адольф.

— Тады я зраблю табе маленькі сюр-прайз. У мяне адпачынак доўгі, пасля прафілакторыя застаецца палова. Ты таксама беспрацоўны… Я зважу цябе ў Парыж. Хоць на тыдзень.

— Парыж? — тут Адольф па-сапраўднаму спалохаўся.

— Ты мастак, табе неабходна пабываць на Манмартры, пахадзіць па Манпарнасе, проста падыхаць тым паветрам… Гэта будзе табе маленькі падарунак ад мяне.

— Ды якое паветра? Хто мяне пусціць у Парыж? Мяне, які далей Баранавіч у заходнім накірунку ніколі не быў! Пашпарт? Віза? Дакументы?

Тома толькі смяялася:

— Ох, мне гэтыя правінцыялы… Я нават не ведала, што яшчэ такія засталіся. Ты забываеш, што свет даўно змяніўся. І не ведаеш, хто мой бацька. І дзе мая нявестка працуе. Мы паедзем па турыстачнай візе. Усё аформіцца за суткі разам з білетамі. І ні пра што не турбуйся. Проста будзеш хадзіць, глядзець, адпачываць, набірацца ўражанняў…

Можа, праўда, рызыкнуць? Які шанц дае яму жыццё! Прычым без усялякіх абавязкаў. Калі яшчэ такое будзе? Вось яна — нечакана атрыманая камандзіроўка на нявызначаны тэрмін, «адпачынак за свой кошт», афіцыйны допуск да бязмежнай волі, свабоды!

Заставалася адно — жонка. Як быць з ёю? Яна тэлефанавала кожны дзень двойчы: раніцай і вечарам. Што ёй сказаць?

Добра падумаўшы, Адольф вырашыў не казаць нічога. На званкі адказваў дзяжурна: лячуся, кормяць добра, хаджу на працэдуры… Голас у яго быў вінавата-смірны. Калі ў Томы скончылася пуцёўка, ён таксама не стаў чакаць. Толькі заехаў дамоў, каб пакінуць эцюднік і забраць сякія-такія рэчы. З жонкай сустракацца было страшнавата, і ён падгадаў час, калі яна была на працы. Замкнуўшы кватэру, пазваніў суседцы і папрасіў, каб тая перадала ключ Ірыне. А таксама сказала, што гармонік і эцюднік ён пазней забярэ.

— Адразу, як з Парыжа вярнуся, — удакладніў ён і пайшоў сабе спакойна ўніз па лесвіцы, пакінуўшы каля расчыненых дзвярэй анямелую суседку з ключом на пальцы.

ІІ

Так Адольф замест таго, каб вярнуцца на камвольны камбінат, дзе яго чакалі, і да жонкі, апынуўся ў Мінску.

Тамарына двухпакаёўка памерам была большая за чатырохпакаёвую. Паркет, высокія столі, светлыя вокны. Але ва ўсім адчувалася адсутнасць гаспадара. Прастор і шык суседнічалі з бязладдзем. Бярэшся за пазалочаную ручку, каб адчыніць дзверы — ручка адвальваецца. У вялікай ваннай, дзе люстры на ўсю сцяну і падлога падаграецца, ступіш — плітка пад нагою ходзіць. У туалеце дарагі ўнітаз — і ржавы дроцік замест кнопкі зліву. Лоджыя вялікая, новенькай вагонкай абшытая, а цвікі павылазілі, рама рассохлася — паставілі абы хутчэй, з свежага дрэва, не прасушылі, не прааліфілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: