Шрифт:
У кожным мястэчку, дзе ёсць хоць самая задрыпаная забягалаўка, знойдзецца гісторыя, як некалі (часцей — пасля вайны) атуляўся ў гэтай забягалаўцы вялікі спрытнюга, — падыходзіў да стала, апускаў палец у чужы суп, падкідваў у кампот задушаную муху, або проста пляваў у макароны з катлетаю… Пасля чаго спакойна даядаў пакінуты гідлівым кліентам абед. Прычым рабіў гэта столькі разоў на дні, што ўсялякае ўяўленне адмаўляецца маляваць такога абжору.
У тым жа мястэчку вам раскажуць пра чалавека, які атрымаў неяк палучку аднымі новенькімі рублямі, трапіў пад дождж і дома ўзяўся сушыць грошы, расклаўшы па ўсёй кватэры. Тут зазірнуў сусед — ох-ах, што такое?
«Ды вось, машынку спецыяльную маю, нарабіў грошай, сушу». Зайздрослівы сусед паведаміў у міліцыю. Прыязджаюць: «Дзе машынка?» — «Суседу пазычыў», — не разгубіўся наш герой. Пайшлі да суседа і знайшлі ў таго самагонны аппарат.
Пры ўсім лубковым прымітывізме ёсць штосьці прывабнае ў гэтых карацельках. Можа, геаграфічны арэол іхняга распаўсюджвання — у кожнай вёсцы, у кожным мястэчку вам лёгка давядуць, што менавіта ў іх такое было, і прозвішчы назавуць, і хату ці кватэру пакажуць, і дзесятак сведкаў у доказ прывядуць. А можа, падкрэсленая гаркота гэтага «шчасця» — выпаліць печ чужымі дрывамі, аб’едкамі ўволю паласавацца, быць уладальнікам мноства, хай сабе і невялікай вартасці паперак, заробленых мазалём і потам на якімсьці заводзе. А мо, як і ўвогуле ў вуснай народнай творчасці, класічнае напаўненне іх канцовак? Як у выпадку з паленам, дзе ў фінале двайны стрэл: незадачлівы злодзей, па-першае, выкрывае сябе, па-другое, адначасова нясе пакаранне — выбухам яму развярнула печ.
Альбо такая гісторыя. Жыў, ці, хутчэй, існаваў у адной вялікай вёсцы чалавек. Быў ён яшчэ не стары, але надта запушчаны. Увесь яго занятак заключаўся ў тым, каб з раніцы стаяць пад мясцовай крамаю, а ўвечары цягацца па хатах. Аднак з часам усё радзей пачалі пускаць яго далей парога, усё менш перападала яму славутай чаркі, яшчэ менш — шкваркі… І толькі адны дзверы заўсёды былі для яго адчынены — таго дома, дзе жыў яго стары школьны настаўнік. Гэты заўсёды яму памагаў. Відаць, наш герой быў для яго жывым дакорам, недарэчным прабелам школьнага выхавання, нягеглым коласам, што вылупіўся з разумнага, добрага і вечнага зерня, якое высейваў некалі шчодрай рукою настаўнік.
Вучань, трэба аддаць яму належнае, даверам стараўся не злоўжываць. Візіты рабіў не часта. Ён як бы прыберагаў гасціннасць гэтага дома для яшчэ горшых часоў.
Такія надыйшлі неўзабаве. І вось ён ізноў стаіць перад старым настаўнікам. Камечыць у руках шапку, пераступае нагамі, патлаты, нямыты, сіняносы… І мямліць, што далібог у апошні раз, што, маўляў, з панядзелка збіраецца пачаць новае жыццё, але перад гэтым напаследак хоча больш-менш па-людску правесці Каляды.
Выслухаўшы яго, настаўнік узяў са стала загадзя падрыхтаваную кнігу і сказаў:
«Калі цябе сапраўды мучыць не пахмелле, а прага новага жыцця — пачытай. Тут пра чалавека, яшчэ больш няшчаснага за цябе, але які ўсё ж знайшоў сілы выкарабкацца і ўваскрэснуць. І ўжо не ён прасіў, а ў яго прасілі. У гэтай кнізе твой паратунак».
Разгублены наш герой лыпнуў вачыма, заціснуў кнігу пад пахаю і, не дзякуючы, не развітваючыся, пасунуўся па сваіх, аднаму яму вядомых справах.
Мінулі Каляды. З’яўляецца зноў перад настаўнікам — такі самы, не падобна, каб новае жыццё распачаў. Аддае кнігу. «Пачытаў?» — «Угу». — «Знайшоў паратунак?» — «Не».
«Ты яе, дарагі мой, нават не разгортваў», — прамовіў стары настаўнік і дастаў перад ашаломленым вучнем з кнігі купюру — дастатковую, каб не толькі адзначыць Каляды, а, улічваючы невысокія патрабаванні нашага героя, яшчэ і пахмяліцца.
Чалавек, які мне гэтую гісторыю расказваў, бажыўся, што ўсё гэта ў іхняй вёсцы было, і ён нават сам таму сведка.
2005 г.Быль
Расказаў адзін стары пісьменнік. Хрушчоўскія часы. У вёсцы няма школы. Знаходзіцца вялікая, на дзве палавіны, больш-менш прыстойная хата. У гаспадароў, канечне, дазволу ніхто не пытае, заносяцца лаўкі, сталы, вешаецца дошка… І калі ласка — вучыся, цягніся да ведаў!
Пры ўсім тым гэта школа як школа. З рознага ўзросту і полу дзятвой. Званкамі, урокамі спеваў, перапынкамі, віскам і лямантам, з бацькоўскімі сходамі і пакіданнем двоечнікаў пасля ўрокаў. А ўжо як жыць гаспадарам (а гэта ні зайсці, ні выйсці, ні паесці, ні прысесці, ні паспаць, ні прачнуцца) — іхні клопат.
Творыцца такое тыдзень, і два, і месяц, і тры месяцы. Быццам так трэба, і канца гэтаму не відаць.
Бедны гаспадар цярпеў-цярпеў, прасіў-прасіў сельсавецкае начальства, маліў-маліў старшыню калгаса, каб даў якой рады — без толку. Усё марна. Тады вось што кажа жонцы:
— Не памаглі людзі, дык мо хоць Бог паможа.
— Які Бог! Ты не верыў ніколі, ты ж найпершы грэшнік!..
Аднак, не зважаючы на жончыны крыкі, кемлівы чалавек здымае з паддашша абраз, які ці не ад рэвалюцыі пыліўся там і быў увесь паточаны шашалем. У суседзяў пазычае яшчэ некалькі. І вывешвае гэты іканастас «на покуці», каля школьнай дошкі, акурат за спінамі настаўнікаў.
Адразу пацішэла ў хаце. Цяпер з-за спіны настаўніка на дзяцей пільна, строга, з дакорам пазіралі вочы святых.