Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

з усёю бескампраміснай катэгарычнасцю сцвярджае Пімен Панчанка.

Так, мірны пасляваенны час не дае супакоіцца, тым болей расслабіцца, барацьба за ўсё лепшае ў чалавеку, супраць пошасці прыстасавальніцтва вымушае паэта на радкі, прасякнутыя пафасам непрымірымасці:

А як ачысціць муць? Скажы, якімі фільтрамі? Жывуць і ў вус не дзьмуць Прыстасаванцы хітрыя! З іх кожны быццам б’е Старое грозна розгамі, А сам дабро грабе, Схаваўшыся за лозунгі.

Болевы парог паэтычнай натуры Пімена Панчанкі надзвычай нізкі, а ягоная здольнасць да суперажывання ўсяму сапраўды чалавечнаму зайздросна абвостраная нават як для паэта. У той не такі ўжо даўні час, калі ён болей пісаў і часцей друкаваўся, кожны ягоны верш або падборка вершаў адразу ж пасля выхаду ў свет рабіліся паэтычнай з’явай, студэнты іх вывучалі на памяць, іх чыталі з эстрады, перадрукоўвалі ў розных выданнях. Мусіць, гэта таму, што вершы Пімена Панчанкі, як правіла, былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, неслі ўвесь напал яе творчага пафасу, і не адно пакаленне чытачоў захаплялася імі. У гэтых вершах не толькі не было месца фальшу, прыблізнасці або ашуканству, але кожнае слова гучала, як звон, бо выказвала ўсеагульны боль ці ўсеагульны клопат.

Толькі б захаваць Усё найлепшае, Толькі б пахаваць Усё найгоршае, Бо без чалавечнасці Не будзе і вечнасці.

Пімен Панчанка, як ніхто іншы з паэтаў, ведае і адчувае, што трэба людзям у дадзены момант іх гістарычнага існавання і чаго ўжо не трэба, што падлягае пафаснаму праклёну навек. («Хлусяць не багі, а людзі, крывадушнічаюць не багі».) Публіцыстычная завостранасць цэлых цыклаў панчанкаўскіх вершаў рабіла іх баявой зброяй народа ў барацьбе з бюракратызмам, пустазвонствам і раўнадушшам, якія з такой цяжкасцю выкарчоўваюцца з нашага жыцця.

Асцерагайцеся падробкі Ва ўсім, усюды, ўсё жыццё. . . Сябры мае, Прашу цішэй паліць. Зямлі яшчэ баліць, I мне баліць.

Самаадданая ў пачуццях сяброўства натура Пімена Панчанкі ўмее надзвычай прыгожа радавацца чужым удачам, таксама як і глыбока засмучацца чалавечымі бедамі, няўдачамі мастакоў на іх творчым шляху. Агульнавядома, з якой шчырай зацікаўленасцю ён сочыць за поспехамі маладзейшых і як радуецца, калі іх новыя творы спраўджваюць яго надзеі. Так, ён вельмі высока цэніць творчасць Рыгора Барадуліна, у асобе якога беларуская паэзія знайшла свайго самага галасістага салоўку; яго радуе «шчыры, прынцыповы, па-грамадзянску мужны» талент Генадзя Бураўкіна, ён захапляецца таленавітай паэзіяй Міколы Аўрамчыка, Янкі Сіпакова, Веры Вярбы.

«Я глыбока перакананы, што паэзія без страснасці, без грамадзянскага гучання — непаўнацэнная паэзія», — сцвярджае прызнаны майстра паэтычнага слова.

Будучы шмат гадоў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», Пімен Панчанка выхаваў цэлую пляяду маладых тады беларускіх паэтаў; іншыя ж выхоўваліся ў літаратуры не без уплыву ягонай надзвычай чалавечнай паэзіі. Але ён уплываў не толькі на паэзію. У якасці галоўнага рэдактара ён меў даволі рэдкую па тым часе (а па цяперашнім і тым болей) завядзёнку першым чытаць аўтарскія рукапісы і тым вызначаць іхні лёс у часопісе. З яго рэдактарскага блаславення ў «Маладосці» з найменшымі стратамі былі надрукаваны шмат якія з аповесцей аўтара гэтых радкоў. У шматлікіх выпадках ён цалкам давяраў аўтару, калі бачыў у ім несумненны талент, і на розныя прэтэнзіі сваіх супрацоўнікаў звычайна казаў: «Нічога не чапайце, хай так ідзе!» Панчанка, калі было трэба, не скупіўся на пахвалу, хоць, валодаючы дасканалым літаратурным густам, мог быць прыдзірлівым і патрабавальным, калі таго вымагаў твор. Але гэтая патрабавальнасць ішла ад неспатольнага клопату за росквіт роднай літаратуры, развіццё роднай мовы.

Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю.

Пімен Панчанка нямала стварыў у беларускай літаратуры за амаль паўстагоддзе сваёй творчай дзейнасці. Значэнне яго паэзіі цяжка пераацаніць. Яго паэтычныя вобразы даўно жывуць у свядомасці яго чытачоў, вывучаюцца дзецьмі ў школах. На лепшых здабытках ягонай лірыкі выхоўваліся дзясяткі маладзейшых, цяпер шырока вядомых паэтаў Беларусі, яна склала яркую і непаўторную старонку ў гісторыі нацыянальнай паэзіі.

[1980]

Яркае і самабытнае дараванне

У гэтым двухтомніку сабрана толькі частка таго, што стварыў у беларускай літаратуры вядомы празаік, паэт і драматург Уладзімір Караткевіч.

Упершыню яго імя з’явілася ў друку ў 1955 годзе пад вершам «Машэка», змешчаным у часопісе «Полымя». Затым вершы Уладзіміра Караткевіча працяглы час друкаваліся ў розных выданнях, выйшлі ў трох паэтычных зборніках, якія былі аднагалосна ўхвалены крытыкай і з цікавасцю сустрэты чытачом. Сапраўды, у асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла тады яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні. У апавяданнях, якія У. Караткевіч пачаў пісаць адначасна з вершамі, таксама былі шматлікія адзнакі самабытнасці яго паэтычнага таленту, і многія з іх чыталіся як вершы ў прозе. Можна нават сказаць, што ранняя апавядальная проза У. Караткевіча нейкім чынам дала яе аўтару новыя творчыя магчымасці, ніколькі не звужаючы яго паэтычнай сутнасці. Усхваляванае светаўспрыняцце, замілаванне жыццём, яго разнастайнымі праявамі загучала ў іх на поўны, нічым не прыглушаны голас. Для крытыкаў і для прыхільнікаў таленту У. Караткевіча меліся ўсе падставы меркаваць, што іхні кумір надоўга застанецца ў межах ім абранага і такога прывабнага для многіх жанру. Як ні парадаксальна, але менавіта ў гэты час у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа.

Можа быць, гэта таксама можна зразумець і вытлумачыць, бо пры даволі развітай разнастайнасці фальклорнага і паэтычнага жанраў беларускай літаратуры доўгі час не ставала гістарычнай прозы, якая ў развітых і старых літаратурах з’яўлялася даўнім і раўнапраўным літаратурным жанрам. Драматычны, а часам і трагічны змест гістарычных падзей, якімі так багата мінулае нашага народа, амаль не пакінулі літаратурных сведчанняў і, вядома ж, ляжалі па-за асабістым вопытам пазнейшых пакаленняў літаратараў. Для мастацкага ўвасаблення мінулага літаратура мела патрэбу ў таленце асобага роду, такім, які б, валодаючы багатым запасам канкрэтных гістарычных ведаў, меў яркае паэтычнае ўяўленне, каб з даўняй сівой мінуўшчыны чэрпаць натхненне для літаратурнай творчасці. Дзеля справядлівасці, аднак, трэба сказаць, што гэтая мінуўшчына не заставалася нікім не кратаная: за апошнія дзесяцігоддзі беларускімі аўтарамі рабіліся некаторыя спробы пранікнуць у гісторыю краіны, але гэтае пранікненне не ішло далей сярэдзіны ці другой паловы XIX стагоддзя. Асаблівую цікавасць выклікала легендарная постаць Кастуся Каліноўскага, аб якім у розныя часы было напісана багата твораў у розных літаратурных жанрах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: