Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сталася так, што менавіта Кастусь Каліноўскі і трагічнае паўстанне 1863 года прыцягнулі пісьменніцкую ўвагу Караткевіча-празаіка, і ў беларускім друку з’явіўся першы, а затым другі том яго гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім». Аб гэтым рамане ў свой час выказваліся розныя меркаванні: поўныя захаплення ацэнкі чаргаваліся з сур’ёзнымі папрокамі аўтару, якія таксама можна зразумець па-рознаму. Але ўжо тады было несумненна, што пры ўсёй спрэчнасці некаторых аўтарскіх трактовак і палажэнняў, такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе. Твор гэты пакуль што не скончаны, але, трэба думаць, аўтар яшчэ парадуе сваіх прыхільнікаў з’яўленнем апошняга, завяршальнага тома, і тады з’явіцца магчымасць па ўсёй справядлівасці меркаваць аб яго вартасцях, а таксама недахопах, звычайна непазбежных для літаратурных здзяйсненняў такога маштабу.

У 1964 годзе ў часопісе «Маладосць» быў надрукаваны гістарычна-прыгодніцкі дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з самых папулярных твораў Уладзіміра Караткевіча. У адрозненне ад некаторых іншых, часта перанаселеных твораў тут небагата дзейных асоб, амаль усе падзеі адбываюцца ў маёнтку «Балотныя яліны» і вакол яго, у цэнтры чытацкай увагі — абаяльны вобраз маладой гаспадыні маёнтка і не меней сімпатычнага госцяапавядальніка. Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць. I справа тут, канешне ж, не толькі ў напружанасці прыгодніцкага сюжэта, які, дарэчы, па-майстэрску распрацаваны ў аповесці, і не ў загадкавастрахавітых малюнках кавалькады «дзікага палявання», што гойсае на сваіх «дрыкгантах» па лясах, наводзячы жах па наваколле. На мой погляд, тут моцна ўражвае нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майна Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сянкевіча. Ва ўсякім разе на прыкладзе гэтай аповесці лішні раз пераконваешся ў тым, які добры вынік дае гарманічнае спалучэнне пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы. У «Дзікім паляванні караля Стаха» ўсё сышлося ў сваёй залатой меры.

Між тым талент Караткевіча — гістарычнага празаіка — развіваўся і набываў новую сілу. На працягу двух дзесяцігоддзяў у друку рэгулярна з’яўляліся яго новыя празаічныя творы, навеяныя драматычнымі перыпетыямі нашай гісторыі. Сярод іх значнае месца займае прыгодніцка-рамантычная гісторыя Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні», і жанр якой трохі не без іроніі пазначаны аўтарам як «Евангелле ад Іуды». Кніга гэтая адметная ад іншых твораў данага жанру шматлікімі дадатнымі якасцямі: грунтоўнасцю гістарычнага мыслення, багаццем і маляўнічай выразнасцю апісанняў, часам блізкіх да жывапісу Іераніма Босха, уменнем аўтара з ненатужнай дакладнасцю ствараць шматлікія вобразы людзей розных саслоўяў: прасталюдзінаў, духавенства, рамеснікаў, гандляроў, а таксама магнатаў і духавенства таго далёкага часу, ад якога не шмат захавалася нават скупых гістарычных даведак. Але, можа, найбольшая вартасць кнігі ў яе выразных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца «власть придержащих», якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў. Бог, вера, хрысціянская мараль — толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню. Чытача вабіць доўгая чарада часам смешных, а болей жудасных прыгод у межах старой Гародні і яе ваколіцах жменькі міжвольных авантурыстаў на чале з мужыцкім Хрыстом-Братчыкам, у якога ўсё болей і болей выспявае сацыяльная самасвядомасць разам з гатоўнасцю пастаяць за праўду простых людзей. Чытача не могуць не ўразіць шмат якія з густам і амаль з брэйгелеўскім размахам створаныя малюнкі гарадскога і сельскага побыту, жахлівыя крапасныя баталіі на «касталомных вежах». Але, можа, найбольшае ўражанне робіць фінальны раздзел кнігі, калі пасля многіх старонак барацьбы і кровапраліцця настае спакой, і Братчык з сябрамі, паслаўшы Іуду па гарэлку, бяруць сявенькі і пачынаюць засяваць асеннія гоні. «Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. I першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. I, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая», — узнёсла-патэтычна заканчвае аўтар, і гэта гучыць сапраўды як з самых глыбінь быцця.

Гістарычны і прыгодніцка-рамантычны жанр, мабыць, на шэраг год стаў улюбёным літаратурным жанрам Уладзіміра Караткевіча. Няспыннае вывучэнне мінулага па архіўных і літаратурных крыніцах, шматгадовае ўдумлівае асэнсаванне атмасферы, духу, псіхалогіі людзей даўніх часін выпрацавала ў аўтара пэўнае мастацкае, інтуітыўнае адчуванне матэрыялу, звычайна не даступнага іншым пісьменнікам. З-пад яго пяра выходзяць усё новыя творы, прысвечаныя гісторыі і нязменна азначаныя лепшымі рысамі яго непаўторнага таленту («Сівая легенда», «Цыганскі кароль», «Човен роспачы» і інш.). У 1979 годзе ў друку з’явіўся пачатак новага прыгодніцкага рамана У. Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», працу над якім аўтар яшчэ не скончыў. Але ўжо створанае ім красамоўна сведчыць, што ў ягонай асобе мы маем справу з рэдкім літаратурным талентам, які ў спалучэнні з зайздроснай працавітасцю даў нашай літаратуры творы менавіта такога характару, якога ёй не хапала. Мабыць, літаратура, таксама як жыццё і прырода, не церпяць пустаты, і таму нельга не парадавацца, што гэты літаратурны вакуум запаўняецца належным чынам.

Аднак было б памылкаю думаць, быццам Уладзімір Караткевіч аўтар толькі прыгодніцка-гістарычнага жанру. Шматлікае з напісанага ім дае падставу сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку перад намі разнастайны літаратурны талент, якому па плячы і сучасная тэма ў яе своеасаблівым, некалькі рамантычна-пачуццёвым успрыманні. У. Караткевіч нямала зрабіў таксама ў драматургіі і кіно. Яшчэ ў 1972 годзе ім створана папулярная кніга-эсэ, кароткі нарыс гісторыі Беларусі «Зямля пад белымі крыламі», дзе мінулае нашай рэспублікі асэнсавана ўдумлівым і дасведчаным аўтарам. Кніга гэтая, спярша прызначаная для маладога ўкраінскага чытача, хутка знайшла вялікую папулярнасць і на беларускай зямлі. Што ж датычыць ягоных апавяданняў, дык многія з іх гучаць як песні каханню, жыццю, роднай прыродзе. Яны поўныя паэзіі, хараства, светлага смутку, павагі да чалавека, сардэчнага разумення ягоных перажыванняў і клопатаў. Даверлівая аўтарская інтанацыя, багацце моўна-выяўленчых сродкаў, дакладнасць музычнага тону ў рознай ступені, але нязменна вабяць у песеннай «Каляднай рапсодыі», загадкавай «Краіне цыганіі», драматычным «Воку тайфуна» ці самавітым, але такім пранікнёным апавяданні з сумным канцом, як «Былі ў мяне мядзведзі». У 1964 годзе была надрукавана яго «Чазенія», навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцаў жыцця на Далёкім Усходзе. Прырода гэтага краю, тамтэйшыя людзі і іх праца, убачаныя і адчутыя чалавекам Захаду, ператварыліся ў своеасаблівы гімн жыццю, адухоўлены паэзіяй адкрыцця і светлым сумам кахання.

Напэўна, будзе дарэчы ўспомніць тут пра цэлы шэраг яго драматычных твораў, пастаўленых у тэатрах рэспублікі. Так у Віцебску шмат гадоў ідуць яго гістарычныя драмы «Кастусь Каліноўскі» і «Званы Віцебска», беларускае тэлебачанне перадавала ў эфір яго «Млын на сініх вірах», а ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР ішла опера па ягоным лібрэта «Сівая легенда». Беларускае кіно ў розны час звярталася да яго гістарычных аповесцей і экранізавала «Хрыста», а таксама «Дзікае паляванне»; былі зняты фільмы па яго арыгінальных і дакументальных сцэнарыях.

Уладзімір Караткевіч нямала стварыў за чвэрць стагоддзя літаратурнай працы, за 50 год жыцця. Ёсць усе падставы меркаваць, што лепшыя з яго твораў надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца не часта.

[1980]

Ад паэзіі да прозы

Перад тым як пісаць прозу, Вольга Іпатава даволі працяглы час друкавала вершы, і таму былі важкія падставы меркаваць, што яе аповесці і апавяданні ў пэўнай ступені будуць прозай паэта. На жаль ці на шчасце, гэтага не адбылося, меркаванне тое не спраўдзілася. Проза В. Іпатавай — тварэнне прыроджанага празаіка, хоць шлях да яе і ляжаў праз юнацкае захапленне паэзіяй.

Каб пераканацца ў тым, дастаткова прачытаць некалькі лепшых апавяданняў з гэтага зборніка, даволі разнастайных тэматычна, але аб’яднаных, як правіла, значнасцю канфлікту і сапраўдным драматызмам жыццёвых абставін. Гэты драматызм у В. Іпатавай заўжды афарбоўвае яе прозу незалежна ад таго, ці гаворка ідзе пра жаночы лёс і каханне, пра дзяўчынусірату, ці пра лёс невылечна хворага хлопчыка, які прыкуты да пастылага бальнічнага ложка. Натуральна, што найбольш пераканаўчы характар маюць абставіны і сітуацыі, вынесеныя аўтарам з уласнага жыццёвага вопыту. Праца ў камсамоле, на тэлебачанні і ў рэдакцыі газеты, вучоба ў Маскве далі матэрыял для многіх апавяданняў пісьменніцы, і таму так натуральна гучыць унутраная споведзь гераіні апавядання «Дваццаць хвілін з Немезідай», бадай, самага лепшага ў зборніку. Напісанае сапраўды на адным дыханні з драматычнай завязкай, яно дазваляе зазірнуць у душу сучаснай маладой жанчыны, далучыцца да яе клопату і трывогі. Яно ж, хоць і не першы раз у мастацтве, але, па-майстэрску напісанае, з прыемнай навізной даводзіць самацэнную вартасць сапраўднага пачуцця, асабліва калі гэта пачуццё — чыстае, не замутнёнае прытворствам або разлікам каханне. Толькі страціўшы яго, гераіня разумее ягоную вялікую вартасць, як і тое, што страчанае не паўтараецца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: