Шрифт:
Друкуецца паводле кн. «Праўдай адзінай», дзе апублікавана пад назвай «Міхась Лынькоў». Упершыню — зб.: Святло яго душы: успаміны пра Міхася Лынькова / [склад. С. Лынькова-Куспіц і Ю. Пшыркоў; аўтар камент. і рэд. Ю. Пшыркоў.] Мінск, 1979, дзе апублікавана пад назвай «Адна рыска з многіх».
Датуецца часам першай публікацыі.
Друкуецца паводле кн. «Праўдай адзінай». Упершыню — у якасці прадмовы без назвы да кн.: Чергинец Н. Финал Краба. Минск, 1979.
Датуецца часам першай публікацыі.
Падчас публікацыі прадмовы да кнігі М. Чаргінца ў кн. «Праўдай адзінай» быў скарочаны апошні абзац з прадмовы: «В заключение хочется пожелать читателю истинного удовольствия от чтения этого полного напряжения, местами захватывающего и поучительного сюжета».
Варта адзначыць, што падчас падрыхтоўкі кн. «Праўдай адзінай» да друку аўтар так званай закрытай выдавецкай рэцэнзіі Д. Бугаёў, адзначаючы, што «прапанаваны выдавецтву „Мастацкая літаратура“ зборнік артыкулаў Васіля Быкава „Праўдай адзінай“ з’яўляецца яркім узорам так званай пісьменніцкай крытыкі», разам з тым заўважаў:
«…усе гэтыя матэрыялы, можа, за адзінкавымі выключэннямі тыпу нататкі пра Чаргінца, маюць вялікую каштоўнасць». Значна пазней і А. Лукашук прыводзіў словы самога Быкава адносна гэтай прадмовы:
«Мы загаварылі пра літаратуру, і я спытаўся пра жанр прадмовы і яго адметнасьці.
— Пісаў, а як жа, — усьміхнуўся Быкаў. — Вось некалі напісаў аднаму журналісту для кніжкі „Зьдзек“…
— Ну, а аднаму генэралу? Здаецца, міліцэйскі дэтэктыў — зусім ня ваш жанр…
— Шмат пісаў, прасілі, — лаканічна адказаў Васіль Уладзіміравіч.
Быкаў выказаўся аб прадмове як аб характарыстыцы: часьцей за ўсё фармальна, але часам патрэбная, каб дапамагчы аўтару».
Друкуецца са скарачэннямі паводле — Ришина И. Василь Быков: О самом главном // Лит. газета, 1980, 23 янв., дзе ўпершыню апублікавана.
Датуецца часам першай публікацыі.
Інтэрв’ю, якое было надрукавана ў рубрыцы «Литературная мастерская», папярэднічае аповед пра жыццёвы і творчы шлях В. Быкава, а таксама пераказ і цытаванне адказаў пісьменніка на пытанні чытачоў падчас творчай сустрэчы ў Політэхнічным інстытуце ў Маскве ў 1979 г.
Друкуецца паводле Зб. тв.: у 6 т., т. 6. Упершыню — «Лит. газета», 1980, 19 сак. Друкавалася таксама ў кн.: «Колокола Хатыни» і «Праўдай адзінай»; у Зб. тв.: у 4 т., т. 4.
Датуецца часам першай публікацыі.
Рэцэнзія на аповесць «Каратели» А. Адамовіча (Дружба народов, 1980, № 1).
Стар. 386. Гэта і зразумела, бо фашызм — з’ява жывучая, шматаблічная, здольная, як паказала жыццё, з аднолькавай жорсткасцю паражаць народы ўсіх кантынентаў. Пераканаўчы таму прыклад — памятныя падзеі ў Чылі або нядаўняя трагедыя Кампучыі, якія, несумненна, яшчэ паслужаць зыходным матэрыялам для многіх твораў сусветнага мастацтва. — Чылі — дзяржава на паўднёвым захадзе Паўднёвай Амерыкі; відаць, маецца на ўвазе ваенны пераварот у Чылі ў 1973 г., у выніку якога быў адхілены ад ўлады сацыялістычны ўрад на чале з прэзідэнтам Сальвадорам Альендэ (1908–1973) і ў краіне ўсталявалася дыктатура Урадавай хунты на чале з генералам Аўгуста Піначэтам (1915–2006). Кампучыя (Каралеўства Камбоджа) — дзяржава на паўднёвым усходзе Азіі, на поўдні паўвострава Індакітай; мабыць, маецца на ўвазе звяржэнне ў 1979 г. вьетнамскімі войскамі ўлады «чырвоных кхмераў» на чале з Пол Потам (сапр. Салот Сар; 1925–1998), падчас кіравання якога ажыццяўляўся генацыд народа Камбоджы (было знішчана па розных ацэнках ад 1 да 3 млн жыхароў Дэмакратычнай Кампучыі — так у той час называлась дзяржава).
Стар. 389. …вобраз Шыкльгрубера-Гітлера… — Шыкльгрубер — першапачатковае прозвішча бацькі Адольфа Гітлера Алоіса, які да 1876 г. меў прозвішча сваёй маці Марыі Анны Шыкльгрубер; сам Адольф Гітлер гэтае прозвішча ніколі не насіў.
Друкуецца паводле кн. «Праўдай адзінай». Упершыню — газ. «Советская культура», 1980, 21 сак. пад назвай «От имени моего поколения»; на бел. мове — газ. «Голас Радзімы», 1980, 17 крас. Гутарку вяла Н. Кузняцова.
Датуецца часам першай публікацыі.
Інтэрв’ю папярэднічае наступнае ўступнае слова: «Каб стаць пісьменнікам, чалавеку неабходны жыццёвы вопыт, пэўная культура і ўяўленне. Без кожнага з гэтых элементаў пісьменніцкая праца немагчыма. (3 адказаў В. Быкава на пытанні чытачоў аб працы пісьменніка.)
Але ж як пачынаецца пісьменнік? Канешне, кожны па-свойму, аднак мне заўсёды здавалася, што ён пачынаецца з дзяцінства, таму што менавіта там, у дзяцінстве, вытокі яго асобы. Вось чаму, рыхтуючыся да сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам Быкавым, збіраюся перш за ўсё запытаць яго аб той пары, калі наперадзе былі толькі ружовыя надзеі і мары, калі ў спевах птушак чуўся голас будучыні…
Мы сустракаемся ў яго доме на Танкавай вуліцы ў Мінску. Але ўжо пасля першай часткі майго пытання характэрная складка на лбе майго субяседніка прыкметна паглыбілася. Выраз застылага напружання на твары прымусіў мяне спыніцца».
Стар. 390. Пісемскі Аляксей (1821–1881) — рускі пісьменнік.
Стар. 391. …Крамскім… — Крамской Іван (1837–1887) — рускі мастак.
Стар. 391. …Каровіне… — Мабыць, маецца на ўвазе Каровін Канстанцін (1861–1939) — рускі мастак.