Шрифт:
У «Сотнікаве» я з самага пачатку ведаў, чаго хачу ў канцы, і паслядоўна вёў маіх герояў да сцэны пакарання смерцю, дзе адзін дапамагае вешаць другога. Не жадаючы таго, амаль пакутуючы. Але такая ўжо логіка фашызму, які, ухапіўшы сваю ахвяру за мезенец, не спыніцца да той пары, пакуль не праглыне яе цалкам.
Напісаная па-беларуску, аповесць гэтая спачатку з’явілася ў перакладзе на рускую мову і толькі праз паўгода была надрукавана ў беларускім часопісе «Полымя». Для таго было некалькі прычын, і адной з іх з’явілася праблема мастацкага перакладу, якая заўсёды востра стаіць перад нашымі брацкімі літаратурамі. Я назаўжды ўдзячны перакладчыкам, што нямала зрабілі для папулярызацыі маіх твораў сярод шматмільённага ўсесаюзнага чытача, але мой асабісты вопыт дастаткова пераканаў мяне ў тым, што перакладаць на рускую мову павінен па магчымасці сам аўтар. I справа тут не ў ступені літаратурнага майстэрства аўтара або перакладчыка, — як правіла, апошні валодае рускай мовай больш дасканала, — але ў недастаткова яшчэ вывучаных асаблівасцях перакладу на рускую мову з блізкіх да яе моваў. Уяўная лёгкасць перакладу, значнае падабенства беларускай і рускай моў уладарна трымаюць перакладчыка ў палоне прыблізнасці, нараджаючы ў выніку нешта «трацічнае», пасрэднае і бескаляровае што хоць і напісана па-руску, але нясе на сабе ўсе прыкметы сырога падрадкоўніка. Але ж самы дасканалы падрадкоўнік яшчэ не пераклад, і каб ператварыць яго ў твор рускай літаратуры, трэба нанова пераасэнсаваць вобразны строй арыгінала, надаць яму новае ўвасабленне на сучаснай рускай літаратурнай мове. Канешне, гэта цяжкая і складаная праца, і яна наўрад ці пад сілу каму, апроч самога аўтара, калі ён адчувае ўпэўненасць у тым, што ў дастатковай ступені валодае рускай мовай.
Звычайна пры рабоце над перакладам працягваецца і работа над мовай арыгінала. У перакладзе адразу, часам зусім нечакана, праяўляюцца розныя стылёвыя недасканаласці арыгінала, удакладняецца псіхалогія герояў, некаторыя матывіроўкі іхніх учынкаў. У радзе выпадкаў тая ці іншая думка або вобраз атрымлівае большую выразнасць менавіта на рускай мове, у іншых жа — наадварот: дакладнаму беларускаму выразу так і не ўдаецца знайсці вычарпальны рускі эквівалент. Асабліва гэта датычыць народных выразаў, дыялектызмаў, а таксама некаторых сінонімаў і метафар, якія ўласцівы беларускай і адсутнічаюць у рускай мове. Абедзве мовы ў працэсе аўтарскага перакладу няспынна ўзаемадзейнічаюць, уплываючы адна на адну. Зразумела, мова арыгінала застаецца пераважнай, вызначальнай, але нярэдка яна траціць сваю перавагу і сама мяняецца, прыстасоўваючыся да мовы перакладу. Гэта цікавая, часам захапляльная і яшчэ па-сапраўднаму не вывучаная галіна літаратурнай творчасці, якая на поўную сілу праяўляе сябе толькі пры аўтарскім перакладзе…
Зразумела, усё сказанае — толькі частка майго асабістага аўтарскага вопыту, некаторыя рысы з гісторыі стварэння адной невялікай аповесці. У іншых выпадках, магчыма, усё будзе выглядаць інакш, і пісьменнік можа толькі вітаць гэту «тэхналагічную» разнастайнасць, якая з’яўляецца перадумовай разнастайнасці творчай.
[1973]
Сяргей Залыгін
Перш чым стаць пісьменнікам, Сяргей Залыгін займаўся навукай, працаваў у Сібіры, меў справу з гаспадарчымі і навуковымі праблемамі, якія пэўным чынам адбіліся на яго літаратурнай творчасці. Напісаная ім кніга аб літаратуры — «Літаратурныя клопаты» — плён сур’ёзнага роздуму аб ёй чалавека, не толькі спакушанага жыццём, але і рознабакова адукаванага, настойлівая і даволі паспяховая спроба асэнсаваць мастацтва з пункту погляду мастака, узброенага эстэтычнымі і тэхнічнымі ведамі нашага веку.
Літаратуразнаўчыя развагі пісьменніка мацней за ўсё ўражваюць паглыбленай здольнасцю пранікаць у галіну інтэлектуальную, у галіну ўласна мастацтва, чалавека і літаратуразнаўства. Сяргей Залыгін паказаў сябе тут не толькі вучоным-даследчыкам з ярка выражаным дарам аналітыка, але таксама і паэтам. Яго ўсхваляванае эсэ аб любімым ім Чэхаве не менш хвалюе таксама чытача. Зрэшты, гэта і зразумела. Як ужо неаднойчы здаралася ў літаратуры, перасячэнне ў адной кропцы поглядаў сапраўдных мастакоў, якія належаць да розных эпох, дае цікавы сплаў адносін, думак, пачуццяў. Колькі б мы ні ведалі аб мастаку мінулага, мы нязменна зачароўваемся тым, што ў ім з новай сілай адкрываецца праз талент, што жыве ў іншую эпоху, асабліва калі гэты талент яшчэ і наш шаноўны сучаснік.
Даследчыя здольнасці Сяргея Залыгіна ў галіне літаратуры, эстэтыкі цесна звязаны з яго не менш глыбокай здольнасцю мастацкага пранікнення ў жыццё. Як і ў літаратуразнаўчых работах, у яго прозе мы знаходзім паглыбленае даследаванне чалавечых характараў. Для нас застаюцца нязменна захапляючым і цікавым аўтарскія адносіны да ўсяго, што ён адлюстроўвае, тым больш што ўлюбёныя тэмы для творчасці Залыгін шукае, як правіла, у самых кардынальных і пераломных момантах нашай гісторыі. Так, лепшы з яго раманаў — «Салёная Падзь» — твор пра народ, які робіць рэвалюцыю, і ў той жа час пра чалавека, узнятага рэвалюцыяй да ўзроўню гістарычнай асобы, якім з’яўляецца галоўны персанаж рамана, партызанскі глаўком Яфрэм Мешчаракоў. Надзелены многімі, іншы раз супрацьлеглымі якасцямі, ён больш за ўсё ўзрушвае несакрушальнай сваёй чалавечнасцю, што нярэдка праяўляецца ў абставінах, якія, здавалася б, менш за ўсё для таго падыходзяць. «Задыхнуўся Яфрэм. Заплакаў Яфрэм. Дзіка ўзвыў і кінуў сваю мярлушкавую папаху на зямлю, на лядовыя іскры інею, што пакрываў рудаватае ржышча, а Грышка Лыткін падняў папаху і падаў яе зноў, а ён зноў кінуў, а Грышка зноў падняў, і глядзелі на гэтую бессэнсоўнасць партызаны з акопаў… I што б там ні было, на якую б ганьбу ні штурхалі белыя Яфрэма — яму трэба было ісці, прымаць на сябе бясслаўе і ўсялякі пакутны суд хоць бы ад самога сябе, нават ад свайго ўласнага, а не чужога сумлення і гонару… Трэба было ваяваць супраць баб і дзяцей зноў жа бабамі і дзецьмі, гэта значыць, праклятай арарай».
Стаўшы распараджальнікам лёсаў тысяч людзей, сібірскі селянін Мешчаракоў, сам штодзённа рызыкуючы жыццём, не страціў і каліва свайго прастадушша, цярпімасці да чужой слабасці, здольнасці да суперажывання чужому гору. Можа, яшчэ і болей — у процілегласць яго земляку, начальніку галоўнага штаба Брусянкову, пачуццё чалавечнасці ў Мешчаракова ў новым для яго становішчы абвастрылася яшчэ і таму, што нярэдка менавіта інтарэсы высокай чалавечнасці прымушалі партызанскага глаўкома на даволі рызыкоўныя ў маральных адносінах, а то і загадзя нядобрыя ўчынкі. Але ж у цяжкім сялянскім і франтавым жыцці ніхто яго асабліва не вучыў маралі, хутчэй наадварот. Навуку камандаваць палкамі на полі бою ён спазнаў сам, на ўласным вопыце, цаной рызыкі і пралітай крыві. Вераломства белых, якія ў рашаючы момант прымянілі «слёзную сценку», вымусіла Мешчаракова на крайні сродак, супраць якога ён у прастадушным пратэсце і кінуў аб зямлю сваю мярлушкавую папаху…
Калі Мешчаракоў, які нясе на сваіх плячах галоўны цяжар абароны Салёнай Падзі, нават у самыя цяжкія моманты не траціць вытрымкі і ўласцівай яму чалавечнасці, заўсёды застаючыся справядлівым і велікадушным, дык Брусянкоў — перакананы прыхільнік самых рашучых мер у адносінах да кожнага — ад свяшчэнніка, якога ён расстрэльвае, да камфронту Кракаценя, які таксама не пазбег той жа трагічнай развязкі.
У той час, як для Мешчаракова рэвалюцыйная барацьба вызначаецца галоўным чынам формулай за (за ўладу Саветаў), дык Брусянкова яна куды болей вабіць сваёй другой часткай — супраць (супраць контррэвалюцыі), тут ён адчувае сябе болей упэўнена і праяўляецца больш поўна.
Так, Мешчаракоў цудоўны ў сваёй адвазе і ў сваёй нерашучасці ў атацы на чале арары і ў начной горніцы каля сонных дзяцей — ва ўсёй нявыдуманай праўдзе сваёй натуры. Увесь ён нібы крута замешаны на гэтай яго народнай праўдзе, якая ўжо сама па сабе, апроч таго, што ісціна, яшчэ і высокая паэзія. Мешчаракоў — тое лепшае, што ўзняла з народных глыбінь рэвалюцыя, без якой ён проста не мог бы адбыцца як асоба, і ён несумненна лепшы вобраз рамана.
Галерэя рэвалюцыйных важакоў з народа, прадстаўленых у савецкай літаратуры перш за ўсё вобразамі Кожуха, Чапаева, Левінсона, у асобе Мешчаракова папоўнілася яшчэ адным выдатным характарам, таленавіта створаным нашым сучаснікам Сяргеем Залыгіным.