Шрифт:
— Сапраўды, некаторым з маіх крытыкаў хацелася б вытлумачыць нейкія асаблівасці маёй творчасці ўяўнай прыхільнасцю аўтара да жанру прытчы. Думаю, што гэта не так. Падабенства да прытчы некаторых з маіх аповесцей ідзе, на мой погляд, не ад аўтарскага гвалту над жыццёвым матэрыялам, каб дагадзіць загадзя прынятай ідэі, не ад імкнення вырашыць нейкую абстрактную маральную задачу, а ад лаканізму апавядання і сцісласці дзеяння, можа быць, ад некаторай белетрыстычнай збедненасці сюжэта і стылю. Відаць, часам адчуваецца прымат ідэі над формай, калі ідэя не ўсюды знаходзіць сваё арганічнае ўвасабленне ў форме. Напэўна, усё гэта ўласціва некаторым з маіх аповесцей, але я не імкнуўся да гэтага, больш таго, я стараўся гэтага пазбегнуць. Іншая справа, як вы сказалі, маральны максімалізм, без якога я не магу абысціся, таму што ўсімі сродкамі прывык зацягваць маральныя вузлы і па гэтай прычыне часам надта выпірае жорсткасць сюжэтных канструкцый. У той жа час можна зразумець тых, каму хацелася б мяккасці таноў, паступовасці пераходаў. Але што рабіць? Вайна кепска дапасуецца да гэтай чалавечай схільнасці. Вайна — справа надта сур’ёзная, каб на яе матэрыяле канструяваць святочнае «чціва» для бесклапотных чытачоў. Апроч таго, я перакананы, што найбольш праўдзіва расказаць аб ёй можна толькі сродкамі рэалізму. Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедства, на мой погляд, з’яўляецца кашчунствам у адносінах да яе жывых удзельнікаў і ў адносінах да памяці дваццаці мільёнаў забітых. Гэта трэба добра памятаць мастаку, які звяртаецца да суровых гадоў вайны — у гэтым своеасаблівы катэгарычны імператыў мастацтва нашага часу.
— Якія свае кнігі вы любіце больш за іншыя і што вам у іх дорага? Толькі не ўхіляйцеся ад гэтага пытання, кажучы, што самая любімая, самая лепшая кніга яшчэ не напісана. Пра будучыя кнігі, я спадзяюся, мы яшчэ пагаворым. Ведаць жа, што пісьменнік са створанага ім цэніць больш за ўсё, — гэта дапаможа зразумець сутнасць яго мастацкіх пошукаў… I яшчэ адно пытанне. Ці не ўзнікала ў вас, калі мінуў пэўны час, жаданне вярнуцца, дапісаць, перапісаць калісьці напісаныя рэчы?
— Першае пытанне сапраўды даволі цяжкае, таму што ў пісьменніка некалькі ацэначных крытэрыяў сваіх твораў. У чытача наогул адзін крытэрый: спадабалася або не спадабалася, або гэты твор спадабаўся больш, а гэты менш, нават калі ён спрабуе высветліць для сябе, чаму спадабалася і чаму не спадабалася. Аўтара ж звязвае з кожным ягоным творам вельмі многае: не толькі тое, што ён выказаў у ім, але і тое, скажам, што хацеў выказаць і як яму гэта ўдалося. Потым адна рэч пішацца лягчэй, а над другой даводзіцца працаваць часам вельмі пакутна. Калі гаварыць канкрэтна, дык больш за іншыя мне дарагая аповесць «Сотнікаў», якая і пісалася даволі лёгка, і жыццёвага зместу ў ёй, мабыць, некалькі больш, чым у іншых рэчах.
Што да другога пытання, дык ужо так павялося, што я не вяртаюся да рэчаў, якія сталі набыткам чытача, для гэтага ў мяне няма ні сіл, ні жадання. Хоць амаль заўсёды ў надрукаванай рэчы знаходжу нейкія недаробкі, недахопы, засмучаюся, дакараю сябе за недагляд, але не магу прымусіць сябе ўзяцца за яе нанова. Бяруся за наступную.
— Карабель спушчаны на ваду?
— I адчаліў ад берага, ён належыць ужо не будаўнікам, а экіпажу…
— Ці ёсць у вас сярод класікаў любімыя пісьменнікі? У крытыцы, калі спрабуюць вызначыць традыцыі, з якімі звязваюць вашу творчасць, часцей называюць імёны Дастаеўскага і Кузьмы Чорнага. А як лічыце вы самі? Ці ёсць свядомасць, намер у выбары пісьменнікам традыцый? I што такое «вучоба ў класікаў», пра якую мы так часта гаворым, — выкарыстанне іх вопыту ці імкненне да той глыбіні пранікнення ў душу чалавека, якой яны дасягнулі?
— Я думаю, што паняцце «вучоба ў класікаў» у нас часта спрашчаецца. Вучыцца ў класікаў — гэта не значыць пераймаць іх тэхналогію творчасці, засвойваць іх прыёмы. Гэта штосьці больш шырокае і значнае: павага да праўды, пропаведзь гуманізму, разуменне грамадскага абавязку літаратуры і пісьменніка, — усё тое, у чым сапраўды праяўляецца сіла і значэнне класікаў.
Мае літаратурныя сімпатыі не арыгінальныя і, мабыць, могуць здацца старамоднымі. Як і мільёны чытачоў, я лічу самым высокім у нашай літаратуры Льва Талстога, побач з якім сапраўды паставіць няма каго. Сваім прароцкім прадбачаннем, разуменнем падспуднага, затоенага ў чалавечай душы заўсёды будзе вялікі Дастаеўскі, з творчасцю якога сугучна многае ў творах класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Вялікая руская літаратура была і застаецца той галоўнай школай духоўнасці, якую павінен прайсці кожны, раней чым наважыцца дадаць да яе нейкі свой радок…
Акрамя таго, я хацеў бы сказаць, што ў маім пісьменніцкім лёсе немалую ролю адыграла тая акалічнасць, што я пісаў і пры поўным узаемаразуменні з маімі рускімі равеснікамі, аўтарамі таленавітых кніг пра вайну, сярод якіх у першую чаргу хочацца назваць Юрыя Бондарава і Рыгора Бакланава. Я многім таксама абавязаны Алесю Адамовічу, выдатнаму беларускаму празаіку і самаму ўдумліваму з маіх крытыкаў.
— Ну, калі вы ўпамянулі, што Алесь Адамовіч не толькі празаік, але і крытык, пяройдзем да гэтага пытання, пагаворым аб крытыцы. Вы як быццам не можаце паскардзіцца на яе безуважнасць: вашы кнігі рэцэнзавалі многа і ахвотна. Хоць вам даводзілася сутыкацца не толькі з удумлівымі і строгімі меркаваннямі крытыкаў, але і з неразуменнем, нават з нядобразычлівасцю. Ці маеце вы цікавасць да крытыкі наогул і да меркаванняў крытыкаў пра вашу творчасць? Ці знаходзяць яны ў вас унутраны водгук — гэта не абавязкова згода і прыняцце, можа быць і наадварот? Вам часам — няхай не вельмі часта — таксама даводзіцца выступаць у ролі крытыка, дык робіце вы гэта з ахвотай або ў сілу абавязку?
— Я выдатна разумею, што крытыка, як і крытыкі (зрэшты, як і пісьменнікі) бываюць розныя. Праўда, крытыкі ў маёй свядомасці не дзеляцца на тых, якія мяне хваляць, і тых, якія мяне лаюць. Справа не ў тым, каб цябе пахвалілі. Прыемна, вядома, калі напісаны твор знаходзіць у крытыка такое ж разуменне, як і ў аўтара, калі крытык не вышуквае ў ім тое, што з асалодай потым асудзіць…
— Калі ён разумее ўнутраныя законы, па якіх ствараўся твор, ягоны пафас…
— Абсалютна правільна. Але ў той жа час бывае так, што крытык па розных прычынах не прымае манеры аўтара і загадзя настроены непрыязна. Менавіта гэтая яго настроенасць выдае сябе з самага пачатку, нярэдка з загалоўка, і я ўжо ведаю, што будзе далей. Больш таго — яшчэ ў працэсе работы над аповесцю я ўжо прадбачу, што скажа пэўнага толку крытык, прадбачу ўвесь нескладаны ход яго матывіровак і разваг. Чытаць яго рэцэнзію не мае сэнсу, бо аўтар і рэцэнзент як бы стаяць на розных берагах ракі і кожны бачыць нешта адваротнае таму, што бачыць яго апанент. Пра такога крытыка трапна гаворыць прыказка: яму пра Фаму, а ён пра Ярому. Бывае і так, што крытык лае аўтара зусім не за тое, за што ён яго лае, а тое, што сапраўды абурае крытыка, старанна ім замоўчваецца, і ён адыгрываецца на дробязях і рэчах, якія пры жаданні можна тлумачыць па-рознаму.
Прыемна чытаць рэцэнзію, няхай самую строгую, дзе крытык імкнецца зірнуць на праблему тваімі вачыма і судзіць цябе з тваёй жа пазіцыі. Пры гэтым даўно заўважана, што зусім таксама як першы крытык імкнецца падхапіць любой цаной сапраўдны промах аўтара, каб выкарыстаць яго супраць апошняга, таксама другі крытык ахвотна гатовы пераацаніць найменшы поспех пісьменніка, але і той і другі пакідаюць ісціну за рамкамі сваіх разваг. Зрэшты, яно і зразумела. Абараняючы або ганьбуючы пазіцыю аўтара, кожны з крытыкаў зброяй уласнай аргументацыі перш за ўсё абгрунтоўвае ўласную пазіцыю, да якой твор аўтара часам мае вельмі далёкія адносіны, з’яўляючыся толькі зачэпкай для крытычнага самавыяўлення. Што таксама зразумела.