Шрифт:
— Хоць я пішу пра вайну даволі даўно, тэмай партызанскай вайны заняўся толькі ў апошні час, пасля таго, як зразумеў, што яна тоіць у сабе магчымасці, якія далёка не заўсёды ёсць у франтавой рэчаіснасці з высокай ступенню яе арганізаванасці і рэгламентаванасці ўсяго яе побыту і дзейнасці. Партызанская ж вайна ў значнай меры (асабліва на яе раннім этапе) — працэс дзеяння мас, стыхійнасці яе чалавечага матэрыялу, маральнай і псіхалагічнай разнастайнасці, што заўжды мае перавагу для літаратуры. Спрадвечная праблема «выбару» ў партызанскай вайне і на акупіраванай тэрыторыі стаяла больш востра і вырашалася больш разнастайна, матываванасць чалавечых учынкаў была болей ускладнена, лёсы людзей больш багатыя і часта больш трагічныя, чым у кожным з самых розных армейскіх арганізмаў. I наогул элемент трагічнага, які заўсёды з’яўляецца істотным элементам вайны, праявіўся тут ва ўсю сваю страшэнную сілу. Можна сказаць, не баючыся памыліцца, што для паўнакроўнага выяўлення ў літаратуры трагедыі акупіраваных тэрыторый бытапісальныя сродкі занадта бледныя. Тут патрэбны зусім іншыя фарбы і страсці маштабу шэкспіраўскіх. Я заўсёды з вялікай нерашучасцю бяруся за гэты матэрыял і, мабыць, зусім не браўся б, калі б не думка аб хуткаплынным часе, які з кожным годам усё менш пакідае нам сведкаў і сведчанняў той небывалай па чалавечых перажываннях эпохі. Прытым, зразумела, было б немагчыма колькі-небудзь паспяхова справіцца з ім, не валодаючы вопытам вайны. Але ж галоўная ідэйная аснова тут тая самая, што і ў дзеючай арміі, псіхалагічныя, маральныя перадумовы многіх учынкаў адэкватныя. Я не праводзіў мэтанакіраваных пошукаў матэрыялу, не займаўся зборам яго. Там, дзе я жыву, у гэтым яшчэ няма патрэбы, тут яшчэ вельмі многае напамінае пра мінулыя гады вайны.
— Сабраныя мастакамі ўражанні жыцця па-рознаму імі рэалізуюцца, у чым і выяўляецца пісьменніцкая індывідуальнасць кожнага аўтара. Дык вось, ці былі ў каго-небудзь з вашых герояў прататыпы, а можа, блізкасць літаратурнага характару да рэальнай асобы вас звязвае? Тое ж самае я хачу спытаць наконт сюжэтных сітуацый: ці абапіраецеся вы на рэальныя падзеі, сапраўдныя выпадкі, якія мелі месца ў жыцці, або вашы веды жыцця дазваляюць вам ствараць вымышленыя, але праўдзівыя сітуацыі?
— У мяне тут няма пэўнай сістэмы. Кожны раз бывае па-рознаму. У некаторых з маіх літаратурных вобразаў ёсць прататыпы. Хоць у дадзеным выпадку прамога «спісвання» няма, адбываецца звычайная літаратурная трансфармацыя. Мне ўжо даводзілася неяк пісаць аб гэтым, прыводзіць у якасці прыкладу два вобразы з аповесці «Трэцяя ракета». Самы «спісаны» вобраз там — камандзір гарматы сяржант Жаўтых. Многія рысы яго знешнасці і характару я сапраўды спісаў з камандзіра майго разліку, з якім ваяваў у Венгрыі, знаходзячыся ў 10-й знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгадзе. Яго сапраўднае прозвішча Лук’янчанка. Значыць, ён не камандзір «саракапяткі» і не загінуў на плацдарме ў Румыніі, ён паспяхова даваяваў вайну і ў сорак пятым дэмабілізаваўся з арміі. Але ў астатнім ён той жа: па-гаспадарску разважлівы, павольны, не надта пісьменны — сапраўдны хлебаробкалгаснік, які змяніў з-за акалічнасцей вайны плуг на зброю. Ён быў адным з лепшых камандзіраў гармат у нашым супрацьтанкавым палку.
Другі вобраз той жа аповесці, радавы Крывёнак, таксама ў многім спісаны з рэальнай асобы, толькі гэта асоба мела да маёй біяграфіі некалькі іншыя адносіны і ў іншы час. Неяк быў у мяне ва ўзводзе адзін недысцыплінаваны баец, ён прыносіў многа непрыемнасцей камандзірам і дрэнна скончыў свой лёс па сваёй, між іншым, віне. Крывёнак у аповесці не такі, але ў многім падобны на таго, іншага, байца.
Я пісаў ужо пра радаслоўную Рыбака з «Сотнікава», правобразам яго паслужыў чалавек, які, апроч аднолькавага лёсу, не меў больш нічога агульнага з яго літаратурным персанажам. Але менавіта агульнасць лёсу і зрабіла яго прататыпам, і цяпер я не магу іх падзяліць — адзін выклікаў да жыцця другога. Што гэта — прататып ці не, — я не думаў, ды і ці ёсць патрэба разбірацца ў гэтым?
Але нават і ў тых выпадках, калі самому аўтару цяжка назваць рэальны правобраз героя, ці азначае гэта, што той наогул адсутнічае? Забытыя або паўзабытыя жыццёвыя ўражанні, вобразы, характары людзей і нават асабісты настрой мінулых год, адбіўшыся глыбока ў падсвядомасці, могуць аднойчы ўзнавіцца і ўзнікнуць перад аўтарам як убачанае або адчутае ім упершыню. Асабліва калі некалькі сцёртых характараў трансфармуюцца ў адзін зборны — яркі і паўнакроўны, той, пра якога гавораць, што ён, выдуманы, увасабляе ў сабе больш праўды, чым той, што існаваў сапраўды. Бо ў працэсе творчасці, як вядома, роля падсвядомага надзвычай важная.
— А сюжэтныя сітуацыі?
— Гэтаксама і сюжэтныя сітуацыі. З некаторымі з іх у мяне не было лішніх клопатаў — яны ўзяты проста з маёй франтавой рэчаіснасці, ступень канструявання ў іх вельмі нязначная. Такія сюжэты «Трэцяй ракеты», «Мёртвым не баліць», «Атакі з ходу», часткова «Круглянскага моста» і «Воўчай зграі». Фабула кожнай з гэтых аповесцей была загадзя вядома, аўтару давялося толькі распрацаваць яе ў дэталях і засяліць патрэбнымі вобразамі.
Іншыя ж сюжэты складваліся з розных выпадкаў, паступова аб’ядноўваліся, ствараючы адзінае цэлае. Нейкія стыкі дамысліваліся, шукаліся арганічныя сувязі, мяняючыся, розныя выпадкі як бы «прыціраліся» адзін да аднаго. А бывала, што нейкая жыццёвая гісторыя служыла толькі завязкай, пачаткам аповесці, усё астатняе ўжо дыктавала ўяўленне.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што нявыдуманасць першых рашуча не мае пераваг над сканструяванасцю іншых, складзеных з розных кавалкаў, і не гарантуе ад няўдачы. Ва ўсякім выпадку, тыя рэчы, сюжэты якіх мне давялося, што называецца, выдумаць («Пастка», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Альпійская балада»), наўрад ці ўступалі ў сваёй жыццёвай верагоднасці сюжэтам непрыдуманым. Відаць, многае тут вырашаецца ўсім ідэйна-вобразна-сюжэтным комплексам, розным у кожным асобным выпадку, ён канчаткова і вызначае літаратурную вартасць рэчы.
— А як у вас узнікае задума, што з’яўляецца першым штуршком — думка, якая прыходзіць у галаву, праблема, якую вы хочаце паставіць або даследаваць, нейкія ўражанні і ўспаміны або нейчае апавяданне аб перажытым і г. д.? Або ў розных выпадках бывае па-рознаму? Калі гэта ўспамін або нейчае апавяданне, дык вас вабіць праблема, якая ў ім прасвечваецца, або да яе вас прыводзіць логіка падзей і характараў?
— Узаемадзеянне частак у схеме: задума — матэрыял — увасабленне, бадай, самае цяжкае для разумення і, бадай, найменш асэнсаваная галіна псіхалогіі літаратурнай творчасці. Ясна, што нядрэмная аўтарская думка, якая нясе ў сабе маральна-філасофскую ідэю, толькі тады ў стане літаратурна «прарасці», калі яна трапляе ў спрыяльную глебу жыццёвага матэрыялу. Неабходны сінтэз — ідэі, жыццёва праўдзівай сітуацыі і належных чалавечых вобразаў, якія здольны ў пэўных абставінах увасобіць пэўную ідэю. Што ў маёй свядомасці паяўляецца раней, а што пасля, — не так ужо важна. Можа паяўленне трапна падмечаных характараў, пастаўленых у належныя сітуацыі, прывесці да выяўлення той ці іншай ідэі, а можа і ідэя для сваёй літаратурнай рэалізацыі выклікаць да жыцця сваіх адэкватаў-вобразаў. У «Трэцяй ракеце» я не навязваў маім персанажам ніякай літаратурнай ідэі, яны жылі, пакутавалі, ваявалі кожны ў сілу свайго характару і абставін. У выніку іх самавыяўлення знайшлася і чытаецца нейкая ідэя; мабыць, больш складанай ідэі і не патрэбна для гэтай маленькай аповесці. Што ж да «Сотнікава», дык тут усё было падпарадкавана загадзя акрэсленай ідэі, хоць гэта зусім не азначала дыктат аўтара над характарамі і акалічнасцямі — проста аўтар даволі добра ведаў сваіх герояў і па магчымасці дакладна разлічыў логіку іх учынкаў. Да таго ж для выяўлення ідэі я стараўся выбраць з запаснікоў сваёй памяці найбольш прыдатныя персанажы.