Шрифт:
— Я хачу напомніць аб тым, што сказана ў адным вашым артыкуле: «У „Сотнікаве“, — пісалі вы, — я з самага пачатку ведаў, чаго хачу ў канцы, і паслядоўна вёў маіх герояў да сцэны пары, дзе адзін дапамагае вешаць другога». А як было ў іншых выпадках, у іншых аповесцях: ці ведалі вы, да чаго павінны прыйсці ў канцы? Ці не здаралася вам адчуць супраціўленне народжанага пад пяром характару? Мне, напрыклад, здаецца, што ў «Альпійскай баладзе» і «Дажыць да світання» вас дзенідзе вядзе не логіка характараў і акалічнасцей, а думка, што апераджае іх. Думка, якую вы хочаце выказаць, становіцца гаспадыняй становішча. Што вы думаеце наконт гэтага?
— Я думаю, што калі характар схоплены дакладна, калі ён пастаўлены ў адпаведныя для яго раскрыцця акалічнасці, калі аўтарскія адносіны да яго правільныя — ніякіх асаблівых сюрпрызаў быць не павінна.
Я ўжо казаў пра «Сотнікава». Што да, напрыклад, «Дажыць да світання» і вобраза галоўнага героя гэтай аповесці, лейтэнанта Іваноўскага, дык мяне тут перш за ўсё цікавіла мера чалавечай адказнасці. Як вядома, на вайне выконваюцца загады старэйшых начальнікаў. I адказнасць за поспех або няўдачу той ці іншай аперацыі дзеліцца папалам паміж яе выканаўцам і кіраўніком. А тут выпадак, калі ініцыятарам аперацыі выступае сам выканаўца — малодшы афіцэр, але ўся справа ў тым, што гэтая ягоная ініцыятыва заканчваецца поўным фіяска. Канешне, Іваноўскі тут ні пры чым, можна апраўдаць яго, ён сумленна выканаў свой абавязак. Але сам Іваноўскі апраўдаць сябе не можа: аперацыя патрабавала неверагодных намаганняў, за яе заплочана жыццём людзей, яго падначаленых. У пагібелі Іваноўскага не вінаваты ніхто: ён сам выбраў для сябе такі лёс, таму што валодаў высокай чалавечай мараллю, якая не дазваляла яму схітраваць або ашукаць ні ў вялікім ні ў малым…
— Мне здаецца, што многае ў гэтай аповесці вызначаецца часам яе дзеяння: пачатак зімы сорак першага года, вораг усё бліжэй падыходзіць да Масквы. Без разумення гэтага трудна спасцігнуць логіку паводзін героя. У гэтую пару кожны сумленны чалавек быў гатовы на ўсё, каб уратаваць Радзіму і аддаць сваё жыццё за тое, каб знішчыць хоць бы аднаго варожага салдата, — гэта не здавалася празмернай цаной. I трагічны фінал аповесці, як мне ўяўляецца, падводзіць чытача да гэтай думкі…
— Так, час, адлюстраваны ў аповесці, — самая трагічная пара Вялікай Айчыннай вайны. Апрача ўсяго іншага, многія воіны тады яшчэ не мелі таго вопыту, таго ўмення ваяваць, якія прыйшлі пазней. Тым не менш патрыятызм, самаадданасць, сіла духу і воля да супраціўлення былі вельмі высокія, дзякуючы ім мы выстаялі. У тых умовах, калі нам не хапала воінскага майстэрства і ваеннай тэхнікі, людзі, падобныя да лейтэнанта Іваноўскага, спрабавалі гэта кампенсаваць самаадданасцю, гатоўнасцю ахвяраваць сабой, каб хоць якой цаной затрымаць ворага. Пазней воля да перамогі і самаадданасць, узмоцненыя воінскім уменнем і перавагай у баявой тэхніцы, прыводзілі да вынікаў больш значных, чым у лейтэнанта Іваноўскага…
Зрэшты, справа, як мне здаецца, зусім не ў баявым выніку той ці іншай аперацыі або дзеяння; для літаратуры аб вайне аднолькава важныя як поспехі, так і паражэнні, вялікія і малыя. Да таго ж, што такое перамога і паражэнне з пункту погляду маральнага або філасофскага, якія больш за ўсё іншае цікавяць у мастацтве? Іваноўскі, зразумела, быў пераможаны і загінуў на сваім маленькім полі бою, але калі ён з тых людзей, аб якіх сказана, што іх можна забіць, але немагчыма перамагчы, дык яго паражэнне ператвараецца ў іншую, процілеглую, якасць. Менавіта на стыку гэтых узаемавыключных паняццяў і тояцца значныя магчымасці літаратуры, якія нярэдка ігнаруюцца намі: мы ж прывыклі да гранічнай яснасці, з якою суседнічае спрошчанасць і верхаглядства.
— Амаль усё, што вы напісалі, належыць да аднаго жанру — кароткай аповесці: спачатку яна напамінала сваёй структурай аповесць лірычную, і крытыкі яшчэ доўга лічылі яе па гэтым «разрадзе», нават тады, калі асноўны яе змест вызначаўся як маральна-філасофскі. Калі вы прыступаеце да работы над новым творам, ці зададзена яго жанравая структура з самага пачатку або гэта складваецца само сабой? Зусім нядаўна адзін крытык папісаў, што вам ужо цесна ў тым жанры, у якім вы працуеце шмат год, што вы, ён у гэтым перакананы, павінны перайсці да больш буйной формы — рамана. Ці супадае гэта з вашымі адчуваннямі і намерамі?
— Мне трудна сказаць, як будзе далей. Можа быць, калінебудзь я і напішу раман. Але пакуль у мяне няма такога намеру.
Так атрымалася, што з самага пачатку я пісаў пераважна аповесці. Некалі гэтыя аповесці сапраўды былі лірычныя. Потым, мабыць, па меры таго, як іх аўтар набываў літаратурны вопыт, характар іх змяніўся. Беручыся за новую рэч, я не вызначаю яе памеру або структуры, хоць, канешне, і мяркую прыкладна, якой атрымаецца гэтая рэч, і ведаю напэўна, што гэта будзе аповесць. Але ў працэсе работы яна становіцца або карацейшай, або даўжэйшай, чым я меркаваў спачатку. Часам нейкія звенні сюжэта, нейкія эпізоды скарачаюцца, іншыя, наадварот, развіваюцца падрабязней. А наогул я не адчуваю цеснаты ў гэтым абжытым мной жанры. Я думаю, што гэта вельмі ёмістая форма прозы і ў ёй можна выказаць вельмі многае, а галоўнае — выказаць сцісла і канкрэтна.
— Часам гавораць і пішуць, што вашы аповесці — ва ўсякім выпадку, апошнія, — паўтараюць мастацкую структуру прытчы, хоць ацэньваецца гэтая якасць па-рознаму — і як вартасць, і як недахоп. Мне гэтае вызначэнне не здаецца правільным: прытча мае на мэце адмаўленне ад канкрэтнасці — бытавой, псіхалагічнай і перш за ўсё гістарычнай. Але гэтага ніяк не скажаш аб вашых аповесцях. Падставу для такога роду меркаванняў, мне здаецца, дае тое, што вашы аповесці вызначаюцца крайняй завостранасцю і трагізмам сітуацый, маральным максімалізмам, бескампраміснасцю ўяўленняў аб тым, што добра і што дрэнна, якая і вызначае ацэнку паводзін чалавека. Ці не таму з такой настойлівасцю вы ставіце герояў адзін на адзін з іх сумленнем, падпарадкоўваючыся якому яны самі павінны вырашыць свой лёс у акалічнасцях, дзе за вернасць абавязку плацяць жыццём?