Быкаў Васіль
Шрифт:
Ён думаў, што Філіпаў з Крукам усё ж недзе блізка і пярэймуць яго, але ён брыў у сасонніку з паўгадзіны, а іх нідзе не было. Здорава ўходаўшыся, упаў на снег і не хутка падняўся. Страляніна ззаду быццам сціхала, хоць кулямёт яшчэ і трашчаў, але тут, у лесе, яго вогненных чэргаў ужо не было відаць, і гэта давала надзеі. Колабаў усё маўчаў, толькі часам скрыгаў зубамі, і Ляўчук падумаў, што, мабыць, камандзіру папала здорава. Аддыхаўшыся, ён спрабаваў перавязаць яго і расшпіліў штаны, але ўсё там было заліта загусцелай крывёй, і ён нават спалохаўся. Ён зняў з сябе тонкую сваю папружку, два разы абматаў ёй параненае сцягно Колабава, каб хоць спыніць кроў. Затым, прыслухоўваючыся да наваколля, доўга нёс камандзіра цераз маўклівы насцярожаны лес, але хлопцаў нідзе не сустрэў. Спярша ён злаваўся, надумаўшы, што яны ўцяклі, але так далёка ўцякаць, мабыць, не было патрэбы. Значыць… Значыць, хлопцы засталіся ў тым завале, можа быць, назаўжды. Пад такім агнём гэта было проста.
Мабыць, апоўначы ён выбраўся з лесу. Хвойнік скончыўся, пачаліся нейкія хмызнякі, драбналессе, стала зусім ціха. У бязмесячным небе раямі мітусіліся зоркі, ціснуў добры мароз. Ляўчук даўно адчуваў яго найперш сваімі рукамі, якімі ён увесь час трымаў на сабе Колабава — рукі мерзлі так, што здавалася, адмярзаюць зусім. Целу і нагам у валёнках было горача, нутро аж гарэла ад стомы. Пара валіла з рота, а рукі зайшліся так, што ён ледзьве трываў. 3 Колабавым яны не размаўлялі, мусіць, той быў непрытомны або проста не мог гаварыць.
Невядома, на колькі кіламетраў яны адышліся ад чыгункі і колькі мінула часу, толькі Ляўчук усё пільней пачаў узірацца ў мясцовасць і не пазнаваў яе. Ён проста не ведаў, куды трэба было ісці, бо на шляху сюды не дужа што прыкмячаў, тады іх вёў Крук, які цяпер прапаў невядома дзе. Тым часам вялікі лес скончыўся, пачаўся хмызняк, нейкія пералескі, можа, нават умерзлае балота, і нічога не было відаць. Добра яшчэ, што снег быў неглыбокі і асабліва не замінаў хадзе.
3 цягам часу прыпынкі рабіліся ўсё часцейшыя, змора брала сваё, рукі адмярзалі, і ён нічога не мог з гэтым зрабіць, ён выбіваўся з сілы. Да слёз у вачах ён глядзеў-узіраўся ў зімовыя прыцемкі, думаў, можа, дзе трапіцца вёска, толькі яна магла ўратаваць іх абодвух. Праўда, надзеі на тое было не шмат — мясцовасць навокал была дзікаватая, у такой не хутка натрапіш на вёску, тым больш у цемры. I ён каторы ўжо раз, стаўшы на калені, узвальваў на сябе страшэнна пацяжэлае цела Колабава і ішоў некуды ў ноч праз хмызняк і чэзлыя кусты — у той бок, дзе, здавалася яму, была пушча.
Ён заўважыў іх у часе аднаго прыпынку, як толькі паклаў на снег Колабава і рукавом разадранага маскхалата выцер спатнелы лоб. Спярша здалося ў марозных прыцемках, што гэта чалавек, які таксама выпнуўся ў рэдкалессі з-за якога кусціка і прылёг. Але, угледзеўшыся, Ляўчук зразумеў — воўк! Той стаяў на снезе ў паўсотні крокаў адсюль і насцярожана ўзіраўся ў двух знямоглых у белым людзей — нібы чагосьці чакаў. Ляўчук не адчуў ад таго вялікага страху — падумаеш, воўк! У іх была вінтоўка ды аўтамат Колабава, што ім які згаладнелы воўк? Ляўчук нават крыху падняўся, сеў раўней і разы два махнуў у той бок — маўляў, прэч, дурань!
Але воўк толькі стрыгнуў вушамі і крыху павёў мордай, калі аднекуль ля яго з’явіўся яшчэ адзін, а затым два гэткіх жа, як і першы, перахлябістых, насцярожаных, да нечага гатовых драпежнікаў. Ляўчук адчуў, як раптоўна схаладнела ў яго разагрэтым ад стомы нутры: чатыры ваўкі ў ягоным становішчы — гэта ўжо не жарты. Падумаўшы, што ваўкі, мабыць, кінуцца на іх, Ляўчук узяўся за аўтамат, які вісеў у яго на грудзях, адубелымі пальцамі намацаў рукаятку затвора. Аднак ваўкі, здаецца, не выказвалі ніякага намеру кідацца, яны стаялі між чэзлых кусцікаў — тры наперадзе і адзін трошкі ззаду — і чакалі чагось. Чаго толькі?
Ягоная трывога, мабыць, перадалася і Колабаву, той прыўзняўся за ягонай спіной і таксама ўгледзеўся ў начны аснежаны прыцемак.
— Сволачы! Яшчэ не хапала…
Не зводзячы з іх вачэй, Ляўчук падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў да кусцікаў. Ваўкі без асаблівага страху таксама адышліся на некалькі крокаў. Што было з імі рабіць?
Вярнуўшыся да Колабава, Ляўчук узваліў яго на спіну і пайшоў. Ідучы, яму было цяжка сачыць за імі з прыгнутаю галавой, ён ледзьве бачыў пад ногі, але адчуваў, што ваўкі не адсталі. Яны ішлі поруч, паралельным напрамкам і чагось усё пільнавалі. Мусіць, трэба было б секануць па іх аўтаматнай чаргой, тады, можа, адсталі б. А можа, наадварот — не варта чапаць іх, яны ж пакуль што не чапаюць. Можа, яны так пройдуць нядоўга ды і скіруюць куды сваім шляхам. Навошта ім людзі?
Але ў гэтых драпежнікаў, відаць, былі ўсё ж нейкія свае намеры наконт гэтых двух ушчэнт знямоглых, ледзьве жывых людзей, і яны не адставалі. Тым часам кусты канчаліся, наперадзе забялела вялізная разлога поля, Ляўчук з надзеяй падумаў, што, можа, там будзе якая вёска і гэтыя стварэнні адстануць. На краі поля ён паволі апусціўся каленямі ў снег, затым лёг на бок, зваліў з сябе Колабава і не адразу падняў галаву, каб глянуць, куды ж скіравалі ваўкі. Але ваўкі былі тут, яны прыкметна асмялелі і падышлі яшчэ бліжэй. Рослы пярэдні воўк, з адным трохі карацейшым за другое вухам, наблізіўся да іх, можа, крокаў на сорак і стаяў, чагось упарта чакаючы. Два стаялі трохі далей, а чацвёртага чамусьці не было відаць, і Ляўчук здзівіўся: куды ж ён прапаў? Але доўга дзівіцца яму не давялося — азірнуўшыся, ён убачыў, як, абыходзячы гушчарок, дзе снег быў глыбейшы, па другі бок ад іх шыбаваў яшчэ адзін вывадак.
На чыстым, прытуманеным удалечы снезе былі добра відаць чатыры звяры, якія борздзенька абыходзілі іх з таго боку.
Леўчуку стала моташна. Ужо з пэўным намерам ён зняў цераз голаў почапку аўтамата, каб урэшце адагнаць гэтую зграю. Але толькі ён пацягнуў затвор, як побач слаба заварушыўся Колабаў.
— Пастой, ты што?
— А што? Глядзі, іх ужо сямёра.
— Дзе мы — ты бачыш? — цяжка прахрыпеў Колабаў, і Ляўчук угледзеўся ў прыцемак, стараючыся згадаць, куды яны выйшлі. Сапраўды, лес яны ўвесь перайшлі, наперадзе ў полі нешта шарэла, але не хмызняк і не быльнік — як, прыгледзеўшыся, здагадаўся Ляўчук, то быў напалову засыпаны снегам трыснёг, і за ім цьмела роўная белая аблога. У баку ад гэтай аблогі, мабыць, падымаўся пагорак, але там, пад цёмным і зорным небам, нічога не было відаць.