Быкаў Васіль
Шрифт:
— Зароўскае возера, — пасля паўзы сказаў Колабаў і аблёгся на снег.
— Зароўскае?
Ляўчук нямала здзівіўся — куды ж яны трапілі? Але, мусіць, так. Тая чысцюткая снегавая разлога за трыснягом, якую ён палічыў полем, аказалася возерам. Возера, вядома, для іх — не вялікі страх, мабыць, яно ўмерзла. Страх быў у іншым, і гэта стрымала Леўчука ад таго, каб пусціць чаргу ў ваўкоў. На тым доўгім пагорку, што ледзь угадваўся ў цемры, ведаў Ляўчук, раскінулася немалая вёска Зароўе, якую яны заўжды абыходзілі як мага далей, бо там быў нямецкі гарнізон з дзотамі, траншэямі, бункерамі, кругласутачнай вартай і патрулямі. Страляць тут, пад носам у гарнізона, было б самагубствам. Асабліва ў іхнім становішчы.
Ну але што ж тады рабіць з гэтай зграяй?
Ваўкі, мусіць, таксама адчулі, што іх тэрыторыя хутка скончыцца і пачнецца тая, дзе яны не гаспадары. I яны пачалі смялець. Яны абышлі людзей з абодвух бакоў і пасталі на снезе, чакаючы, што ж тыя будуць рабіць далей.
Наперад, аднак, можна было ісці.
Каб скарыстаць гэтую адзіную пакуль што магчымасць, Ляўчук перакінуў цераз галаву почапку аўтамата, напяўся, напружыўся, узваліў на сябе Колабава. На тым месцы, дзе ляжаў паранены, засталася цёмная пляма крыві, і ён падумаў, што, мабыць, гэтая кроў падахвочвае ваўкоў, абяцаючы ім спажыву. Але ўжо чорта! Калі гэта Зароўе, дык трэба хутчэй перайсці цераз возера, а там, здаецца, была яшчэ нейкая вёска, можа, у ёй няма немцаў, значыць, ёсць добрыя людзі, яны памогуць.
Ён не дайшоў да трыснягу, можа, якіх дзесяць крокаў, як адна ягоная нага нечакана шаснула ўглыб снегу, ён ірвануўся ўбок і праваліўся абедзвюма. Адразу ж адчуў, што трапіў у ваду, мусіць, тут была якая крыніца ці яшчэ няўмерзлае балота. Разварушыўшы снегавую кашу, Ляўчук неяк выграбся на цвярдзейшае, ужо ведаючы, што па калені мокры, у валёнках ужо сцюдзёна захлюпала вада. Ад прыкрасці ён вылаяўся, калі згадаў, як перад выхадам на гэта заданне спецыяльна памяняўся з Башлыком абуткам — аддаў яму свае спраўныя боты, а ўзяў гэтыя валёнкі. Не паспеў ён цяпер адысціся ад гэтай праваліны, як адчуў, што мароз сталёвымі абцугамі ашчапервае ягоныя ступні — як было ісці далей?
3 Колабавым на спіне ён ледзьве давалокся да азёрнага берага, пралез трыснёг, яшчэ разы два праваліўся, але не так глыбока, як першы раз, і не да самай вады. Зрэшты, цяпер, мабыць, было ўсё роўна, можна было ісці і па вадзе — да каленяў яго ногі былі ўшчэнт мокрыя і мерзлі. Асабліва нясцерпна стала на лёдзе, з якога вецер месцамі паздзімаў снег, Ляўчук застукаў цвёрдымі валёнкамі, паслізнуўся, ледзьве не ўпаў. Ён прайшоў нямнога, але адчуў, што павінен спыніцца, інакш упадзе разам з Колабавым. Тады ён асцярожна апусціўся каленямі на прысыпаны снегам лёд і асцярожна паклаў побач Колабава.
Нейкі час ваўкі яшчэ беглі ленаю рыссю следам за важаком з адтапыраным вухам; але спыніўся важак — і спыніліся ўсе астатнія. Яны чакалі, і Ляўчук раптам страціў цярпенне. Ад усіх гэтых бед, што сёння адна за адной сыпаліся на яго галаву, цяжка было стрымацца, ён гучна і злосна вылаяўся, даўшы выйсце сваёй роспачы. Страляць было нельга, бегчы таксама — няўжо ім прыйдзецца загінуць на гэтым праклятым возеры ў паўкіламетры ад гарнізона, поўнага немцаў і паліцыі?
Мусіць, ваўкі адчулі бездапаможнасць людзей і зрабіліся больш смелыя і нават нахабныя. Пакуль Ляўчук з Колабавым нерухома ляжалі на лёдзе, яны абышлі іх паўколам і закрылі дарогу наперад. 3 гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць. Тры іншыя бакі яны занялі, шырока разышоўшыся па лёдзе, і, не падыходзячы, аднак, бліжэй, насцярожана пазіралі на людзей.
— Сашка, ты бачыш? Ты зірні, што робіцца! — узбуджана сказаў Ляўчук да знямоглага Колабава, і той на момант прыўзняў галаву.
— Ладна, ты ідзі, — сказаў ён.
— Як? Яны ж цябе тут…
— Ідзі. Дай аўтамат і ідзі.
— А калі яны… На мяне?
— Не. Я ж застануся… Ты прыгані каня. «Сапраўды!» — мільганула ў галаве ў Леўчука. Гэта было выйсце. Ён паспрабуе вырвацца з гэтага кола, дабяжыць да вёскі, прыгоніць каня. I прывядзе людзей. Калі толькі Колабаў дажыве да таго часу. I калі ваўкі выпусцяць яго, Леўчука. I калі ён у вёсцы не налезе на немцаў. I калі немцы раней часу не налезуць на Колабава… Надта ўжо шмат назбіралася гэтых «калі», але іншага ў іх не заставалася.
Ляўчук з натугай падняўся на ногі, якія яшчэ слухаліся яго, схапіў вінтоўку і памарожанымі рукамі ледзьве ўправіўся з тугаватым затворам, пакуль даслаў патрон у патроннік. Глытаючы даўкі камяк у горле, ён кінуўся да самай сярэдзіны воўчай зграі, добра разумеючы, што яны могуць не выпусціць яго і разарваць на кавалкі. Вінтоўкай ён мог абараняцца толькі як палкай, страляць з яе ён не мог: першы стрэл, мусіць, стаў бы для абодвух пагібеллю. I так яшчэ добра, калі немцы з Зароўя не згледзелі іх. Мусіць, выручалі самаробныя маскхалаты, спецыяльна надзетыя імі на гэта заданне.
Ад усяго перажытага Ляўчук перастаў адчуваць сябе і без усякага страху, адчайна шыбануў на зграю. Ён бачыў перад сабой толькі бліжэйшага ваўка, які падцяў пруткі хвост і ўзіраўся ў яго, мусіць, не чакаючы такой смеласці ад знямоглага чалавека. Але Ляўчук кіраваў прама на яго, зараджаную на ўсякі выпадак вінтоўку трымаў у руках нібы палку, гатовы выцяць ёю ваўка, калі той не саступіць з ягонай дарогі. I воўк саступіў. Ашчэрыўся, прысеў на пярэднія лапы, нібы перад скачком, але, зразумеўшы, пэўна, рашучасць чалавека, не скочыў і не пабег, а незадаволена адышоўся ўбок, да суседа. Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх кола.