Быкаў Васіль
Шрифт:
Яны за ім не пагналіся і нават не збіраліся рабіць гэта — яны таропка замкнулі за ім сваё кола і падаліся да сярэдзіны. Ляўчук, які кінуўся быў подбегам, на секунду спыніўся — адсюль яму ўжо кепска быў відаць Колабаў у яго маскіровачным убранні, затое ён добра бачыў ваўкоў. Яны патрохі сціскалі кола, і з ім сціскалася Леўчукова сэрца. Страціўшы над сабою ўладу, ён праз хвіліну кінуўся назад да Колабава, затым, зразумеўшы, што так не паможа яму, з усёй сілы пабег па возеры.
Ён бег, баючыся азірнуцца; паслізнуўшыся на абмерзлых валёнках, упаў, балюча выцягнуўся сцягном, ускочыў, тады азірнуўся — некалькі невыразных плямак ледзьве шарэлі ў працьмелай далечы. Ні крыку, ні стрэлаў яшчэ не было, і ён кінуўся яшчэ хутчэй. Бегучы, аднак, пачаў адчуваць, што не паспее, што ваўкі, мабыць, управяцца з Колабавым хутчэй, чым ён дабяжыць да вёскі, якая была чорт ведае дзе.
Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі — ці сагрэліся, ці, можа, ужо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.
Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.
Ён адчуваў, што сталася горш, чым калі б на Колабава напалі ваўкі; мабыць, ваўкі ўжо тут ні пры чым, гэта немцы. Але адкуль яны? Ці, можа, на слых паляць па возеры, ці ўжо згледзелі Колабава? Адчуваючы, аднак, што той гіне, Ляўчук сарваўся з месца і што было сілы пабег назад.
Пакуль ён знямогла трухаў у сваіх абмерзлых валёнках, на возеры яшчэ стралялі, чуліся крыкі, і ён не ведаў, што зробіць, калі прыбяжыць туды. Але ўсё роўна ён бег. У яго была спраўная вінтоўка і сотня патронаў у сумцы, было дзве «лімонкі» ў кішэнях, абы толькі Колабаў быў жывы. Толькі б застаць жывога! Праўда, неяк падазрона не было чуваць яго аўтамата: страляў кулямёт, вінтоўкі, аўтамат жа ўпарта маўчаў. Гэта кепскім прадчуваннем душыла Леўчука, і ўсё роўна ён бег, мусіць, насустрач сваёй пагібелі, бо шанцы адбіць Колабава былі ў яго мізэрныя.
А можа, ён паспее да яго раней, чым прыбягуць немцы?
Гэтая думка прымусіла яго бегчы шпарчэй і надала трохі сілы, тым болей што страляніна сціхла, разы два ён пачуў крыкі дзесьці ля вёскі і падумаў, што, можа, гэта немцы спускаюцца з гары да возера, калі б яны толькі яшчэ спускаліся, дык ён, мусіць, паспеў бы…
Ляўчук, аднак, памыліўся — яны не спускаліся, яны ўжо падымаліся ад возера, дзе заместа ваўкоў учынілі ваўчыную расправу.
Ён зразумеў гэта, калі ўбачыў непадалёк той самы трыснёг, ля якога праваліўся ў ваду і ля якога пакінуў Колабава. Пазнаў і тое месца на снезе. Яно было цяпер вытаптана мноствам людскіх і ваўчыных слядоў, сярод якіх цямнелі плямы крыві. Ваўкоў нідзе не было, Колабава таксама. Вецер памалу здзьмуваў са снегу клочча цёмнай поўсці — мусіць, перапала і ваўкам. На секунду Леўчуку стала шкода гэтых спаважных, нерашучых і, мусіць, згаладнелых істот, якіх ён нядаўна яшчэ ненавідзеў. Шырокі след-баразна ў снезе, прарэзаны целам Колабава, вёў у той бок, дзе была вёска і адкуль яшчэ даляталі прыглушаныя далечынёй галасы, смех, злосная лаянка.
Ледзьве стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ляўчук пастаяў яшчэ, патаптаўся на снезе і подбегам пусціўся па возеры.
Трэба было ратаваць ногі.
14
Праз некалькі хвілін ён ачнуўся, нібы і не спаў, сеў — ява яго працягвалася і найперш дайшла да ягонай свядомасці грукатам стрэлаў дзесьці далёка, можа, на той самай грэблі. Абапіраючыся рукой на імшарнік, ён пасядзеў, паслухаў, не адразу расплюшчыўшы вочы, а калі і расплюшчыў, дык усё роўна нічога не ўбачыў — была ноч.
Галава яго была цяжкая і тупая, нібы з пахмелля, дужа хацелася зноў упасці на дол і ляжаць. Але ён прыслухаўся да страляніны і вызначыў, што яна грымела трохі ў баку ад таго месца, дзе была іх грэбля, падобна, у Крукоўскім урочышчы. Значыць, дайшла чарга ўступаць у бой і першамайцам, дабраліся і да іх карнікі.
Тое, што здарылася за дзень, гарачым тлумам плыло ў яго памяці, але, мабыць, трэба быў час, каб прыгадаць усе перажытыя ім падрабязнасці і разабрацца ў іх. Найперш для яго было пэўна, што ён уратаваўся — не згарэў і вывернуўся ад кулі, уцёк у лес і цяпер мог пайсці куды хочаш. Толькі радасці ад таго ён не адчуваў ніякай, у свядомасці яго жыло, заглушаючы сабой усе іншыя пачуцці, адчуванне вялікай бяды, ад якой не было паратунку. Як ведала-адчувала ягонае сэрца, калі мінулаю ноччу ён не хацеў ісці на гэта заданне, што не будзе тут яму ўдачы. Але тады яго непакоіла іншае, а таго, што здарылася, ён не мог прадбачыць. Сапраўды, ён жа выпраўляўся ў ціхую і бяспечную зону Першамайскай брыгады, а не на прарыў, не ў самае пекла блакады. Але, мусіць, вялікая бяда менавіта там і падпільноўвае чалавека, дзе ён яе меней за ўсё чакае.
Ляўчук сеў раўней і прыслухаўся. Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе. Праўда, да чуйнага яго слыху з усіх бакоў даляталі ўсякія невыразныя гукі і шолахі, але за шмат месяцаў партызанскай вайны ён добра ўжо звыкся з лесам і ведаў, што ноччу слых ловіць залішне многа, а большая частка лесавых гукаў толькі здаецца. Калі дзе ёсць сапраўды падазронае, дык услухоўвацца ў яго не трэба, — яно адразу заявіць само пра сябе. Свежыя пошумы ветру ў вяршаллі, падзенне перасохлай галінкі, соннае лапаценне крылаў птушынай драбноты ў галлі — другіх гукаў паблізу не чулася. I ён, ачухаўшыся спакваля ад свае санлявай дурноты, хвіліну паслухаў далёкую страляніну і рашыў, што трэба прабірацца ў Першамайскую. Мусіць, толькі ноччу і можна туды дабрацца, удзень ён зноў налезе на карнікаў.
Хіснуўшыся, ён падняўся на ногі, пасунуў з жывата на бок парабелум. Навярэджанае ў сне плячо балела куды больш, чым учора: можа, трэба было паправіць павязку, але ён рашыў, што зробіць гэта заўтра, калі развіднее. У лесе было зусім цёмна, каб не налезці на што, ён выцягнуў наперад руку і ўгнуў галаву. Праўда, лес тут быў рэдкі і голы, хвоі стаялі амаль без падлеску. Ён трохі памятаў дарогу, па якой бег сюды гадзіну ці дзве назад, — трэба было зноў выйсці да балацявіны, павярнуць ля ўзлесся. Далей ён не дужа ведаў, якая будзе мясцовасць, але спадзяваўся, што, арыентуючыся на стрэлы і зоркі, не дужа заблудзіць. Абы толькі не наскочыць на немцаў.