Быкаў Васіль
Шрифт:
— Дзе там! На саўгас наступае. Папаўненне атрымаў.
— Папаўненне і я атрымаў. Паўсотню чалавек.
— Ого! Так многа!
— Усе новенькія. Неабстрэляныя. Ім бы з тыдзень у абароне пасядзець. Звыкнуцца з фронтам.
— Не выходзіць у абароне.
— Да таго ж па-руску амаль ніхто не разумее.
— Гэта горш. Добра, я трохі разумею. Перакладчыкам буду.
— А ты адкуль разумееш?
— У Сярэдняй Азіі жыў. Самарканд, Бухара, Чарджоў.
— Ясна. Тады дзякуй маёру Міненку. Сапраўды, можа, паможаш дамовіцца.
Валошын сабраў пісталет, упіхнуў яго ў скураную кабуру, выцер насоўкай рукі. Круглоў сядзеў перад топкай і ўсё з хрустам ламаў галлё, піхаў яго ў дымную печку. Камбат чакаў, што камсорг, напэўна, праінструктаваны нампалітам, загаворыць аб палітмасавай рабоце, але той, быццам ухіляючыся ад гэтай тэмы, гаварыў аб іншым.
— А як жа з палітзабеспячэннем? — асцярожна запытаў Валошын. — Мітынгу праводзіць не будзем?
— А нашто? Я і так пагутару. Я ім пісьмо пачытаю. Пісьмо класнае атрымаў. Ад дзяўчат са Свярдлоўска. — Ад знаёмых?
— Дзе там! Пішуць на імя камсамольскага сакратара часці. Не пісьмо — цэлая паэма. Хочаце пачытаць?
Ён ухапіўся за сваю набітую паперамі кірзавую сумку, але Валошын сказаў:
— Нашто? Не мне ж адрасавана.
— Дык з маёй жа згоды. Я во байцам усё чытаю — слухаюць, не адарваць. I сардэчна, і патрыятычна. Хоць у газеце друкуй.
— Вось і пачытай у ротах.
— Абавязкова. Во як яны пішуць, паслухайце, — сказаў ён, таропка разгортваючы пакамечаны трохкутнічак. — «Ад імя і па даручэнню ўсіх нашых дзяўчат, здраствуйце, дарагія і любімыя воіны-героі, маладыя і трошкі старэйшыя, мы любім вас, і ганарымся вамі, і чакаем вас удзень і ўначы, верна аберагаючы нашу любоў і нашу дзявочую пяшчоту…» Ну і так далей.
— Добра пішуць, — сказаў Валошын. Круглоў схаваў пісьмо і зашпіліў сумку.
— Ну што, колькі там настукала? — зірнуў ён на скрынку, дзе ляжаў на краі гадзіннік Валошына. — Ого! Ужо тры. Пайду ў роту.
— У якую пойдзеш?
— Якая пад вышынёй? Самохіна?
— Самохіна, — сказаў, падумаўшы, камбат. — Але я параіў бы схадзіць у восьмую. Лейтэнант Муратаў там захандрыў нешта.
— Гэта чаму?
— Ды так. Глупства. Але трэба было б падбадзёрыць.
— Добра. Пайду да Муратава. Стары знаёмы ўсё ж. Разам у полк прыйшлі. А пасля і да Самохіна заскочу.
— Што ж, давай!
— Галоўнае, пісьмо пачытаць. Ведаеце, як натхняе?
— Пабачым, як ты іх натхніш заўтра.
— У найлепшым выглядзе. Толькі вось часу ў абрэз. Ну што ж, ранічкай пабачымся.
— Абавязкова.
Круглоў пайшоў, і ў зямлянцы зноў стала ціха. Прыслухоўваючыся да ягоных крокаў у траншэі, Валошын успомніў пра вышыню і падумаў, што прыйдзецца, напэўна, зноў вылазіць з зямлянкі і ісці да Самохіна — ён проста губляў надзею дачакацца на КП прапаўшых недзе разведчыкаў. Але зморанае цела марудзіла, так добра было сядзець у цяпле і спакоі, трывожна ўсведамляючы, што канчаюцца апошнія гадзіны ночы, а заўтра ўсё будзе не так.
Хаця, можа, і абыдзецца. Яны возьмуць вышыню, закапаюцца: настане якая-ніякая перадышка, можа, давядзецца адпачыць у абароне…
Але во чаго захацелася, спахапіўся камбат, злавіўшы сябе на гэтых расслабленых, амаль крамольных на фронце думках. Палова Расіі стогне пад немцам, ільецца кроў напалам са слязьмі, людзі чакаюць не дачакаюцца, калі Чырвоная Армія адужае ворага, а ён пра што марыць — стаць у абарону, адпачыць, адаспацца. Але што рабіць — менавіта так. Сэрцам і розумам адчуваеш адно, а цела, кожная часцінка тваёй цёплай плоці прагнуць іншага. У іх свае, куды больш сціплыя патрабаванні, без задавальнення якіх, аднак, — нікуды. Вельмі недасканалы, слабы чалавек, але іншага вось няма. Каб дасягнуць вялікае мэты, трэба лічыцца з маленечкімі патрэбамі гэтых недасканалых і слабых людзей, лёсамі і целамі якіх вымашчаны увесь даўгі шлях да вялікай жаданай Перамогі.
I Круглоў мае рацыю, ідучы да іх не з лекцыяй аб становішчы на франтах і не з тлумачэннем чарговага загаду Вярхоўнага, а з просценькім, сардэчным і наіўным пісьмом самотных у абезмужчынеўшым тыле дзяўчат. Мабыць, сапраўды, такое пісьмо болей і глыбей кране ачарсцвелыя душы тых, каму адрасавана, і напэўна больш дабрадзейна паўплывае на іх свядомасць, чым казённыя словы вайсковага загаду, які ставіць даўно знаёмыя задачы. Калі б гэтыя задачы было так проста выканаць, як іх паставіць… А вось пісьмо, гэты ціхі голас дзяўчачай лагоды, які за тысячы вёрст прыляцеў у прамерзлы франтавы змрок, — што можа быць святлей і бліжай для згаладнелага, намерзлага, спакутаванага ў доўгім расстанні з блізкімі чалавека на фронце?
Але камбат не хацеў чытаць гэтыя, можа, самыя лепшыя з усіх, калі-небудзь напісаных ад імя і па даручэнню радкі. Ён аддаваў перавагу радкам, якія не пакажаш другому, не прачытаеш на сходзе.
Ён іх чытаў у рэдкія хвіліны спакою, адзін на адзін з сабой.
«Дарагі мой Валошык, мой срэбны праменьчык закатнага сонейка, які так коратка і светла бліснуў у маім жыцці, дзе ты?
Дзе ты, зямная і нябесная мая радасць, мой рослы дубок, зялёная траўка палянкі, мёдам прапахлы лужок, цёплая жывая хваля, гулліва забегшая на мае далоні?