Быкаў Васіль
Шрифт:
Валошыну здалося, што зялёны букет ракеты пырхнуў у цьмянае неба на імгненне раней, чым хлопнуў стрэл ракетніцы, і прыгожа расквітнеў у вышыні над чэзлым кустоўем балота.
— Агонь! — нягучна скамандаваў Іваноў.
Праз секунду ззаду пругка ўдарыла, слаба аддаўшыся за лесам, і першы гаўбічны снарад, распорваючы тугое паветра, прайшоў над галовамі. Пасля на некалькі секунд ягоная хада недзе заціхла, нібы згубілася ў небе, але вось на самай макаўцы вышыні ля траншэі абвальна грымнуў і раскаціўся разрыў. Вецер падхапіў воблака пылу і хутка панёс яго коса па схіле…
15
Байцы таропка павыскоквалі з сваіх акопчыкаў і, прыгінаючыся, з прытоенай страхавітасцю на тварах, сыпанулі з абмежка да балота. На працягу некалькіх секунд камбат бачыў амаль увесь батальён, за выключэннем хіба захінутай пагоркам роты Кізевіча, затым балотны хмызняк праглынуў усіх. Першы даволі дружны рывок падаваў надзею, цяпер бы яшчэ пару такіх рыўкоў, і батальён быў бы на схіле. Але камбат ведаў, што неўзабаве ўдараць немцы і ўсё можа скончыцца іначай.
Іваноў, не адрываючыся ад бінокля, перадаваў каманды, і ўгары цераз іх галовы з трэскам і стогнам ішлі цяжкія гаўбічныя снарады, якія з магутным глыбінным грукатам абрыналіся на вышыню. Цяпер ён біў па траншэі — з бліндажом і кулямётам, напэўна, было ўжо скончана. Немцы маўчалі, і Валошын хацеў быў сказаць камандзіру батарэі, каб той зрабіў паўзу — нашто дарма біць па аціхлай траншэі? Але толькі ён падумаў пра тое, як на вышыні апантана засакатаў кулямёт. Валошын трошкі падвярнуў акуляры бінокля і ўбачыў за балотам у самым пачатку схілу некалькі шэрых прыгорбленых постацей, якія з натугай беглі па схіле ўгору. Хтось з іх там упаў, падняўся, наперад вырваўся адзін у ватоўцы з кароткім аўтаматам у руках, і Валошын пазнаў у ім Нагорнага. Пакуль роты пад прыкрыццем артагню перабягалі балота, Нагорны атакаваў траншэю.
— Паша, ты бачыш? — крыкнуў камбат. — Вунь мае вырваліся! Хутчэй накрый кулямёт! I праходы, праходы ў спіралі…
— Дзе ж ён? От чорт, не згледзець…
Кулямёт хлёстка біў па ўзводу Нагорнага, кулі з працяглым віскам несліся з вышыні над балотам, але кулямётнай пазіцыі згледзець не ўдавалася. Камбат да болю ўціскаў акуляры бінокля ў вачніцы, пакуль не пачуў, як ззаду задудукалі абодва яго ДШК, і цераз траншэйку і кустоўе да вышыні напяліся дымныя, прыкметныя ў небе струмені буйнакаліберных трас. Валошын падумаў, што Ярашчук бачыць цэль, і скіраваў позірк следам за трасамі, але прыкмеціць, дзе яны канчаліся, было немагчыма. Дымна-трасірныя чэргі імчаліся ў кірунку да вышыні і бясследна знікалі недзе на яе вяршыні.
Камбат напружыў зрок, чакаючы, што за балотам нарэшце пакажуцца ягоныя роты, але рот яшчэ не было відаць. Падобна было на тое, што Нагорны паспяшаўся, хаця гэта было лепш, чым калі б ён прамарудзіў — спазненне з атакай пляжыла ўсю задуму з гэтаю падманлівай вылазкай. Нагорны ўдарыў як трэба і чатырнаццаццю сваімі байцамі прыкрыў батальён. Нават калі ён і не ўварвецца ў траншэю, гэты манеўр зробіць для батальёна сваю добрую справу.
Аднак агонь з такой блізкай адлегласці быў для яго знішчальны, і Валошын унутрана сцяўся — чакаў таго непазбежнага моманту, калі Нагорны заляжа, наткнуўшыся на нябачную адгэтуль, дзесь там расцягнутую спіраль Бруно. Ён і сапраўды залёг — некалькі чалавек раптам упала на шэры задымлены схіл, ратуючыся ад кулямётнага агню, ці, можа, былі забітыя. Але тут жа, нібы па ягоным жаданні, на вышыні выраслі поруч тры пыльных прыземістых выбухі, якія, напэўна, не разбурылі траншэю, затое пылам засланілі ад яе распластаных на схіле байцоў. I ўзвод падняўся. Некалькі чалавек, што нядаўна здаліся яму забітыя, раптам падхапіліся з зямлі і адважна пабеглі ўгору, у падняты мінамі пыл, які бакавы вецер коса зганяў з вышыні.
— Маладзец! — сказаў Валошын. — Ну давайце ж, давайце!
Апошнія яго словы адносіліся да суседзяў-мінамётчыкаў, што нарэшце адкрылі агонь і так памаглі Нагорнаму. Камбата захляснула спазнелае пачуццё ўдзячнасці гэтаму непрыкметнаму працаўніку вайны, які без позы і лішніх слоў толькі за апошнія суткі столькі зрабіў для батальёна. А ён не знайшоў нават часу сказаць яму добрае слова, крыху пажартаваць у размове — усё звяртаўся з халоднай камандзірскай афіцыйнасцю, тонам загаду. Спазнелае шкадаванне на хвіліну варухнулася ў душы камбата і тут жа забылася, выцесненае іншымі клопатамі.
— Ага, во ён, падлюга! Бачу! — узрадавана сказаў Іваноў і закамандаваў тэлефаністу: — Лявей ноль-ноль два, уравень больш ноль-ноль адзін…
Пачыналася ювелірная стральба, дакладнасці якой мог пазайздросціць снайпер. Але Іваноў умеў, калі было трэба, наперакор артылерыйскай тэорыі, пакласці тры снарады ў адну варонку, у сваёй справе ён таксама быў снайпер.
Тым часам мінамётчыкі далі яшчэ некалькі ўдалых залпаў — на задымленай вышыні заскакалі кусцістыя выбухі мін, між каторых магутна і роўна нішчылі бруствер траншэі гаўбічныя разрывы Іванова. Пахілы бок вышыні завалакло дымнаю імглой, якую свежы ранішні вецер ужо не паспяваў здзімаць прэч, і рванае клочча пылу коса цягнулася ў хмарнае неба. Бачнасць рэзка пагоршылася, бой грукатаў ва ўсю моц, усё там бязладна ахала, трэслася, уздрыгвала, віскам і грукатам поўнячы сцюдзёны світальны прастор. Але роты, напэўна, ужо выходзілі з балота, і трэба было не даць ім спыніцца перад рашучым рыўком на схіл.
Валошын левай рукой выхапіў у Чарнаручанкі трубку.
— Алё, дзесяты! Няма дзесятага? Перадайце ад дваццатага з «Бярозы» — змена НП. Зразумелі? Мяняю НП.
I, кінуўшы ў рукі Чарнаручанкі трубку, ён з жвавасцю распарадзіўся ў траншэі:
— Гутман! Чарнаручанка! Зняць сувязь і за мной! Хутка!
Чарнаручанка з неўласцівай яму паспешлівасцю адной рукой ірвануў зазямленне, другой згрэб свой апарат; Гутман падхапіў катушку з напалову зматаным кабелем, зірнуўшы на якую, камбат з трывогай падумаў: не хопіць. Гэтага кабелю да вышыні не хопіць, як тады быць? Зрэшты, сувязныя ад рот ужо лезлі на бруствер, і ён крыкнуў Іванову, які працягваў кіраваць агнём:
— Хвілін дзесяць паддай!
— Дзесяць паддам! — крыкнуў у адказ Іваноў.— Толькі не больш…
— А ты радзей, каб трапненька…
— Уравень менш ноль-ноль адзін, — камандаваў Іваноў.
«Ну цяпер накрые», — падумаў камбат, збягаючы па мёрзлай траве на брудныя плахі падталага лёду. Першае радаснае адчуванне, выкліканае ўдалым пачаткам, аднак, хутка міналася, ён ведаў напэўна, што некалькімі кулямётамі справа не абыдзецца, што неўзабаве немцы ўдараць чым-колечы і больш адчувальным. Удараць з мінамётаў, і тады будзе горш. Але пакуль на вышыні магутна грымелі свае разрывы і дробным трэскатам заліваўся ручны кулямёт, хацелася думаць, што ўсё абыдзецца. Яму б яшчэ хвілін дваццаць, за гэты час восьмая пад прыкрыццём артагню, напэўна, дабегла б да бліжняга адростку траншэі. Асабліва калі за яго ўдалося зачапіцца Нагорнаму.