Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Унізе зноў зазумерыў тэлефон, і засяроджаны твар Чарнаручанкі зышоўся на ўвазе. Заклапочаным позіркам тэлефаніст пашукаў камбата: «Вас».

Камбат узяў трубку і, ужо ведаючы, якое пачуе пытанне, сказаў бадай што са злосцю:

— Яшчэ не гатовы. Як буду гатовы, далажу!

— Вы зацягваеце час, вы зрываеце тэрмін атакі! — раздражнена загаварыў камандзір палка. — Што за безабразіе, капітан?!

— Што — тэрмін! Мне нічога не відаць! Артылерысты яшчэ не бачаць вышыню.

— Вочы ім працерці, тваім артылерыстам! — загрымела ў трубцы. — Ужо зусім развіднела, відней не будзе!

— Таварыш дзесяты, трэба пачакаць яшчэ хоць дзесяць хвілін, — спакойна сказаў камбат. — Навошта ж паліць у белы свет, як у капейку. Снарады яшчэ спатрэбяцца.

— Вы проста не гатовы. Вы толькі спіхваеце на артылерыстаў! Вы не арганізавалі атаку! — злосна крычаў камандзір палка, і Валошын адчуў, з якім бы задавальненнем ён таксама перайшоў на крык. Але ён з усяе сілы імкнуўся захаваць спакой і не згубіць вытрымкі, якая сёння яшчэ вельмі яму спатрэбіцца.

— Таварыш дзесяты, сапраўды я не гатовы. Як буду гатоў, далажу.

Ён апусціў клапан і перадаў Чарнаручанку трубку, тут жа спаткаўшы ўстрывожаны позірк маёра.

— Гэта хто? Гэта са штаба дывізіі?

— Гэта са штаба палка, — сказаў Валошын. Маёр, памаўчаўшы, дастаў свой тоўсты старасвецкі гадзіннік на срэбным бліскучым ланцужку.

— Засталося чатыры хвіліны, — сказаў ён трошкі дрыготкім ад хвалявання голасам.

— Трэба пачакаць, — сказаў, азірнуўшыся ад бінокля, Іваноў.— Яшчэ зусім кепска відаць!

Камбат адкінуўся да задняе сценкі траншэі, ён думаў. Вядома, пачынаць артпадрыхтоўку, якая б яна ні была, калі яшчэ не відно вяршыні вышыні, было бязглуздзіцай, але ён ведаў таксама, што любая затрымка з атакай дарма яму не абыдзецца. Ужо Гунько спагоніць з яго як мае быць, адвядзе душу за ўсе апошнія няўдачы палка, асабліва калі да іх дабавіцца яшчэ і няўдача ягонага батальёна. Гэта ўжо пэўна. Тым не менш ён рашыў з цвёрдасцю:

— Пачакаем!

Побач у нямым здзіўленні знерухомеў маёр.

— Як? Вы адкладваеце атаку?

— Адкладваю. На пятнаццаць хвілін.

— Я пратэстую. Вы парушаеце загад. Я буду дакладваць.

— Можаце дакладваць, — спакойна сказаў камбат. — Вы бачыце — цёмна. Куды ж страляць? Камандзір батарэі не бачыць цэляў.

Маёр разгублена глядзеў на яго.

— Але ж загадана ў шэсць трыццаць.

— Загад аддаваўся ноччу, калі было зусім цёмна. Але ж вось не развіднела па загаду.

Ветэрынар збянтэжана змоўк, пярэчыць яму не было чым, але і ігнараваць перанос тэрміну атакі ён таксама не мог і разгублена пазіраў на далонь з пакладзеным на яе гадзіннікам.

Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.

— Скажы, што камбат пайшоў у роты, — сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.

— Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.

— Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.

Валошын узняў бінокль.

— Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростак-вус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.

— Ага, бачу. Учора мае засеклі.

— Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.

— Во яго мы і прыхлопнем, — упэўнена сказаў Іваноў,— У першую чаргу.

— Далей усё па траншэі. Там кулямётаў пяць-шэсць.

Трэба накрыць.

— Паспрабуем.

— Ну і спіраль Бруно. Хоць бы па адным пападанні на роту.

Не адрываючыся ад бінокля, Іваноў скамандаваў тэлефаністу:

— Батарэя, к бою!

— Батарэя, к бою! — як рэха, тэнарам адгукнуўся тэлефаніст і яснымі вачмі з-пад ссунутай на вуха шапкі ўставіўся ўгару на камбата — чакаў новыя яго каманды.

— Па кулямёту… Гранатай, узрывальнік асколачны… Зарад чацвёрты… Рэпер номер першы, лявей ноль сорак. Прыцэл сорак восем. Першаму адзін снарад — зарадзіць!

Тэлефаніст перадаў усё да апошняга слова, некалькі секунд пачакаў і нарэшце ўзняў да камбата ўсё той жа поўны гатоўнасці позірк сініх вачэй.

— Першая гатова! — амаль праспяваў ён.

— Ну што? — запытальна зірнуў на камбата Іваноў.— Я гатовы.

Валошын апусціў бінокль і рашуча працягнуў руку да трубкі. Чарнаручанка зразумеў і папрасіў даць дзесятага.

— Я гатовы! — сказаў камбат, як толькі пачуў у трубцы мікрафоннае шчоўканне клапана.

Камандзір палка са стогнам закрычаў нешта, але камбат, апярэдзіўшы яго, ускінуў левую руку ў напрамку да Гутмана.

— Гутман, ракету!

Гутман быў напагатове і, хруснуўшы курком нямецкай ракетніцы, узняў яе над галавой.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • 155
  • 156
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: