Быкаў Васіль
Шрифт:
Сапраўды, гэта быў Гутман, які хутка ішоў уніз да траншэі, але за ім, адстаючы, варушыўся хтосьці ў паўшубку, і камбат, прыгледзеўшыся да яго, пазнаў нядаўняга свайго правяральшчыка са штадыва.
— Таварыш камбат, вось прадстаўніка дывізіі прывёў,— бадзёра сказаў Гутман, быццам чакаючы пахвалы за сваю ініцыятыву.
Камбат у душы вылаяўся, згледзеўшы, як настырны маёр, сапучы, лезе ў вузкаватую для яго траншэйку.
— Хутка, аднак, вы ходзіце, камбат. Добра, што ваш ардынарац папаўся, — казаў ён як ні ў чым ні было.
14
Па меры таго як бліжэла хвіліна атакі, усё шпарчэй бег час, і Валошын баяўся, што не паспее, запарыцца з паспешлівай сваёй падрыхтоўкай, запарацца камандзіры рот, не паспеюць байцы. Але роты ў свой час атрымалі сняданак, разабралі падвезеныя ім боепрыпасы і цяпер з трывожнай напружанасцю бавілі рэшту гэтай пакутлівай перад атакай гадзіны. Нагорны таксама, здаецца, паспеў. Мінула хвілін дваццаць, як ягоны ўзвод (зрэшты, хутчэй аддзяленне — чатырнаццаць чалавек), ціхенька споўзшы з узмежка, знік у перадранішняй цемры кустоўя, і ўсё там, за балотам, пакуль было ціха. Але што б ні рабіў камбат, чым бы ні займаўся ў сваёй прыбліндажнай траншэйцы, усёй сваёй абвостранай увагай ён быў там, за балотам. Ён вельмі баяўся, што немцы да часу заўважаць байцоў Нагорнага і сарвуць увесь яго план, які ён пакуль што ўтаіў ад камандзіра палка і стараўся ўтаіць ад гэтага датошнага прадстаўніка штаба дывізіі, што лез да яго з пытаннямі, нашто і куды ён пасылае байцоў. Але ішоў час, а перадсвітальная ціша над балотам нічым не парушалася, даючы камбату слабенькі спадзяванак на ўдачу.
Між тым разведчыкі Кізевіча ўсё не вярталіся, і гэта цяжкім каменем ляжала на свядомасці Валошына. Да апошняй хвіліны спадзеючыся на іх паяўленне, ён бавіў час у траншэйцы і не аддаваў загаду. Побач чакалі выкліканыя для таго камандзіры падраздзяленняў, з ракетніцай напагатове ляжаў на тыльным брустверы Гутман, а ён усё марудзіў, услухоўваўся і з усё большаю нецярплівасцю пазіраў у бок дзевятай — ці не ідзе Кізевіч? Але Кізевіч, напэўна, таксама чакаў да апошняй хвіліны, і камсорг Круглоў, які прыткнуўся ззаду на брустверы, зразумеўшы неспакой камбата, сказаў напаўголаса:
— Да, улопаліся, напэўна, вашы разведчыкі.
Напэўна, улопаліся, падумаў камбат, але дзе? Калі там, на пагорку, свае, дык дзе ж яны маглі ўлопацца? Значыць, не свае, мабыць…
Аднак марудзіць далей стала немагчыма, да пачатку артпадрыхтоўкі засталося трыццаць хвілін, неба ўжо болей віднела, ужо добра стаў бачны хмызняк у балоце, і камбат спахапіўся:
— Гутман, бяжыце па камандзіра дзевятай.
Ардынарац сарваўся з бруствера і жвава пабег краем балотца. У траншэі прымоўклі, адчуўшы набліжэнне самага важнага, для чаго сабраліся тут — аддачы баявога загаду, пасля чаго ранак ужо будзе належаць не ім. Пачнецца бой, цяжкі і доўгі, можа быць, на ўвесь дзень да вечара, і для некага з іх гэты дзень, напэўна, стане апошнім у ягоным жыцці. Але кожны з тых, хто стаяў цяпер у траншэі, пераборваў у сабе гэта дрыготкае адчуванне, маскіруючы яго то паспешнай закуркай, кароценькім жартам, пустой, неабавязковай тут рэплікай. Яны былі не навічкі на вайне і ўмелі валодаць сабой нават у такім самотна-гнятлівым чаканні, як гэтыя апошнія перад атакай хвіліны.
Камбат абвёў вачмі прысутных і, не ўбачыўшы камандзіра батарэі, запытаў:
— А дзе капітан Іваноў?
— А вунь бяжыць быццам, — сказаў, азірнуўшыся, Круглоў.
Сапраўды, з пагорка, прыгнуўшыся, спазнела прыбег камандзір батарэі і, шорхаючы палаткай, упаў бокам на бруствер. Два тэлефаністы з цяжкай, толькі што распачатай катушкай цягнулі за ім тэлефонную сувязь.
— Сюды, сюды давайце! — сцішана гукнуў ім капітан і вінавата сказаў прысутным: — Затрымаўся, прашу прабачыць. 3 боепрыпасамі марока. Толькі што прывезлі.
Стоячы на паўабарота, Валошын стрымана кіўнуў галавой. Позірк камбата слізгануў па маўклівай постаці лейтэнанта Муратава і спыніўся на ягоным суседзе Самохіне, які, прыпякаючы пальцы, нервова дакурваў «бычок». Камбат хацеў пра нешта запытаць у лейтэнанта, але па другі бок траншэйкі заварушыўся са сваім пакамечаным блакнотам усё той жа ветэрынар з дывізіі.
— Таварыш камандзір батальёна, прашу адказаць яшчэ на адно пытанне. Як забяспечваецца ў вас падвоз боепрыпасаў?
— Усё, што далі, ужо прывезлі,— сказаў Валошын. — Больш не чакаецца.
— Як гэта?
— Проста. Болей сёння не дадуць. Выдалі ўсё, што было.
— Ах, што было, — зразумеў маёр.
— Таварыш маёр, — сказаў камбат. — Я б вам параіў, пакуль не развіднела, адправіцца на мой КП. А то, як пачнецца, адсюль не выберацеся.
Ветэрынар пакрыўджана ўскінуў крануты шчаціннем, трошкі азызлы за бяссонную ноч твар.
— А я і не маю намеру выбірацца, таварыш камбат. Я прысланы камандзірам дывізіі знаходзіцца тут, пакуль не будзе ўзята вышыня. Я абавязаны ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго загаду.
— Ну як сабе хочаце, — спакойна сказаў камбат, адразу губляючы да маёра цікавасць — у яго была процьма спраў болей важных.
Ён чакаў Кізевіча з Гутманам, але спярша прыбег адзін Гутман, які кінуў камбату: «Няма разведчыкаў», пасля з прыцемак паказаўся камандзір дзевятай. Яго змрочны выгляд красамоўна пацвердзіў невясёлае паведамленне ардынарца, і камбат расчаравана адвярнуўся. Чакаць далей не было магчымасці.
— Таварышы камандзіры!..
У траншэйцы і на брустверы ўсе разам прыціхлі, хаця і так амаль усе маўчалі, спыніўся шорхат палатак аб зямлю, настала важная хвіліна, якая патрабавала засяроджанай увагі ўсіх.